http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144324

Мінусы ядзернай энэргетыкі

26.11.2010

Працягваем гутарка пра атамную электрастанцыю. І сёньня размова пойдзе пра небясьпеку й мінусы ядзернай энэргетыкі.

Нягледзячы на ўсе плюсы АЭС, гэты від энэргетыкі надалей мае вельмі шмат праціўнікаў. Няма дзейнасьці чалавека, якая б ня шкодзіла навакольнаму асяродзьдзю, таму заўсёды можна знайсьці аргумэнты супраць. Нават самыя звычайныя штодзённыя рэчы – язда на аўтамабілі ці будова дамоў маюць адмоўны ўплыў на навакольле, пераконвае фізык Томаш Савіньскі.

Т. Савіньскі: Каб жыцьцё й дзейнасьць чалавека былі бясшкоднымі, то трэба жыць у лесе, будаваць шалашы, прычым не вырубаючы дрэў, але зьбіраючы натуральна ўпаўшыя галінкі. Можна прыдумаць шмат такіх скрайных сытуацый. Атамная электрастанцыя таксама мае свае нэгатыўныя моманты. Першы - радыеактыўныя адкіды, час нэйтралізацыі якіх вельмі доўгі. Ён вымяраецца ў дзясятках тысяч гадоў. Таму іх трэба захоўваць пад зямлёю вельмі доўга. Сёньня навукоўцы вельмі шмат працуюць над тым, каб прысьпешыць гэты працэс. І вельмі часта можна пачуць аргумэнт, што праблема адсылаецца ў будучыню, што гэта ствараньне праблемаў нашым дзецям.

Фізык кажа, што, з аднаго боку, сапраўды можна так зрабіць і сказаць: хай аб гэтым думаюць чарговыя пакаленьні. І гэта асноўны мінус атамнай электрастанцыі. Аднак зь іншага боку, калі ўзяць прыклад вугальных электрастанцыяў, то праблема ўзьнікае ўжо сёньня.

Т. Савіньскі: Гэта сёньня мы выкідваем у атмасфэру вуглякіслы газ, аксід азоту й серы, таксычны попел. І гэта ня меншая праблема для нашых дзяцей, якія растуць, дыхаючы такім паветрам. Не без прычын у Францыі й скандынаўскіх краінах найчысьцейшае паветра ў Эўропе. Гэтыя краіны ў пераважнай большасьці выкарыстоўваюць менавіта атамную энэргетыку. Там найменшая колькасьць людзей у Эўропе мае праблемы з дыхальнай сыстэмай. Такім чынам, мінусы ёсьць, але трэба вырашыць: ці мы хочам іх перасунуць у будучыню й мець надзею, што празь дзясяткі гадоў гэтую праблему ўдасца вырашыць, ці ўжо сёньня мець клопаты.

Томаш Савіньскі ўпэўнены, што ў будучыні атамная энэргетыка ня мае альтэрнатываў, паколькі здабыча вугалю становіцца ўсё больш складанай: шахты становяцца глыбейшыя, а кошты здабычы часта прыходзіцца лічыць у жыцьцях людзей.

Далей узьнікае лягічнае пытаньне: ці ў будучыні ня будзе праблем са здабычаю ўрану?

Т. Савіньскі: Пэўна калісьці зьявіцца такая праблема, але гэта ўсё ж значна даўжэйшая пэрспэктыва. Кошт урану значна меншы, чым кошт вугалю, а гэта значыць, што гэтай сыравіны ў прыродзе значна больш, чым запатрабаваньне. Агульна ўрану мала, бо гэта рэдкі хімічны элемэнт. Аднак зь іншага боку, для вытворчасьці агромнай колькасьці энэргіі гэтай сыравіны трэба параўнальна няшмат. Я падазраю, што хутчэй закончыцца вугаль, чым закончыцца ўран.

Чарговай праблемай, зьвязанай з атамнай энэргетыкай, зьяўляецца недастатковая колькасьць спэцыялістаў. У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе пасьля чарнобыльскай катастрофы стаўленьне грамадзтва да атамнай энэргетыкі стала вельмі адмоўным, а ў выніку ўсе факультэты з гэтай галіны пачалі паступова зачыняць, а спэцыялісты выязджалі за мяжу.

Т. Савіньскі: У Польшчы нават няма каму вучыць спэцыялістаў. Студэнты, якія б хацелі займацца атамнай энэргетыкай, маюць праблему, дзе знайсьці спэцыялістаў, якія б маглі іх гэтаму навучыць. Няма таксама на чым вучыцца. У Польшчы ёсьць толькі два вельмі малыя навуковыя рэактары, якім шмат гадоў. Насамрэч, немагчыма знайсьці й адукаваць патрэбную колькасьць спэцыялістаў за 2-3 гады. Гэты працэс зойме дзясяткі гадоў. І гэта сапраўды адна з асноўных праблем. Думаю, калі ў Польшчы будуць будавацца АЭС, то пераважная большасьць спэцыялістаў будзе замежнікамі. Каб вырашыць гэтую праблему, трэба пачынаць працу ўжо сёньня.

Гэта вельмі доўгі працэс, бо недастаткова толькі закончыць ВНУ. Каб быць добрым спэцыялістам, трэба доўга працаваць на атамнай электрастанцыі й прайсьці ўсе ўзроўні працэсу. У гэтым выпадку напэўна ня хопіць выключна тэорыі, патрэбная доўгая практыка. 

Томаш Савіньскі пераконвае, што заўсёды можна знайсьці мінусы АЭС, як у кожным зь відаў дзейнасьці чалавека. Аднак, на яго думку, атамная энэргетыка зьяўляецца найменш шкодным спосабам забесьпячэньня энэргетычных патрэбаў грамадзтва. І калі ёсьць энэргія, якая заслугоўвае, каб называцца „зялёнай”, то гэта менавіта ядзерная энэргетыка – лічыць фізык.

Алена Пытэль