http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144335

27 лістапада 1815 году Каралеўству Польскаму была надана Канстытуцыя

27.11.2010

 

Гэтая Канстытуцыя, альбо Канстытуцыйная хартыя Царства Польскага была падпісана расейскім царом Аляксандрам І, які адначасова быў і Каралём Польскім. Польшча, якая знаходзілася ў той час у складзе Расейскай Імпырыі, мела сваю Канстытуцыю. Нават Расея ня мела ўласнай Канстытуцыі ўвогуле, і атрымала яе амаль праз стагодзьдзе.

Каралеўства Польскае было створана ў 1815 годзе ў выніку Венскага кангрэсу, які аформіў новую палітычную мапу Эўропы пасьля напалеонаўскіх войнаў. Аляксандар І хацеў далучыць да сваёй імпэрыі амаль усе землі сучаснай Польшчы (Варшаўскага Герцагства), але гэтаму супрацьстаялі Аўстрыя й Францыя, якія не жадалі ўзмацненьня Расеі. Таму Аляксандар І пагадзіўся на цэнтральную частку Польшчы са сталіцай у Варшаве. Пазьней гэтая тэрыторыя Польшчы таксама атрымала назву “Кангрэсуўка”. 

Дзеля таго, каб прывабіць сваіх новых падданых і задаволіць чаканьні палякаў, якія спадзяваліся на атрыманьне дзяржаўнай аўтаноміі й дзеля гэтага змагаліся на баку Напалеона, Аляксандар І пайшоў на палітычныя саступкі, а менавіта на ўвядзеньне Канстытуцыі. Трэба таксама дадаць, што на яго вялікі ўплыў аказваў Адам Чартарыйскі, які таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы польскай Канстытуцыі. Канстытуцыя была сумяшчэньнем Канстытуцыі Варшаўскага Герцагства й Канстытуцыі 3 траўня 1791 г.

Паводле Канстытуцыі, Польшча навякі далучалася да Расейскай Імпэрыі. Каралём Каралеўства Польскага быў цар Расейскай Імпэрыі. Канстытуцыя абвяшчала Польшчу канстытуцыйнай манархіяй. Вярхоўная, заканадаўчая й выканаўчая ўлада знаходзілася ў руках Расейскага Цара. Цар мог вызначыць намесьніка - Вялікага Князя. Каралеўства Польскае мела свой парлямант: Сейм і Сэнат, нацыянальнае войска, дзяржаўны апарат і суды, сваю грашовую адзінку - польскі злоты. Усе дзяржаўныя справы вяліся выключна на польскай мове, якая была дзяржаўнай. Што цікава, Канстытуцыя надавала выбарчыя правы жыхарам Польшчы. Права выбіраць мелі ўсе грамадзяне Польшчы, якія дасягнулі 21 году жыцьця. Права быць выбраным атрымоўвалі асобы, якія ўмелі пісаць і чытаць. Не маглі галасаваць вайскоўцы й дзяржаўныя чыноўнікі.

Канстытуцыяй таксама абвяшчалася свабода веравызнаньня, свабода друку й верхавенства права над усімі грамадзянамі, нягледзячы на іх сацыяльны статус. Гарантавалася асабістая свабода й недатыкальнасьць, якая магла быць абмежавана толькі й выключна прававымі мэханізмамі.

Нягледзячы на свой прагрэсіўны характар, Канстытуцыя не магла да канца абараніць грамадзянаў ад уседазволенасьці расейскіх уладаў. Тым больш, палякі імкнуліся да аднаўленьня сваёй дзяржаўнай незалежнасьці ў межах старажытнай Рэчы Паспалітай.
 Канстытуцыйная аўтаномія Царства Польскага праіснавала да гэтак званага Лістападавага паўстаньня 1830 году, пасьля падаўленьня якога Канстытуцыя была адменена.

Павал Усаў