http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144212

НАВУКА Й ТЭХНІКА

25.11.2010

Польскія навукоўцы зважылі зорку

Польскія навукоўцы, разам з калегамі з ЗША, Італіі ды Чылі, зважылі пульсацыйную зорку ў галяктыцы Вялікае Магеланавае воблака.

Пульсар зьяўляецца гэтак званай цэфэідай - пераменнай зоркай, а вызначэньне ейнай масы, якая цесна зьвязаная з актуальнай яскравасьцю зоркі, дазволіць вызначыць гэтак званыя ўзоры адлегласьці.

Вынікі дасьледаваньняў польскіх навукоўцаў публікуе навуковае прэстыжнае выданьне „Nature” ў апошнім нумары.

„Нашае адкрыцьцё дазваляе лепш зразумець аб’екты, якія зьяўляюцца аднымі з найважнейшых у космасе. Пры іхнай дапамозе вызначаюцца адлегласьці, тэстуюцца тэорыі эвалюцыі й пульсацыі. Таму поўнае зразуменьне складу згаданых аб’ектаў важнае з пункту гледжаньня многіх галінаў астраноміі - асабліва шкалы адлегласьцяў у космасе”, - заявіў прафэсар Гжэгаж Пятшыньскі з Астранамічнай абсэрваторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту -  галоўны аўтар працы, апублікаванай у выданьні „Nature”.


Японскі прафэсар стаў чальцом-карэспандэнтам PAN

Прафэсар Шунічы Амары зь Японіі, які праводзіць дасьледаваньні чалавечага мозгу, стаў адным з каля 200 замежных чальцоў Польскай акадэміі навук.

Урачыстасьць наданьня тытулу японскаму навукоўцы адбылася надоечы ў польскай амбасадзе ў Токіё.

Прафэсар Амары зь Дзяржаўнага інстытуту дасьледаваньняў Рыкэн (Riken) быў шматразова ўзнагароджаны прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі за выключныя дасягненьні ў галіне дасьледаваньня працы чалавечага мозгу. Што цікава, у сваёй працы навуковец не карыстаецца традыцыйнымі прыладамі, паколькі ён зьяўляецца кіраўніком лябараторыі матэматычных мадэляў мозгу і ў рабоце стараецца апрацаваць матэматычную тэорыю працы мозгу чалавека.

Апрацаваная лябараторыяй тэорыя нэўронавых спалучэньняў была выкарыстаная ў сыстэме навігацыі робатаў.

Дасьледаваньні японскага прафэсара далі пачатак гэтак званай ізаляцыі сьляпых сыгналаў. Прафэсар Амары й ягоны калега прафэсар Анджэй Ціхоцкі з Варшаўскага палітэхнічнага ўнівэрсытэту зьяўляюцца суаўтарамі ангельскамоўнага падручніка па правядзеньні такога роду ізаляцыі й аналізу.

Японскі навуковец пабываў у Польшчы некалькі разоў. Дзякуючы ягонай зычлівасьці над дасьледаваньнем мозгу ў інстытуце Рыкэн працавалі ўжо 15 польскіх навукоўцаў.

Ахоўваць тыграў

Сусьветныя эколягі хочуць удвая павялічыць колькасьць тыграў, якія жывуць на свабодзе.

Над аховай згаданага віду на мінулым тыдні ў Пецярбургу дэбатавалі экспэрты з больш чым 10 краінаў сьвету.

У натуральных умовах на сьвеце жыве ня больш, чым 3 тысячы тыграў - гэта на 40% менш, чым яшчэ 10 гадоў таму.

Эколягі непакояцца, што некаторыя групы згаданых зьвяроў могуць зьнікнуць да 2030 году.

Саміт Міжнароднага форуму аховы тыграў быў настолькі сур’ёзнай падзеяй, што ўдзельнічалі ў ім 5 прэм’ер-міністраў, у тым ліку Ўладзімер Пуцін.

Удзельнікі сустрэчы хочуць, каб колькасьць тыграў на свабодзе вырасла да 6 тысячаў цягам бліжэйшых 12 гадоў. Паводле экспэртаў, для дасягненьня згаданай мэты неабходна ахоўваць натуральныя месцы пражываньня тыграў, змагацца з браканьерствам і выдзеліць адпаведныя фінансавыя сродкі.

Ствалавыя клеткі ды рэгенэрацыя мозгу

Ствалавыя клеткі могуць дапамагчы людзям, якія прайшлі інсульт. Першая такога роду тэрапія пачалася ў Вялікабрытаніі.

Лекары  з Southern General Hospital у горадзе Глазга імплянтавалі ствалавыя клеткі ў мозг старэйшага мужчыны. Згодна з плянам, клеткі павінны пераўтварыцца ў нэйроны й дапамагчы ў рэгенэрацыі мозгу. Доза клеткаў была невялікая, а пасьля апэрыцыі пацыент быў выпісаны дамоў. Калі тэрапія акажацца бясьпечнай, з часам колькасьць імплянтаваных пацыенту клеткаў можна павялічыцца.

У ацэнцы лекараў, гэта адзіны мэтад на паляпшэньне стану людзей, якім не дапамагла традыцыйная рэабілітацыя. Цягам будучага году падобную апэрацыю пройдзе 12 чарговых пацыентаў – галоўным чынам мужчынаў ва ўзросьце пасьля 60 гадоў. Тэрапія выклікае пэўныя этычныя сумневы, паколькі выкарыстаныя для імплянтацыі ствалавыя клеткі паходзілі з чалавечых эмбрыёнаў.

Брытанскія спэцыялісты падкрэсьліваюць, што яны дзейнічаюць згодна з законамі.

А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org