http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144161

Наступны год Тыгра чалавецтва можа сустрэць бяз тыграў

24.11.2010

23 лістапада ў Санкт-Пецярбургу завершыўся міжнародны саміт, мэтай якога было захаваць папуляцыю тыграў ад вынішчэньня. У Расею прыехалі высокапастаўленыя палітыкі з трынаццаці краінаў сьвету, дзе гэтыя вялікія драпежнікі яшчэ захаваліся. Сустрэча завершылася прыняцьцём праграмы аховы тыграў, подпісы пад якой паставілі, сярод іншых, прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін ды яго кітайскі калега Вэнь Цьзябаа.

Безь міжнароднай праграмы аховы тыграў гэтыя прыгожыя драпежнікі могуць зьнікнуць. За апошнія сто гадоў папуляцыя тыграў у свеце скарацілася на 95%. Сёньня на плянэце на волі жывуць толькі 3200 асобнікаў. Пра прычыны вынішчэньня гэтых зьвяроў Польскаму радыё распавядае Анна Дранжкевіч з польскага філіялу Міжнароднага фонду аховы дзікай прыроды.

А. Дранжкевіч: Калісьці галоўнай прычынай вынішчэньня гэтых харызматычных драпежнікаў было паляваньне. Шмат багатых людзей хацелі мець скуру тыгра ў сваім доме. У саракавых гадах мінулага стагодзьдзя  зьявіліся новыя пагрозы існаваньню тыграў. Першая зь іх – зьнішчэньне іх натуральнага арэалу пражываньня, прасьцей кажучы, вырубка лясоў ды вынішчэньне папуляцыі аленяў, якімі харчуюцца тыгры. Другая пагроза – шырокамаштабнае браканьерства. Браканьеры ловяць тыграў, каб іх прадаваць, альбо забіваюць, каб гандляваць вырабамі з частак іх цела. Апошнія выкарыстоўваюцца ў традыцыйнай усходняй мэдыцыне. Людзі лічаць, што калі людзі будуць спажываць часткі гэтых моцных і прыгожых зьвяроў, то таксама стануць мацнейшымі, больш здаровымі ды будуць жыць даўжэй.

Жыхары краінаў Эўропы й ЗША часта купляюць амулеты ды традыцыйныя  лекі, нават не падазраючы, што тым самым яны разьвіваюць браканьерства ды спрыяюць вынішчэньню тыграў. Паводле разьлікаў Міжнароднага фонду аховы дзікай прыроды, ужо праз 12 гадоў на Зямлі можа не застацца ніводнага тыгра, які жыве на свабодзе.  Гэта значыць, што наступны год Тыгра па ўсходнім календары чалавецтва можа сустрэць без сапраўдных драпежнікаў.  Эколяг Анна Дранжкевіч распавядае пра захады, якія неабходна зрабіць, каб абараніць гэты від дзікіх катоў.

А. Дранжкевіч: Па-першае, трэба ствараць запаведнікі, каб тыграм не пагражала вырубка лясоў і голад. Па-другое, трэба змагацца з браканьерствам, зь нелегальным гандлем тыграмі, узмацняючы памежны кантроль, робячы больш строгімі пакараньні за забойства зьвяроў, а таксама зьмяншаючы попыт на вырабы з тыграў у разьвітых краінах. Таксама трэба супрацоўнічаць зь мясцовым насельніцтвам рэгіёнаў, дзе жывуць тыгры, вырашаць канфлікты паміж драпежнікамі й сялянамі. Такім чынам ахова тыграў стане больш эфэктыўнай.

На саміце па ўратаваньні тыграў, які нядаўна прайшоў у расейскім Санкт-Пецярбургу, палітыкі прынялі шэраг важных рашэньняў.

А. Дранжкевіч: Быў зацьверджаны міжнародны плян па ахове гэтага віду жывёлаў. Мэтай яго зьяўляецца падваеньне папуляцыі тыграў да 2020 году. Дзеля дасягненьня гэтай мэты будуць выкарыстаныя такія сродкі, як транспамежныя ахоўныя зоны для тыграў, узмацненьне караў для браканьераў. Важнае тое, што плян прадугледжвае выдзяленьне значных фінансавых сродкаў на гэтыя мэты.

Экалягічныя арганізацыі ўсяго сьвету павінны пільна сачыць за тым, каб дамовы, прынятыя на саміце па ўратаваньні папуляцыі тыграў, выконваліся. Толькі тады ня спраўдзяцца пэсымістычныя прагнозы, і ў наступны год Тыгра людзі ўбачаць гэтых прыгожых драпежнікаў ня толькі ў цырках ды заапарках, – перакананая Анна Дранжкевіч.

Аляксандар Папко