http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=142367

Весткі культуры

27.10.2010

З 7 па 12 сьнежня на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра опэры й балета пройдзе першы Менскі міжнародны форум опэрнага мастацтва.

На форуме будуць прадстаўлены беларускія спэктаклі, якія лічацца цікавымі, у першую чаргу гэта будуць прэм'еры. На мерапрыемства запрошаныя дырыжоры, якія ўнікальна інтэрпрэтуюць опэрны матэрыял, а таксама выдатныя сьпевакі.

Форум адкрыецца 7 сьнежня опэрай Джузэпэ Вэрдзі „Набука” (дырыжор - Гінтарас Рынкявічус, Летува). 8 сьнежня будзе прадстаўлена опэра „Кармэн” Жоржа Бізэ (дырыжор - заслужаны артыст Расеі Фэлікс Корабаў). 9 сьнежня будзе паказана опэра Джакама Пучыні „Таска”

10 сьнежня Латвійская нацыянальная опэра пакажа спэктакль Джузэпэ Вэрдзі „Травіята”, 11 сьнежня Маскоўскі тэатар „Новая опэра” імя Яўгена Колабава пакажа опэру Джаакіна Расіні „Сібірскі цырульнік”.

Завершыцца опэрны форум 12 сьнежня гала-канцэртам з удзелам зорак сусьветнай опэрнай сцэны й вядучых салістаў беларускай опэры. У ім прымуць удзел Маквала Касрашвілі, Зураб Соткілава, Уладзімір Маторын, Уладзіслаў Сулімскі, Максім Пастэр, Людміла Шамчук, Хорхэ Пэрдыгон. Дырыжаваць будзе галоўны дырыжор Нацыянальнага тэатра опэры й балета, заслужаны артыст Украіны Віктар Плоскі.

паводле БелТА


Фіналісты XVІ Міжнароднага конкурсу імя Фрыдэрыка Шапэна выступяць на канцэртах у Нацыянальнай філярмоніі ў Варшаве. 4 лістапада зайграе адзін з найбольшых талентаў сёлетняга конкурсу й ляўрэат ІІІ узнагароды, расеец Данііл Трыфанаў. 19-гадовага піяніста вельмі высока ацаніла ня толькі журы, але й музычныя крытыкі ды публіка.

Данііл Трыфанаў таксама зьяўляецца ляўрэатам спэцыяльнай узнагароды, прызнаванай Польскім радыё за найлепшае выкананьне мазуркаў.

2 сьнежня ў філярмоніі выступіць ляўрэат ІІ узнагароды, аўстрыец Інгольф Вундэр. Дадаткова ён атрымаў узнагароду рэктара Музычнага ўнівэрсытэту Фрыдэрыка Шапэна за найлепшае выкананьне канцэрту.


У сталічным офісе Беларускага саюза дызайнэраў 25 кастрычніка адкрылася выстава пляката Яфіма Тараса, прысьвечаная 100-годзьдзю з дня нараджэньня мастака.

У экспазыцыі прадстаўлена 17 работ Тараса 1940—1960-х гадоў са збору БСД, які захоўвае багатую калекцыю айчыннага пляката, у тым ліку каля 30 графічных твораў юбіляра. На выставе дэманструюцца плякаты, прысьвечаныя 30-годзьдзю БССР, 40-годзьдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, неўміручасьці вучэньня Леніна, правадыру савецкага народа Іосіфу Сталіну, а таксама выгодам, зьвязаным з захоўваньнем грошай у ашчаднай касе й набыцьцём білетаў грашова-рэчавых лятарэй.

За сваё жыцьцё Яфім Тарас намаляваў больш за 100 плякатаў, аформіў прыкладна столькі ж кніг, стварыў шмат паштовак і гандлёвых марак.

Выстава працуе да 25 лістапада.

Больш за 160 фільмаў, між іншым з Нарвэгіі, Расеі, Вугоршчыны й Чэхіі, возьмуць удзел у 15-ым Форуме эўрапейскага кіно „Cinergia”. Гэта старэйшая імпрэза такога кшталту ў сталіцы польскага кіно – Лодзі. Форум будзе праходзіць у шасьці мясцовых кінатэатрах ад 4 да 12 лістапада.

"Cinergia" – гэта адзіны міжнародны кінафэстываль, цалкам прысьвечаны новаму эўрапейскаму кіно. Траціна фільмаў імпрэзы ніколі да гэтага не прэзэнтавалася ў Польшчы.

У праграме форуму стужкі маладых эўрапейскіх рэжысэраў Бэнта Хамэра з Нарвэгіі, немца Уіма Уэндэрса, італьянца Цінта Браса, чэха Яна Грэбэйка й іншых.

Для ўдзельнікаў і гасьцей фэсту заплянаваная разнастайная культурная праграма. Форум „Cinergia” праходзіць у Лодзі ад 1992 году.

Ямайскі выканаўца рэгі Грэгары Айзекс памёр у сваім доме ў Лёндане ў панядзелак пасьля працяглай хваробы. У 2009 годзе ў Грэгары Айзекса быў выяўлены рак лёгкіх. Пасля гэтага ён цэлы год падарожнічаў па Ямайцы. Летам 2010 года музыка вярнуўся да родных у Лёндан.

Грэгары Айзекс нарадзіўся на Ямайцы 15 ліпеняя 1951. Яго першы альбом выйшаў у 1975 годзе. За ўсю кар'еру музыкі было выпушчана звыш 500 дыскаў, уключаючы розныя зборнікі. Альбом Айзекс Night Nurse 1982 года, запісаны на студыі Боба Марлі Tuff Gong, стаў самым папулярным.