http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=142805

Амэрыканцы ізноў ставяць на рэспубліканцаў

03.11.2010

Амэрыканцы ізноў ставяць на рэспубліканцаў. На губэрнатарскіх выбарах кансэрватары лідыруюць у 26 штатах, а гэта больш за палову. Дэмакратычная партыя – толькі ў васьмі. Такім чынам, партыя ўлады згубіла кантроль над амэрыканскім Кангрэсам.

Па папярэдніх дадзеных, кіроўная Дэмакратычная партыя страчвае большасьць, губляючы 73 месцы з 255 у ніжняй палаце Кангрэсу. Перамога рэспубліканцаў азначае звальненьне з пасады непапулярнага сьпікера ніжняй палаты Нэнсі Пэласі, на зьмену якой прыйдзе, хутчэй за ўсё, цяперашні лідар рэспубліканцаў у Кангрэсе Джон Бэйнэр. Таксама рэспубліканцы зоймуць кіраўніцтва ва ўсіх камітэтах Палаты прадстаўнікоў.

“Перамога кансэрватараў будзе мець важнае значэньне для ўнутранай палітыкі, паколькі амэрыканскі Кангрэс мае вялікія паўнамоцтвы” – кажа экспэрт па міжнародных пытаньнях і нацыянальнай бясьпецы Андрэй Фёдараў.

А. Фёдараў: Кангрэс вельмі моцна ўплывае хаця б тым, што ён выдзяляе грошы. Напрыклад, той жа Акт аб дэмкратыі ў Беларусі фінансуецца рашэньнем Кангрэсу. Ужо практычным увасабленьнем рашэньняў займаецца адміністрацыя, Дзярждэп і г.д.

Не сакрэт, што параза дэмакратаў – гэта вынік назадаволенасьці амэрыканцаў у палітыцы Барака Абамы, працягвае Фёдараў.

Вялікай колькасьці амэрыканцаў не падабаецца ўнутраная палітыка Абамы. Вонкавай палітыкай амэрыканцы мала цікавяцца. Цяжка сказаць, што менавіта паўплывала на незадаволенасьць, але тое, што яна ёсьць, то гэта відавочна.

А як перамога рэспубліканцаў адаб’ецца на палітыцы ЗША адносна Беларусі? Паводле палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, варта спадзявацца пазытыўных зьменаў, паколькі кансэрватары заўсёды былі прынцыповымі адносна “беларускага пытаньня”.

Р. Якаўлеўскі: Рэспубліканцы больш ясна прытрымліваюцца пазыцыі адносна Беларусі. Хаця ў дачыненьні да Лукашэнкі ў Кангрэсе пануе кансэнсус. Думаю, што цяпер палітыка можа быць больш актыўнай.

Рэспубліканцы двойчы мелі большасьць за апошні час, а які гэта дало вынік?

Р. Якаўлеўскі: А якога выніку можна спадзявацца, калі ўсё залежыць ад беларусаў? Амэрыка ня будзе ствараць у Беларусі дэмакратыю. Дапамагчы – так, але замест іх – не.

Нямала галасоў на выбарах сабралі й прадстаўнікі гэтак звнага «Гарбатнага руху», які аб'яднаў шырокі спэктар палітыкаў ад ультракансэрватараў да лібэртарыянцаў пад лёзунгамі адмовы ад «вялікага ўраду», скарачэньня падаткаў і адмены рэформы аховы здароўя, якая пашырае сацыяльныя абавязацельствы бізнэсу перад наёмнымі работнікамі. Амэрыканскія палітолягі мяркуюць, што “Гарбатны рух” можа стаць трэцяй сілаў у ЗША. Актывісты руху зьбіраюцца вылучаць свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах.

Дзьмітры Гурневіч