http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=143215

НАВУКА Й ТЭХНІКА

11.11.2010

 

Польскае грамадзтва таўсьцее

Амаль 60% дарослых палякаў пакутуюць ад лішняй вагі, а адна пятая - ад паўнаты. Усё ж навукоўцаў вельмі непакоіць пашырэньне згаданай зьявы сярод дзяцей і моладзьдзі.

Цягам апошніх 30 гадоў у Польшчы колькасьць наймаладзейшых грамадзянаў, якія змагаюцца з празьмернай вагой, павялічылася ў дзесяць разоў. Дзеля параўнаньня, у Злучаных Штатах Амэрыкі - утрая, а ў Швэцыі й Нарвэгіі – зьменшылася.

Дырэктар Інстытуту харчоў і харчаваньня Міраслаў Яраш падкрэсьлівае, што лішняя вага й паўната могуць стаць прычынай узьнікненьня многіх небясьпечных для чалавека хваробаў.

Міраслаў Яраш: Паўната - гэта павышаная рызыка інсульту, інфаркту, злаякасных пухлінаў, а таксама інваліднасьць і вялікія абцяжараньні для бюджэту краіны. Таму дзяржаве аплочваецца інвэставаць у прафіляктыку. Цяпер найлепшы час, каб пачаць эфэктыўна вырашаць згаданую праблему.

Міхал Кот – прадстаўнік дасьледчыцкага інстытуту „Ipsos” - падкрэсьлівае, што палякі не займаюцца спортам, а свабодны ад працы час праводзяць, галоўным чынам, перад тэлевізарам.

Міхал Кот: Свабодны час палякі праводзяць, гледзячы рознага роду тэлевізійныя праграмы. Апрача таго, яны сустракаюцца са знаёмымі, што таксама зьвязанае з малой фізычнай актыўнасьцю. Адзіная фізычная актыўнасьць - гэта шпацыр. Беручы пад увагу вынікі нашых дасьледаваньняў, толькі невялікі адсотак палякаў актыўна займаецца спортам. 

З мэтай актывізацыі палякаў праводзяцца розныя грамадзкія праграмы ды кампаніі. Напрыклад, Фундацыя Банку аховы навакольнага асяродзьдзя рэалізуе праграму „Актыўна па здароўе”, накіраваную да школаў. У сваю чаргу Міністэрства здароўя рэалізуе Нацыянальную праграму падухіленьня лішняй вагі й паўнаты ў 2007-2011 гг.

У ейных рамках выдаюцца даведнікі, брашуры для школаў, якія прадстаўляюць, між іншым, прынцыпы здаровага харчаваньня ці здаровага ладу жыцьця, - паясьняе Кшыштаф Сушэк зь Міністэрства аховы здароўя.

Кшыштаф Сушэк: У рамках згаданай праграмы мы выдаем шмат даведнікаў, брашур ня толькі для дарослых, але перад усім для дзяцей. Ужо зь дзіцячых гадоў хочам вучыць палякаў здароваму спосабу харчаваньня й жыцьця.

- гаварыў Кшыштаф Сушэк зь Міністэрства аховы здароўя.

Нагадаем, рашэньне пра абавязак барацьбы з паўнатой у чальцоўскіх краінах Эўразьвязу прыняла Эўрапейская камісія.

 

Працягваецца суперніцтва між інтэрнэтнымі гігантамі Google і Facebook

Працягваецца суперніцтва паміж гігантамі Інтэрнэту: сацыяльным парталам Facebook ды фірмай інтэрнэтнай галіны Google.

Спрэчка датычыць магчымасьці абмену інтарнэтнымі адрасамі карыстальнікаў абодвух сэрвісаў.

На пачатку тыдня фірма Google вырашыля заблякаваць магчымасьць аўтаматычнага капіраваньня адрасоў са сваёй электроннай пошты - G-mail у партал Facebook. Такім чынам адбылося, паколькі кіраўніцтва Google сьцьвердзіла, што Facebook не адплочвае ўзаемнасьцю, калі гаворка ідзе пра доступ да дадзеных сваіх карыстальнікаў.

У адказ на гэты крок Facebook зьмясьціў на старонках карыстальнікаў адмысловы лінк, дзякуючы якому можна капіраваць свае кантакты спачатку на ўласны кампутар, а пазьней у Facebook.

Ні першы, ні другі бок пакуль не камэнтуе згаданых крокаў. Усё ж экспэрты сьцьвярджаюць, што, відаць, Google – лідар інэтэрнэтных паслугаў, пачынае адчуваць пагрозу з боку Facebooka, які пастаянна разьвіваецца і ўзмацняецца.

Праграмай Facebook карыстаецца ўжо 500 мільёнаў карыстальнікаў і, паводле экспэртаў, яна зьяўляецца адной з найцікавейшых крыніцаў дадзеных для фірмаў, што займаюцца рэклямай.

 

Пара году ды хваробы сэрца

Восеньню й зімою павялічваецца рызыка паяўленьня вострых прыступаў інсультаў і інфарктаў.

Прафэсар Збігнеў Гацёнг з Варшаўскага мэдычнага ўнівэрсытэту паясьняе, што амаль ва ўсіх геаграфічных зонах сьцьверджана, што паніжэньне тэмпэратуры прычыняецца да павелічэньня рызыкі сьмерці ў выніку хваробаў крываноснай сыстэмы.

На думку прафэсара, гэта можа вынікаць з даўжыні дня, а больш дакладна - з экспазыцыі на сонца. Пакуль аднак няма адназначнага адказу на пытаньне, што спалучае абодва факты. Прафэсар Гацёнг паясьняе, што нізкія тэмпэратуры пачынаюць у арганізме чалавека шэраг адаптацыйных мэханізмаў, якія не заўсёды карысныя для ягонага сэрца.

Збігнеў Гацёнг: Напрыклад, у выніку зацісканьня венаў, што павінна ахоўваць чалавека ад страты цяпла, павышаецца крывяны ціск. Шматлікія дасьледаваньні, праведзеныя цягам апошніх гадоў, сьведчаць таксама пра тое, што ў часе восені й зімы арганізм чалавека вытварае менш вітаміну Д. Гэта зьвязана са зьмяншэньнем колькасьці сонечных промняў. Але згаданую думку можна ўспрымаць выключна як рабочую гіпотэзу. 

Намнога большы, чым тэмпэратура, уплыў на нашае здароўе мае таксама лад жыцьця. Таму настолькі важным у прафіляктыцы хваробаў крываноснай сыстэмы зьяўляецца адпаведнае харчаваньне, пазьбяганьне цыгарэтаў і перш за ўсё фізычная актыўнасьць.

Збігнеў Гацёнг: Гэта таксама можа быць рух на сьвежым паветры, тым больш, што цяпер маем шмат магчымасьцяў абараняцца перад некарыснымі ці непрыемнымі аспэктамі дрэннага надвор’я. Зразумела, трэба таксама памятаць, што старыя альбо хворыя людзі павінны абмяжоўваць сваю актыўнасьць, але восень ці зіма - гэта абсалютана не падстава да таго, каб сядзець дома й пазьбягаць холаду.

Навуковец дадаў, што найбольшая сьмяротнасьць фіксуецца раніцою, неўзабаве пасьля таго, як чалавек устане з ложка.

Хваробы крываноснай сыстэмы - гэта найчасьцейшая прычына сьмяротных зыходаў у Польшчы. Больш як палова асобаў памірае ў выніку наступстваў, да якіх прычыніўся артэрыясклероз.


А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org