http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=143394

Запрашаем у Польшчу: Качавы

13.11.2010

Сёньня, шаноўныя слухачы, мы запрашаем Вас у далейшае падарожжа па гарах ды ўзвышшах Качаваў. На гэты раз мы Вас пазнаёмім зь цікавымі культурнымі ды гістарычнымі аб'ектамі гэтага рэгіёну.

Першы аб’ект – Касьцёл супакою ў Явары, які лічыцца жамчужынай архітэктуры ў Ніжняй Сілезіі. Гэта лютэранская царква Сьвятога духа зь сямнаццатага стагодзьдзя была ўнесена ў 2002 годзе ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Пабудаваны выключна з дрэва, саломы й гліны – так загадаў  імпэратар Фэрдынанда ІІІ - будынак павінен быў быць нетрывалым. Ён быў адмыслова пабудаваны з матэрыялу, які выкарыстоўваецца пры будоўлі сьвірнаў ды хлявоў. Гэтым Габсбургі хацелі падкрэсьліць сваё грэблівае стаўленьне да поглядаў Марціна Лютэра. Аднак касьцёл стаіць па сёньняшні дзень і за яго нязграбным зьнешнім выглядам хаваецца надзвычайная калярыстыка ды формы ўнутранага аздабленьня, выканананыя ў стылі барока.

Другі аб’ект – гэта касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля й Кацярыны Александрыйскай  з трынаццатага стагодзьдзя позьнераманскага стылю - гэта яшчэ адна жамчужына архітэктуры ў Ніжняй Сілезіі. Будынак захаваў свой старадаўні стыль ды гатычную вежу. Падчас кансэрватарскіх прац тут было зроблена незвычайнае адкрыцьцё – на сьценах апсіды вучоныя адкрылі ажно пяць слаёй насьценных росьпісаў! Настарэйшы пласт – гэта ўнікальная зьява ў маштабе ўсяе Эўропы, фрэскі з трынаццатага стагодзьдзя, якія прадстаўляюць жывёл і Дрэва Жыцьця. Сёньня касьцёл зьяўляецца музэйным аб'ектам.

На Качаўскім узвышшы можна наведаць тры цікавыя замкі. Па-першае, замак у Гродзецу з дванаццатага стагодзьдзя! За такі доўгі час замак неаднаразова перабудоўваўся, але захаваў свой калярыт. Таму ў 30-х гадох дзевятнаццатага стагодзьдзя ён стаў першым гістарычным будынкам у Эўропе, які адаптавалі для турыстычных мэтаў. Па-другое, гэта разваліны замку Болькаў, якія лічацца адным з найстарэйшых і найцікавейшых абаронных аб’ектаў у Польшчы. Ключавым элемэнтам абароны крэпасьці была вежа ў форме сьлязы, аналягаў якой няма ў цэлай Польшчы. З гэтай магутнай вежы замку адчыняецца ашаламляльны краявід: прыгожы пэйзаж Качаўскіх гораў ды ўзвышшаў. Іншай цікавай інфарамцыяй зьяўляецца плётка, што тут, верагодна, быў схаваны "Бурштынавы пакой" і мноства іншых скарбаў! Сапраўды, варта сюды прыехаць! Апошні з Качаўскіх замкаў - замак Сьвіны – знаходзіцца ўсяго ў 3 км ад Болькава.

Нашу экскурсію па Качавах прапануем завершыць у Дабкове ў Экамузэі рамёстваў, дзе дзейнічаюць ажно чатыры керамічныя майстэрні. Вы можаце тут набыць кераміку ў камэральных прысядзібных галерэях альбо самі нешта стварыць!

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч