http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=143243

Тэрытарыяльны абсяг беларускай народнай мовы – 4

11.11.2010

 Пскоўскі дыялект на захадзе мяжуе з латыскай і эстонскай мовамі, а на поўначы й паўночным усходзе – з моваю расейскай. Паўднёвая мяжа гэтага дыялекту з гаворкамі Віцебшчыны й паўночнымі гаворкамі Смаленшчыны невыразная, таму што шмат у іх супольных рысаў – піша на старонках „Запісаў” Ян Станкевіч (Пскоўскі дыялект, у: ,,Запісы”, № 1, Мюнхэн 1962, с. 178-202).

Паводле Маскоўскай дыялекталягічнай камісіі, праходзіць яна прыблізна ўздоўж адміністрацыйнае мяжы былых Пскоўскай і Цьверскай губэрняў з былымі Віцебскай і Смаленскай губэрнямі, крыху на поўнач ад гэтае мяжы (тамсама, с. 178).

Старую мову Пскоўшчыны ў асноўным дасьледавалі: А. Сабалеўскі (А. Соболевский, Псковский говор в XIV веке, Универстетские известия, №1-2, Киев 1884), Н. Карынскі (Н. Каринский, Язык Пскова и его области в XV в., Записки историко-филолгического факультета СПБ университета, 93, 1909) і А. Шахматаў (А. Шахматов, Несколько заметок о языке псковских памятников, Журнал Министерства Народного Просвещения, июль, 105).

А. Сабалеўскі, разгледзеўшы мову пскоўскіх рукапісаў: 8 з XІV ст. і аднаго з 1409 г. прыйшоў да высновы, што пскоўская гаворка ў XІV ст. адрозьнівалася ад усіх расейскіх гаворак таго часу такімі рысамі, як: частай заменай гукаў ж і з, ш і с ды пераходам е ў а нават у націскным становішчы. Зь беларускімі гаворкамі (у Сабалеўскага з „западно-русскими”) у пскоўскага дыялекту былі такія супольныя рысы, як: замена ненаціскнога о гукам а, а ненаціскнога еі ды пачатак выкарыстаньня цьвёрдага р замест мяккага. Апрача гэтага назіраліся такія зьявы, як: пераход в у у, канчатак ў месным склоне асабовых назоўнікаў мужчынскага роду адзіночанага ліку, поўнае зьмяшаньне яць і е (Ян Станкевіч, Пскоўскі дыялект, тамсама, с. 179).

Н. Карынскі, апісаўшы 7 пскоўскіх памяткаў XV ст., 8 – XІV-XV стст., 1 – XVІ ст. і 1 – XVІІ ст., заўважыў, што дасьледаваны ім пскоўскі дыялект XV ст. арозьніваецца ад дасьледаванага А. Сабалеўскім таго ж пскоўскага дыялекту XІV ст., між іншым, такімі рысамі, як: зьліцьцё гуку е з гукам і ў ненаціскных складах, зацьвярдзелае р, замена в гукам у ды ф гукам х (тамсама).

Па словах Я. Станкевіча, вынікае гэта не з калянізацыі беларусамі паўночных земляў, – як цьвердзіць Н. Карынскі – але з таго простага факту, што, як палачане й смальняне, гэтак і псковічы былі крывічамі.

Не пагадзіўся з Н. Карынскім і А. Шахматаў, які адзначыў, што, – насуперак Н. Карынскаму – ён схільны пскоўска-беларускія сувязі лічыць спрадвечнымі.

Калі зьвярнуцца да беларускіх памяткаў XІV ст., дык у іх таксама можна назіраць тыя ж рысы, што і ў пскоўскіх. Прыклады гэтага можна знайсьці ў працы Беларусы Я. Карскага.

Пра нацыянальную прыналежнасьць сёньняшняга пскоўскага дыялекту пісаў К. Ярапольскі (К. Иеропольский, Говор деревни Савкино Пушкинского района Псковского округа, ИРЯС, ІІІ-2, 1930). На яго думку, аналізаваныя рысы гаворак Пскоўшчыны не даюць падставаў залічаць гэты дыялект да паўночнарасейскіх. Бліжэйшы ён да беларускіх гаворак, што заўважыў Пётар Бузук у сваёй працы Да характарыстыкі паўночна-беларускіх дыялектаў. Гутаркі Невельскага й Вяліскага паветаў (Ян Станкевіч, Пскоўскі дыялект, тамсама, с. 183).

Таму дзіўна, – піша Ян Станкевіч – што Маскоўская дыялекталягічная камісія не ўзяла пад увагу русыфікацыі пскоўскага дыялекту цягам многіх стагодзьдзяў і ўважае яго за пераходны з паўночнарасейскай асновай і беларускімі напластаваньнямі, ды пры гэтым паклікаецца ня толькі на Н. Карынскага, але й на А. Шахматава.

Ніна Баршчэўская