Зь сёньняшняга дня ў Польшчы пашыраецца сьпіс месцаў, дзе забараняецца курыць. Рэстараны, дыскатэкі, клюбы, школы, ВНУ, а таксама іншыя грамадзкія месцы накшталт паркаў, пляжаў ды аўтобусных прыпынкаў аб'яўлены зонамі, свабоднымі ад тытунёвага дыму. У рэстаранах дазволена курыць толькі пры наяўнасьці двух заляў, прычым адна зь іх павінна быць шчыльна зачыненай і мець вэнтыляцыю.
Гэтай тэмай я заняўся нездарма, паколькі зьяўляюся адзіным у рэдакцыі журналістам-курцом. Ужо некалькі гадоў на Польскім радыё ў будынку нельга курыць, і час ад часу прыходзіцца выходзіць на вуліцу, каб зацягнуцца дымком, нягледзячы на атмасфэрныя ўмовы.
Зь сёньняшняга дня ў Польшчы ня можна курыць практычна нідзе, нават у службовым аўтамабілі. Акрамя таго, забараняецца продаж цыгарэт у пачках, якія ўтрымліваюць менш за 20 штук, ды паштучна. Разам з увядзеньнем абмежаваньня курэньня ўводзяцца новыя штрафы за парушэньне закону. Так, за адсутнасьць інфармуючага аб забароне курэньня знака ў рэстаране яго ўладальнік будзе пакараны штрафам у памеры 2 тыс. злотых (больш за 500 эўра). А курцу, які зацягнецца дымам у забароненым месцы, пагражае штраф у памеры 500 злотых (больш за 125 эўра).
За выкананьнем новага закону будуць сачыць службы правапарадку. Кожны сыгнал аб парушэньні забароны, які паступіць ад грамадзян, будзе правераны паліцыяй, гаворыць прэс-афіцэр Кшыштаф Хайдас з Галоўнай камэндатуры паліцыі.
К.Хайдас: Калі паступіць званок, патруль паліцыі накіруецца на месца для высьвятленьня справы. У выпадку парушэньня закону віноўны будзе пакараны штрафам альбо атрымае вуснае папярэджаньне.
Многія рэстаратары ды ўладальнікі клюбаў і бараў баяцца, што забарона курэньня прывядзе да адтоку кліентаў-курцоў. Гэты аргумэнт абвяргаюць актывісты-барацьбіты са згубнай прывычкай. Паводле іх, у месцах вячэрняга адпачынку ў Парыжы, Лёндане ці Нью-Ёрку, дзе забарона дзейнічае даўно, у клюбах ці рэстаранах кліентаў менш ня стала. Пры гэтым грамадзкія дзеячы нагадваюць, што ў некаторых польскіх клюбах вечарам было так накурана, што ўзровень забруджаньня паветра тытунёвым дымам перавышаў нормы ажно ў 260 разоў.
Адзін з рэстаратараў ужо некалькі гадоў таму забараніў курыць у сваім рэстаране ў Старым горадзе Варшавы, стаўшы піянерам у гэтай галіне.
Рэстаратар: Некалькі гадоў таму ў Старым горадзе Варшавы ня было ані аднаго рэстарана, дзе нельга было курыць. І я стаў першапраходцам... Крыху баяўся, што зьменшыцца колькасьць кліентаў, але так ня здарылася. Было некалькі незадаволеных кліентаў, але цяпер яны да нас таксама прыходзяць.
Сярод курцоў жа ёсьць частка, якія сьцьвярджаюць, што гэта ня толькі згубнае прызвычаеньне, але й стыль жыцьця. Ужо многа дзесяцігодзьядзяў курыць польская паэтка Віслава Шымборска, і кідаць курыць не зьбіраецца, нягледзячы на даволі пажылы ўзрост. Цыгарэты з рук амаль не выпускае вядомая польская акторка Бэата Тышкевіч, а адным з найбольш вядомых курцоў у сьвеце зьяўляецца амэрыканскі актор Брэд Піт. У сваю чаргу міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў меў прэтэнзіі да кіраўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за тое, што ў штаб-кватэры ў Нью-Ёрку немагчыма выкурыць цыгарэту. Дарэчы, у польскім інтэрнэце можна знайсьці цікавы здымак, зроблены фатографам падчас візыту кіраўніка расейкай дыпляматыі ў Варшаве. На здымку бачна, як Лаўроў зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім стаяць на бальконе палацу, аб нечым размаўляюць, а Лаўроў трымае ў руцэ цыгарэту.
Вядомым заядлым курыльшчыкам у Беларусі зьяўляецца філёсаф Валянцін Акудовіч. Дарэчы, калі я пачаў зь ім гутарку, ён, было чуваць, закурыў цыгарэту і, пускаючы дымок, распавёў сваю гісторыю, зьвязаную з прывычкай.
В. Акудовіч: Я закурыў на выпускным вечары ў школе, бо даведаўся, што дзяўчына, якую я кахаў, паедзе зусім далёка, у іншыя краі. Я вельмі шмат куру, я ведаю, што гэта нядобра, але пакуль без курэньня я не магу ўявіць сабе штодзённае жыцьцё – зранку да глыбокай ночы. Гэта частка мяне самога, амаль што як маё дыханьне – частка мяне, маёй фізіялёгіі, гэтак і курэньне – натуральная частка мяне. Калі раптам, што вельці цяжка ўявіць сабе, я пазбаўлюся ад гэтай згубнай прывычкі, то я буду ўжо іншы. А сапраўдны, які я ёсьць, я з цыгарэтай у руцэ.
І на заканчэньне – асабістая гісторыя. Кінуць курыць я зьбіраюся, толькі ня ведаю, калі. Добрым спадарожнікам у працэсе кіданьня курэньня зьяўляецца страх: ужо раз мяне напалохаў оталярынголяг, але хіба заслаба. Вось, бліжэйшымі днямі, чарговы візыт у паліклініцы, магчыма, перапужае не на жарты, і сваю прыгожую папяросьніцу ды глямурную запальнічку прыйдзецца схаваць у шуфляду з дробязямі.
Валера Саўко