http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=142142

Горадня - горад дзяцінства

23.10.2010

Многія жыхары Польшчы маюць карані ў Беларусі. Нагадайма, да 1939 году Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы й цяпер зьяўляецца гістарычнай радзімай для многіх палякаў. Сярод іх – Пётр Стакуць, нараджэнец Горадні, а сёньня – жыхар гораду Шчацінак у Заходнепаморскім ваяводзтве Польшчы. Са спадаром Пятром мы гутарым пра горад на Нёмане – месца яго дзяцінства.

Вы нарадзіліся ў Горадні. А што Вы адчуваеце цяпер да свайго роднага гораду, столькі гадоў пражыўшы далёка?

П. Стакуць: Я заўсёды памятаю пра свой горад і прытрымліваюся меркаваньня, што дрэва расьце дзякуючы караням, якія бяруць сок з роднай зямлі. Маімі карэньнямі зьяўляеца Горадня, зямля на Нёмане, якая вельмі моцна сядзіць у маёй псыхіцы. Я ў Горадні бываю вельмі часта, і заўсёды, калі іду на мост на Нёмане, гляджу на вадзяную гладзь, хочацца плакаць. Я ўзгадваю моманты, калі мне было 3-5 гадоў, калі я гуляў на беразе Нёмана (мы жылі вельмі блізка каля ракі), і гэтыя вобразы застануцца да канца жыцьця, хоць мне ўжо 70 гадоў. Гэта месца нараджэньня, месца цудоўнага дзяцінства, Нёман, прыгожыя лясы... Зрэшты, мы былі выхаваныя на кнізе “Над Нёманам” Элізы Ажэшкі.

А Вы любіце прыязджаць у Горадню, нягледзячы на тое, што гэта ўжо іншы горад, што ён зьмяніўся з часу Вашага дзяцінства?

П. Стакуць: У Горадню я паехаў упершыню праз 20 гадоў пасьля выезду з гораду, забраў з сабою цётку, каб паказаць месца, дзе мы жылі. Горадня зьмянілася, гэта сучасны горад, горад, які нічым не адрозьніваецца ад іншых эўрапейскіх гарадоў. Я гэта бачу, а ў Горадню прыязджаю ня толькі таму, што я тут нарадзіўся. Тут я пазнаёміўся з многімі цудоўнымі людзьмі, якія сталі маімі сябрамі, да якіх я люблю прыязджаць, а яны прыязджаюць да мяне. У нас вельмі падобныя погляды на жыцьцё, мы ня гонімся за грашамі, мы гонімся за чалавекам, бо для нас галоўнае – гэта міжчалавечыя адносіны. Мой жыцьцёвы дэвіз: “Я жыву сярод людзей, жыву для людзей”. Падобнага дэвізу прытрымліваюцца й мае сябры з Горадні, зь Менска.

А ці ў Вас ёсьць у Горадні любімыя месцы, якія, нягледзячы на час, вайну, зьмену межаў, засталіся такімі ж?

П. Стакуць: Гэта замак караля Баторыя. Дарэчы, далёкая мая сваячка працуе ў ім экскурсаводам. Так што калі я ў Горадні, вельмі часта іду ў замак. Не зьмяніўся таксама фарны касьцёл. Калі ж казаць пра вуліцы, будынкі, стары горад, то гэта ўжо ня тая Горадня, якую я памятаю зь дзяцінства. Хоць сучасны горад мне таксама падабаецца, асабліва камунікацыйныя артэрыі, якія шырокія, падабаецца тое, што Горадня – зялёны горад. У нас у польскіх гарадах гэтага няма.

Перад вайною Горадня была шматнацыянальным горадам – тут пражывалі палякі, беларусы, габрэі. Мне здаецца, што было цікава жыць у шматкультурным асяродзьдзі.

П. Стакуць: Я быў маленькі, так што гэтага добра ня памятаю. Але мне бацькі расказвалі, што побач з намі жылі габрэі, жылі расейцы, беларусы. Сапраўды, гэта быў шматнацыянальны й шматкультурны горад. Мне бацькі казалі, што паміж людзьмі не было канфліктаў, усе жылі мірна, знаходзілі агульную мову. 

Дзякуй за размову.

Зь Пятром Стакуцем размаўляў Валера Саўко.