http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=141768

“Палітыка шматкультурнага грамадзтва ў Нямеччыне пацярпела фіяска”

18.10.2010

“Палітыка шматкультурнага грамадзтва ў Нямеччыне пацярпела фіяска” – заявіла ў нядзелю ў Патсдаме канцлерка Ангела Мэркель. Яна заклікала імігрантаў прыкладаць больш намаганьняў для інтэграцыі ў нямецкае грамадзтва: ня толькі выконваць законы, але й вывучаць нямецкую мову. Нягледзячы на вострыя словы Мэркель, Нямеччына ўсё ж ня можа адмовіцца ад імігрантаў.

Па словах Мэркель, спроба пабудаваць шматкультурае грамадзтва ў Нямеччыне “цалкам правалілася”. З падобнай заявай кіраўнік ураду Нямеччыны выступіла на сходзе моладзевай арганізацыі Хрысьціянска-дэмакратычнага саюза, які яна ўзначальвае. Паводле словаў Мэркель, імігранты не жадаюць інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва. У сувязі з чым канцлерка запатрабавала ад іх вучыць нямецкую мову.

А. Мэркель: Тыя, хто хоча стаць часткай нашага грамадства, павінны ня толькі выконваць нашы законы, але й гаварыць на нашай мове.

Разам з тым канцлерка падкрэсьліла неабходнасьць іміграцыі ў Нямеччыну, асабліва кваліфікаваных спэцыялістаў. Паводле яе, штогод на пэнсію сыходзяць 200 тыс. немцаў, што стварае недахоп працоўнай сілы ў краіне.

Паводле разьлікаў Нямецкага інстытута эканамічных дасьледаваньняў, краіне штогод патрабуецца ня менш за паўмільёна мігрантаў. Пачынаючы з 2015 года недахоп працоўных рэсурсаў складзе 3 мільёны чалавек. Без прытоку рабочай сілы з-за мяжы пачне зьніжацца ўзровень жыцьця, узрост выхаду на пэнсію давядзецца павысіць да 70 гадоў.

На сёньняшні дзень у Нямеччыне пражывае 82 млн. чалавек, зь якіх каля 16 млн. маюць міграцыйнае мінулае. Пры тым карэннае насельніцтва Нямеччыны імкліва старэе, а нараджальнасьць сярод імігрантаў значна вышэйшая й з часам павялічваецца.

Дзьмітры Гурневіч