http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=143751

Уінстан Чэрчыль – палітык contra палітыка

17.11.2010

 

Уінстан Чэрчыль напэўна ўвайшоў у гісторыю першай паловы ХХ стагодзьдзя як выбітны палітык Вялікабрытаніі, Эўропы й сьвету. У 2002 годзе, паводле апытаньня ангельскай тэлекампаніі Бі-бі-сі, Чэрчыль быў названы найбольш выбітным палітыкам у гісторыі Англіі.

Ён быў чалавекам, які напэўна ведаў чым ёсьць палітыка сама па сабе, яе філясофію, а таксама хто такі палітык. Чэрчыль любіў казаць, “палітык павінен быць здольным прадказваць, што адбудзецца заўтра, праз тыдзень, празь месяц і праз год. А потым патлумачыць, чаму гэтага не адбылося”.  Ён быў адным з тых палітыкаў, які прадказаў магчымасьць гітлераўскай агрэсіі й быў прыхільнікам жорсткага падыходу да Германіі яшчэ ў пэрыяд, калі Гітлер толькі прыйшоў да ўлады.

Як у фашызме, так і ў камунізме Чэрчыль бачыў вялікую небясьпеку для чалавецтва. Для яго дэмакратыя была галоўнай палітычнай каштоўнасьцю. Дэмактратыя, па словах Чэрчыля, была найбольш недасканалай формай кіраваньня, але ў параўнаньні з усімі астатнімі – найлепшай.

 Уінстан Чэрчыль паходзіў са старажытнага арыстакратычнага роду герцагаў Мальбара. Нарадзіўся ён  у 1874 годзе. Бацька Чэрчыля быў вядомым палітыкам, дэпутатам Палаты абшчынаў ад Кансэрватыўнай партыі й займаў пасаду Канцлера скарбу.

Вучыўся будучы прэм’ер-міністар вельмі кепска. У школе за кепскія паводзіны Ўінстана часта наказвалі – у тыя часы практыкаваліся цялесныя пакараньні.

Пасьля заканьчэньня Каралеўскага вайсковага вучылішча ў 1895 годзе Чэрчыль распачынае сваю вайсковую йі журналістцкую карыеру. Ен непасрэдна ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на Кубе, у Індыі, Судане і ў Паўднёвай Афрыцы. Падчас англа-бурскай вайны Чэрчыль нават патрапіў у палон да бураў. Усе свае прыгодны Чэрчыль апісваў у артыкулах, бо пэўны час ён працаваў вайсковым карэспандэнтам у вядомай ангельскай газэце  “Daily Mail”, і ў сваіх кнігах, якія карысталіся папулярнасьцю ў грамадзтве.

У 1953 годзе Ўінстан Чэрчыль атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Цікава, што іншым кандыдатам на гэтую ўзнагароду быў Эрнэст Хэмінгуэй. Але камітэт аддаў перавагу Чэрчылю.

Ключавым момантам жыцьця Чэрчыля стаўся 1900 год калі ён быў выбраны ў Палату абшчынаў і такім чынам распачаў сваю палітычную дзейнасьць, якую працягваў да самой сваёй сьмерці. У першую дэкаду Чэрчыль займаў пасады намесьніка міністра па справах калёніяў, міністра гандлю й прамысловасьці, міністра ўнутраных справаў.  Як міністар гандлю й прамысловасьці Чэрчыль выступіў з ініцыятывай увядзеньня мінімальнага заробку, абавязковай страхоўкі, і выказваўся за зьмяншэньне выдаткаў на армію.  Аднак скарачэньне ваенных выдаткаў не прымаліся да рэалізацыі. Чэрчыль так апісваў гэтыя спробы: “Адміралцейства патрабавала 6 караблёў, эканамісты прапанавалі 4, у выніку мы сыйшліся на 8”.

Наступным крокам у палітычнай карыеры Чэрчыля было ягонае прызначэньне на пасаду Першага Лорда Адміралцейства. Ён жа ініцыяваў шэраг рэформаў у ваена-марскім флёце, што было вельмі важна напярэдадні Першай Сусьветнай вайны.

Аднак з 1915 году пачынаецца пэрыяд вайсковых і палітычных правалаў Чэрчыля: катастрофа Дарданэльскай апэрацыі, у выніку якой загінула й было паранена каля 860 тыс. ангельскіх вайскоўцаў, няўдалае ўмяшальніцтва ў Савецкую Расею, і фінансавая рэформа ў 1924 годзе, якая прывяла да дэфляцыі, беспрацоў’я і масавай забастоўкі 1926 году.

