http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=143736

Антыбіётык - гэта не вітамінка

18.11.2010

"На прастуду й грып найлепшыя антыбіётыкі”… Такое стэрэатыпнае меркаваньне доўгі час існавала ў грамадзтве. Даволі доўга антыбіётыкі лічыліся ўнівэрсальнымі лекамі на ўсе захворваньні, зьвязаныя з запаленьнем ці інфэкцыяй.

У некаторых выпадках неадпавенае лячэньне спрычынілася да неадваротных наступстваў у людзкім арганізьме. У найлепшым выпадку, калі можна так сказаць, неадпаведнае лячэньне антыбіётыкамі можа закончыцца вострымі алергічнымі рэакцыямі, альбо арганізам набудзе ўстойлівасьць на дзеяньне антыбіётыкаў. У найгоршым выпадку можа дайсьці да сьмяротнага зыходу. Тэма антыбіётыкаў закранаецца невыпадкова, паколькі сёньня адзначаецца Эўрапейскі дзень ведаў пра антыбіётыкі.

Спэцыялісты б'юць трывогу, што ўсё часьцей шмат асобаў памірае не ад рака ці хранічных захворваньняў, а ад недахопу антыбіётыкаў, якія могуць дапамагчы людзкому арганізму змагацца з захворваньнямі.

Польскі галоўны кансультант у галіне мікрабіялёгіі, прафэсар Валерыя Грыневіч зазначае, што даволі часта самыя лекары выпісваюць хворым неадпаведныя лекі. Пацыенты атрымліваюць антыбіётыкі на кожную прастуду й вірусную інфэкцыю.

Валерыя Грыневіч: Сапраўды, даволі часта лекар выпісвае антыбіётык без усялякіх падставаў, бо пацыент думае, што калі прыме антыбіётык, то хутчэй устане на ногі. А пры вірусных інфэкцыях гэта не спрацоўвае.

Спэцыялістка дадае, што даволі часта самі пацыенты не выконваюць мэдычных рэкамэндацыяў і прымаюць лекі неадпаведным чынам.

Валерыя Грыневіч: Пацыенты мяняюць дозы, скарачаюць тэрмін лячэньня. Калі пачуюць сябе лепей, перастаюць прымаць лек. Калі чарговы раз захварэюць альбо захварэе нехта зь іх сям’і, даюць ім гэты лек без кансультацыяў, а часам і без такой неабходнасьці.

З дасьледаваньняў, праведзеных у Злучаных Штатах Амэрыкі, вынікае, што ўсё часьцей здараюцца сытуацыі, калі людзі паміраюць у выніку недахопу адпаведных антыбіётыкаў, якія могуць вылячыць інфэкцыю.

Даволі часта здараецца так, што ў выпадку, калі арганізам не рэагуе на антыбіётык, лекар выпісвае наступны. А празьмернае прыманьне антыбіётыкаў спрычыняеца да таго, што арганізм робіцца больш устойлівым на лекі. Больш за тое – гэта выклікае заражэньні рознымі мікраарганізмамі.

Валерыя Грыневіч: Празьмернае прымяненьне антыбіётыкаў зафіксавана ва ўсіх галінах нашага жыцьця, ня толькі ў мэдыцыне й вэтэрынарыі, але і ў жывёлагадоўлі, а нават пры вырошчваньні расьлінаў.

У Эўрапейскі дзень ведаў пра антыбіётыкі ў СМІ даволі шмат увагі прысьвячаецца праблеме неадпаведнага выкарыстаньня лекаў. Але гэтая праблема існуе ўвесь час, а грамадзтва не заўсёды пра гэта памятае. У кожным доме знойдзецца каробачка з гэтага роду лекамі. А варта памятаць, што самастойнае прыняцьцё лекаў можа несьці трагічныя наступствы. Нягледзячы на гэтак званыя  ўсеагульныя веды, антыбіётыкі не дапамагаюць у барацьбе зь вірусамі, а гэтым самым ня лечаць прастуды, грыпу, запаленьня горла ці бранхіту.

Іх неадпаведнае выкарыстаньне можа стаць прычынай таго, што ў будучыні яны цалкам страцяць свае лячэбныя ўласьцівасьці, перасьцерагае эпідэміёляг доктар Гжэгаж Худзік.

Гжэгаж Худзік: У Польшчы антыбіётыкі ўваходзяць у групу празьмерна часта спажываных лекаў. На жаль, хуткім тэмпам расьце ўстойлівасьць арганізму на антыбіётыкі й пачынае не хапаць антыбіётыкаў, якія яшчэ могуць узьдзейнічаць на хваробу. Празь некалькі дзясяткаў гадоў члавек будзе мець настолькі зьмененую бактэрыйную флёру, што ня будзе чым лячыць пацыентаў. Пра гэта трэба памятаць, каб не пакінуць нашым нашчадкам такой сумнай спадчыны.

І на заканчэньне яшчэ адна думка пад разважаньне. У шматлікіх краінах, у тым ліку і ў Польшчы, антыбіётыкі занесеныя ў групу лекаў, якія ў аптэцы можна набыць выключна па рэцэпце, выпісаным лекарам. А вось у Беларусі антыбіётыкі можна набыць у аптэцы ў свабодным продажы - якія хочаш і колькі хочаш. Шаноўнае спадарства, не займайцеся самалячэньнем, беражыце здароўе!

Караліна Русіновіч