http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=142956

АЭС контра вугальная электрастанцыя

05.11.2010

Найчасьцей, калі ў Беларусі ці Польшчы гаворыцца аб плянах будовы АЭС, то перад вачамі ўсплывае катастрофа ў Чарнобылі. Экалягічныя арганізацыі пераконваюць аб шкоднасьці АЭС для навакольнага асяродзьдзя й чалавека. Але ці ўсё ж праціўнікі атамных электрастанцыяў з навуковага пункту гледжаньня маюць рацыю?

Некалькі экалягічных рубрык будуць прысьвечаныя тэме АЭС, а дакладней, гаворка пойдзе пра рацыянальныя аргумэнты “за” будову такіх станцыяў. Нашым суразмоўцам будзе польскі фізык Томаш Савіньскі.

Ён пераконвае, што калі адкласьці на бок эмоцыі й заняцца выключна рацыянальнымі аргумэнтамі (напрыклад, лічбамі), то не застанецца сумневаў: адзінай альтэрнатываю для вугальнай энэргіі будзе атамная. І ніводныя крыніцы альтэрнатыўнай энэргіі (ветравой, сонечнай) ня змогуць запэўніць патрэбную колькасьць энэргіі.

Томаш Савіньскі параўноўвае атамную й вугальную электрастанцыі. Спэцыяліст гэта робіць на прыкладзе 2008 году й выкарыстанай цягам яго энэргіі ў польскіх дамах і прадпрыемствах.

Т. Савіньскі: Пры гэтым я не кажу пра энэргію, якая была патрэбная, напрыклад, для абаграваньня. Размова ідзе толькі пра электрычнасьць у польскіх дамах і на прадпрыемствах. Названая лічба амаль нікому нічога ня скажа – 153 тэраватгадзіны энэргіі. Але можна сказаць, колькі патрэбна было вугалю для вытворчасьці такой колькасьці энэргіі. Для гэтага трэба было спаліць 25 мільёнаў тон вугалю. Калі ў адзін вагон зьмяшчаецца каля 30 тон вугалю, то патрэбны быў мільён вагонаў сыравіны. Спачатку яго трэба было здабыць у шахтах, пасьля разьвесьці па ўсёй Польшчы, на што таксама патрэбная энэргія, але мы яе не бярэм пад увагу.

Фізык дадае, што падчас спальваньня гэтай колькасьці вугалю ў атмасфэру трапіла каля 60 мільёнаў тон вуглякіслага газу. Акрамя таго, у паветра выкідваецца шмат небясьпечных таксычных субстанцыяў, якія знаходзяцца ў вугалі, і якія не затрымліваюцца ў фільтрах. Гэта 35 тон таксычнага попелу, які ўплывае на захворваньні лёгкіх. 390 тон аксіду серы, які адказвае за кіслотныя дажджы.

Каб атрымаць такую ж колькасьць энэргіі з атамнай электрастанцыі, патрэбна значна менш паліва.

Т. Савіньскі: Для гэтага патрэбна 28 тон урану, а нагадаю, што ў першым выпадку было 25 мільёнаў тон вугалю. Пры выкарыстаньні ўрану таксама ўзьнікаюць небясьпечныя радыеактыўныя рэчывы. З 28 тон засталося б 70 кубічных мэтраў радыеактыўных адкідаў. Гэта прыблізна столькі адкідаў, колькі зьмесьціцца ў кватэры памерам 30-40 квадратных мэтраў. І вельмі важна, што гэтыя небясьпечныя рэчывы знаходзяцца пад сьціслым кантролем і не трапляюць у атмасфэру.

Над адкідамі з атамнай электрастанцыі вядзецца поўны кантроль. Ці яны стануць небясьпечнымі для навакольнага асяродзьдзя й грамадзтва - залежыць толькі ад людзей. Чаго нельга сказаць пра адкіды з вугальных станцыяў – пераконвае Томаш Савіньскі.

Т. Савіньскі: Гэтых адкідаў менш, яны вельмі небясьпечныя, але найчасьцей іх закапваюць некалькі кілямэтраў пад зямлёю. Законы ў гэтай справе вельмі строгія. Важна ведаць, што радыеактыўнасьць пад зямлёю значна вышэйшая, чым на зямлі. Радыеактыўнасьць ядзерных адкідаў пад зямлёю параўноўваецца да натуральнай радыеактыўнасьці на гэтай глыбіні. У сувязі з гэтым няма боязі, што небясьпечныя рэчывы трапяць, напрыклад, у грунтовыя воды. Няма такой магчымасьці, бо гэта натуральны ўзровень радыеактыўнасьці на такой глыбіні. Мала хто ведае, што калі выйсьці на вуліцу й выкапаць адзін кубамэтар глебы, то там будзе каля 10 грамаў урану.

Фізык адзначае, што ў прыродзе ёсьць натуральная радыеактыўнасьць, якая не ўяўляе сабой небясьпекі, бо чалавек у часе эвалюцыі да яе прызвычаіўся. Томаш Савіньскі кажа, што радыеактыўнасьць становіцца небясьпечнай толькі ад акрэсьленага ўзроўню.

Калі параўноўваць адкіды атамнай і вугальнай станцыяў, то радыеактыўныя адкіды значна больш нябесьпечныя. Аднак іх значна менш і над імі вядзецца поўны кантроль. Пры гэтым даказана, што ў раёнах, дзе працуюць вугальныя станцыі, захворваньняў лёгкіх больш, а сьмяротнасьць па гэтай прычыне значна вышэйшыя, чым у раёнах, дзе такіх станцыяў няма.

Можна таксама параўнаць АЭС і вугальную станцыю з эканамічнага пункту гледжаньня.

Т. Савіньскі: 25 мільёнаў тон вугалю, якія трэба было спаліць, каштавала 5 мільярдаў злотых. У сваю чаргу, каб купіць патрэбную колькасьць урану на свабодным рынку, трэба было б 8 мільёнаў злотых. Кошт атрымліваецца меншы амаль у тысячу разоў. Такім чынам аргумэнты, што энэргія з атамнай электрастанцыі дарагая, зьяўляюцца непаразуменьнем.

Галоўным коштам АЭС зьяўляецца яе збудаваньне. Гэтыя выдаткі акупяцца прыкладна праз 20 гадоў.

Менавіта доўгая пэрспэктыва вяртаньня коштаў збудаваньня атамнай станцыі зьяўляецца адной з прычынаў, чаму палітыкі баяцца прымаць рашэньне аб будове АЭС.

Праз тыдзень Томаш Савіньскі параўнае атамную электрастанцыю з альтэрнатыўнымі крыніцамі энэргіі.

Алена Пытэль