Нарвэгі ня хочуць, каб іх краіна далучылася да Эўразьвязу. Паводле новага сацыялягічнага дасьледаваньня, ажно 62% грамадзян краіны выступаюць супраць. У апошнія месяцы колькасьць праціўнікаў Эўразьвязу павялічылася на 10%. На столькі ж зьменшылася колькасьць яго прыхільнікаў. У дадзеным моманце далучэньне да эўрапейскай супольнасьці падтрымліваюць 24% нарвэгаў.
Паводле камэнтатараў, найбольш ЭЗ пашкодзіў фінансавы крызыс. Акрамя таго, Нарвэгія належыць да Эўрапейскай эканамічнай прасторы, што дае ёй амаль такія ж самыя правы як краінам-чальцам ЭЗ. Пры гэтым Нарвэгію не датычыць шэраг абмежаваньняў, якія ўводзіць Эўразьвяз, напрыклад, ліміты на лоўлю рыбы.
У сваю чаргу частка экспэртаў мяркуе, што калі Ісьляндыя далучыцца да ЭЗ, а Данія й Швэцыя прымуць эўра, то Нарвэгія таксама будзе вымушаная ўступіць у супольнасьць. Нягледзячы на свае багацьці ды крыніцы нафты й газу, яна ня зможа заставацца самотнай на поўначы Эўропы, зазначаюць аналітыкі.