http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=143639

Як захоўваць энэргію?

19.11.2010

Экалягічная рубрыка. Апошнія дзьве перадачы былі прысьвечаныя параўнаньню АЭС з вугальнай станцыяй ды аднаўляльнымі крыніцамі энэргіі. Наш госьць, фізык Томаш Савіньскі пераконвае, што атамная энэргетыка зьяўляецца найбольш экалягічнай і таннай.

Размаўляючы пра альтэрнатыўныя крыніцы – сонца, вецер, электрастанцыі на біямасу – мы казалі аб плюсах і мінусах. Пры гэтым высьветлілася, што адной з асноўных праблем пры аднаўляльных крыніцах энэргіі зьяўляецца складаваньне й яе захоўваньне.

Томаш Савіньскі зазначае, што гэта вялікая праблема, якую экалягічныя арганізацыі й праціўнікі атамнай энэргетыкі ўвогуле не бяруць пад увагу.

Т. Савіньскі: Трэба разумець, што ўсе альтэрнатыўныя крыніцы даюць энэргію толькі тады, калі гэта дазваляе прырода. Вецер дзьме ў акрэсьленыя пэрыяды, а вятрак дае энэргію незалежна ад таго, ці яна нам патрэбная. І зразумела, што трэба яе дзесьці захоўваць на горшыя часы, калі вятрак ня будзе круціцца. Падобным чынам сытуацыя выглядае з сонечнай энэргіяй, бо сонца сьвеціць толькі днём. Таму галоўная праблема пры аднаўляльных крыніцах энэргіі палягае на тым, каб атрымліваць энэргію, калі гэта магчыма, а выкарыстоўваць, калі гэта трэба. Такой праблемы няма пры сыравіне – вугалі, газе ці ўране. Гэта сыравіна, у якой знаходзіцца энэргія, а мы яе вызваляем, калі ёсьць такая неабходнасьць.

Томаш Савіньскі падкрэсьлівае, што захоўваньне энэргіі зьяўляецца невырашанай да гэтага часу праблемай, асабліва ў выпадку аднаўляльных крыніц. Запатрабаваньне на энэргію цягам сутак рознае, а электрастанцыі працуюць 24 гадзіны ў аднолькавым рэжыме. Вугальныя электрастанцыі могуць справіцца толькі з 1% нявыкарыстанай энэргіі. Для гэтага будуюцца агромністыя водныя рэзэрвуары.

Т. Савіньскі: Яны называюцца высокаціскавымі помпамі. Калі ў іх зашмат энэргіі, то ў іх запампоўваецца вада, а калі энэргіі не хапае, то ваду спускаюць і такім чынам атрымліваюць гэтую энэргію назад. Гэта агромныя рэзэрвуары, у якіх насамрэч магчыма рэгуляцыя на ўзроўні толькі 1%. Няма магчымасьці, каб складаваць усю патрэбную колькасьць энэргіі, а потым яе выкарыстоўваць. Гэта невыканальна, бо гэта вельмі дарагі працэс, а электрастанцыі ня хочуць выкарыстоўваць такую магчымасьць.

Традыцыйныя электрастанцыі аднак знайшлі пэўны спосаб вырашэньня праблемы. Яны аддаюць перавагу мінімальнаму недахопу энэргіі, якую можна купіць на суседняй электрастанцыі, дзе энэргіі зашмат. Паміж электрастанцыямі ёсьць сетка спалучэньняў, чаго ня маюць аднаўляльныя крыніцы энэргіі. У выніку ім яшчэ больш складана захоўваць энэргію.

Але пяройдзем да канкрэтнага прыкладу.

Т. Савіньскі: Колькі трэба заплаціць за электрычнасьць, каб закіпяціць шклянку вады? Патрэбна 1 грош – вельмі мала. Але калі падумаць, колькі трэба было б для гэтай мэты батарэек-«пальчыкаў», то аказалася б, што каля 20. Батарэйкі ў Польшчы дастаткова дарагія. Найтаньнейшы «пальчык» каштуе каля 1,5 злотых. Выходзіць, што кошт закіпячэньня шклянкі вады такім жа самым токам як у разетцы, толькі раней захаваным у батарэйцы, склаў бы каля 20 злотых. Гэта ў 20 тысяч разоў даражэй, чым энэргія наўпрост з электрастанцыі.

Адкуль бярэцца такая розьніца? Фізык тлумачыць, што вытворца павінен вельмі шмат заплаціць, каб гэтую энэргію зьмясьціць у батарэйцы. Каб частку току зьмясьціць у батарэйцы, патрэбна значна большая колькасьць энэргіі для самога працэсу.

Т. Савіньскі: Як бачна, такое захоўваньне энэргіі надзвычай дарагое, і з гэтага бярэцца розьніца ў 20 тысяч разоў. Калі падумаць, што трэба стварыць агромныя батарэйкі, якія будуць захоўваць сонечную энэргію, то бачна, на чым палягае праблема. Такія батарэйкі павінны быць дасканалымі, яны ня могуць быць аднаразовымі, а шматразовыя акамулятары яшчэ ў некалькі разоў даражэйшыя. І гэта - асноўная праблема пры атрыманьні энэргіі з аднаўляльных крыніц.

У выпадку вугальных, газавых ці атамных электрастанцыяў гэтая энэргія ўжо знаходзіцца ў сыравіне – газе, вугалі ці ўране, якую можна выкарыстоўваць у патрэбным нам моманце.

Праз тыдзень Томаш Савіньскі прадставіць мінусы атамнай электрастанцыі, бо вядома, што ідэальных рэчаў у сьвеце вельмі мала.

Гутарыла Алена Пытэль