Да канца 30-х гадоў Чэрчыль знаходзіўся ў палітычнай апазыцыі й не займаў значыных палітычных пасадаў. Але гэта не зламала баявога духа будучага прэм’ер-мініста. Адным з улюбёных ягоных афарызмаў быў наступны: “Пэсыміст гэта той, хто ў конжнай магчымасьці бачыць цяжкасьці, а аптыміст бачыць ў кожнай цяжкасьці – магчымасьці”.  

Новы палітычны ўздым Уінстана Чэрчыля пачаўся разам з Другой Сусьветнай вайной. Чэрчыль быў пасьлядоўным крытыкам гітлераўскай Нямеччыны. Пасьля падпісаньня Мюнхенскага дагавору ў 1938 годзе, Чэрчыль быў упэўнены ў тым, што вайна непазьбежна. Крытыкуючы палітыку Англіі ён сказаў: “У вас была магчымасьць выбраць паміж вайной і ганьбай. Вы выбралі ганьбу, і зараз атрымаеце вайну”. 10 траўня 1940 году Чэрчыль быў прызначаны прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі.

У гады вайны Чэрчыль стаўся лідэрам нацыі, які ўтрымаў дух англічанаў у самыя цяжкія часы на вельмі высокім узроўні. Ён наведваў кожны ангельскі горад, які бамбіўся нямецкімі самалётамі, папулярнасьць Чэрчыля была вельмі высокай і складала каля 84%.

Пасьля таго, як гітлераўцы напалі на СССР, Чэрчыль, хоць быў заўзятым антыкамуністам, уступіў у саюз са Сталінам. Чэрчыль казаў: “Калі б Гітлер уварваўся ў пекла, я б прачытаў прамову ў гонар д’ябла ў Палаце абшчынаў”. І такі саюз быў заключаны. Дамоўленасьці са Сталінам прычыніліся да пасьляваеннага падзелу сьвету й Эўропы.
 

Пасьля Другой Сусветнай вайны менавіта Чэрчыль стаўся ў пэўным сэнсе ідэолагам і асобай, якая распачала новую – халодную - вайну. 5 сакавіка 1946 годзе падчас выступу ў Уэстмінстэрскім коледжу ў Фултане ў ЗША, Чэрчыль вельмі рэзка ацаніў палітыку СССР. Менавіта там упершыню прагучалі словы пра “жалезную заслону”. “Ад Шчэціна на Балтыйскім моры, да Трыесту на Адрыятычным моры, праз увесь кантынэнт была апушчана жалезная заслона”.


Хаця падчас вайны Чэрчыль быў вельмі папулярны, ён не змог перамагчы на парлямэнцкіх выбарах 1945 году. Для Чэрчыля гэта быў вельмі моцны ўдар, ён нават не скрываў свайго абурэньня англічанамі, ён нават адмовіўся ад адной з выйшэйшых узнагарод Англіі “Ордэна падвязкі” сказаўшы пры гэтым, што выбаршчыкі ўзнагародзілі яго “Ордэнам башмака”.

Тым ня менш, кропкі на сваёй палітычнай карыеры Чэрчыль не паставіў. У 1951 годзе ён зноў стаў прэм’ер-міністрам. У той час яму было ўжо 77 гадоў. Аднак стан здароў’я не дазволіў Чэрчылю больш актыўна займацца палітычнай дзейнасьцю і ў 1955 годзе ён зышоў з палітыкі.

 Праз 10 год у 1965 годзе Ўінстан Чэрчыль памёр у сваім доме ва ўзросьце 90 год.

 

Апорай для Чэрчыля ў штодзённым жыцьці ды ў палітыцы была ягоная жонка Клемэнціна, якая была малодшая за яго на 10 год. Чэрчыль ажаніўся, калі яму было 34 гады. У супругаў Чэрчыляў было 5 дзяцей. Дачка Марігольд памерла ў дзяцінстве. Чэрчыль любіў казаць, што лягчэй кіраваць нацыяй, чым выхоўваць чацьвярых дзяцей”.

Падчас Другой Сусьветнай вайны Клемэнціна займалася дабрачыннасьцю. Арганізавала Фонд “Чырвонага крыжу, дапамогі Расеі”, а ў 1945 годзе наведала некаторыя савецкія гарады. За дапамогу Савецкаму Саюзу, яна была ўзнагароджана “Ордэнам працоўнага чырвонага знамя”.


                                                                     Павал Усаў