Сусьветныя гіганты навукі
Злучаныя Штаты Амэрыкі надалей зьяўляюцца навуковым лідарам сьвету, але эўрапейскія ці азіяцкія краіны паступова даганяюць амэрыканцаў таксама ў гэтай галіне, – такім чынам сьведчыць найноўшы рапарт прэс-агенцтва „Thomson Reuters”.
У амэрыканцаў найлепшыя ўнівэрсытэту й найбольш сродкаў на навуковыя дасьледаваньні – амаль 3% нацыянальных даходаў, гэта намнога больш, чым у іншых краінах.
У Амэрыцы найбольшая ўвага зьвяртаецца на дасьледаваньні галіны мэдыцыны й біялёгіі, а гэта азначае, што, напрыклад, тэхнічныя навукі, фізыка, хімія ці геалёгія адкрытыя на канкурэнтнасьць навукоўцаў зь іншых рэгіёнаў сьвету.
Тым ня менш аўтары рапарту заўважаюць, што за апошнія 30 гадоў пазыцыя ЗША выразна зьменшылася. Не адстаюць навукоўцы з Эўразьвязу, а таксама з новых чальцоўскія краінаў эўрапейскай супольнасьці ці Азіі.
Дарэчы, пасьля Амэрыкі другой краінай, дзе публікуецца найбольш навуковых працаў, зьяўляецца Кітай.
Кітайцы пачысьцілі плаціну “Тры цясьніны”
Цягам 6-і дзён працы ў раёне плаціны "Тры цясьніны” былі сабраныя 3 800 тонаў сьмецьця.
Плаціне, пабудаванай на рацэ Янцзы ў правінцыі Хубэй у цэнтральным Кітаі, ужо нейкі час пагражала вялізная колькасьць рознага сьмецьця, таму напрыканцы жніўня мясцовыя ўлады аб'явілі пра плян ачышчэньня вадасховішча.
Ад 26 кастрычніка каля ста рабочых на 15 самаходных баржах прыбіралі вадасховішча ад сьмецьця. Вышэй узроўню плаціны жыве больш за 150 мільёнаў чалавек, а ў многіх мясцовасьцях, якія ня маюць санітарных сыстэмаў, адкіды выкідваюцца проста ў раку.
Таму кожны год дзеля ачышчэньня вадасховішча ўлады выдаткоўваюць каля 1,5 мільёна даляраў.
Плаціна была пабудаваная за 22 мільярды даляраў, яе вышыня - 185 мэтраў. Аб'ём створанага дзякуючы ёй вадасховішча складае каля 39 мільярдаў кубічных мэтраў вады. Гэта найбуйнейшая ў сьвеце такога тыпу канструкцыя.
Магутны вонкавы сэрвэр замест цьвёрдага дыска?
Неўзабаве дзеля доступу да сабранай намі інфармацыі ня будзе патрэбны ані цьвёрды дыск, ані нават кампутар - лічаць навукоўцы, якія ўсё часьцей гавораць пра гэтак званую „пераапрацоўку дадзеных у хмарах”.
Ідэя простая - гаворка ідзе пра перанясеньне дадзеных зь цьвёрдага дыску на магутны вонкавы сэрвэр фірмы, якая будзе прапанаваць паслугі па захоўваньні інфармацыі. Такім чынам можна будзе атрымаць доступ да электроннай пошты, дакумэнтаў, здымкаў ці музыкі з кожнга кампутара ў сьвеце, зразумела, пры ўмове наладжаньня сувязі па Інтэрнэце.
Менавіта гэтаму павінна служыць новая праграма фірму Microsoft – Office 365. Тэставая вэрсія праграмы ўжо даступна ў некалькіх краінах. Сама праграма паявіцца на рынку паслугаў у будучым годзе.
На думку экспэртаў, незалежна ад таго, якая зь фірмаў - Microsoft ці адзін зь ейных супернікаў - заваюе рынак паслугаў, „пераапрацоўка дадзеных у хмарах” будзе станавіцца ўсё больш папулярнай.
Забарона курэньня ды здароўе чалавека
На думнку экспэртаў, забарона курэньня ў месцах грамадзкага карыстаньня, уведзеная ў многіх краінах, прыносіць выдатныя вынікі.
Паводле навукоўцаў, яны найбольш відавочныя на прыкладзе хваробаў сэрца. Дадзеныя, якія паступаюць з розных краінаў, адрозьніваюцца, але на прыкладзе Вялікабрытаніі лекары пераконваюць, што забарона курэньня апраўдала іх спадзяваньні.
„Пасьля году ад ейнага ўвядзеньня колькасьць пацыяентаў, шпіталізаваных у выніку сардэчнага прыступу, зьменшылася ў згаданай краіне на амаль 2,5% - гэта на 1200 выпадкаў у год,” – пераконвае аўтарка дасьледваньняў доктар Сара Джылмоўр.
Паводле дасьледаваньняў, адсутнасьць тытунёвага дыму ў барах, рэстаранах ці будынках грамадзкага карыстаньня прычынілася да зьмяншэньня колькасьці сардэчных прыступаў у некаторых месцах Эўропы ці ЗША нават на адну трэцюю.
Забарона ахоўвае пасіўных курцоў, напрыклад, працаўнікоў бараў ці рэстаўранаў. Адначасова інтэнсіўныя грамадзкія кампаніі пераканалі кінуць курыць сотні тысячаў людзей. Таксама эканамісты згаджаюцца, што зьмяншэньне хваробаў сэрца - гэта значная ашчаднасьць для службы аховы здароўя.
Цягам апошніх гадоў забарона курэньня ўведзеная ў шматлікіх краінах Эўропы, у ЗША, Канадзе й Аўстраліі, а таксама ў многіх краінах Азіі й Афрыкі. А нядаўна - у Грэцыі й Гішпаніі.
А.З.
Здымкі: pl.wikipedia.org