http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144365

Запрашаем у Польшчу - Серпц

27.11.2010

Сёньня, шаноўныя слухачы, запрашаем вас наведаць разам з намі музэй мазавецкай вёскі ў мястэчку Серпц. Гэта цэнтар павету, які знаходзіцца ў двух гадзінах язды ад Варшавы на трасе ў напрамку Торуня. Апроч самога Серпца і этнаграфічнага музэю тут можна наведаць Бежун і Дробін, каб пазнаёміцца з тым, як выглядлі маленькія мястэчкі канца XІX-га стагодзьдзя ў Польшчы.

Але нас сёньня цікавіць Музэй мазавецкай вёскі, таму мы вяртаемся ў Серпц. Гэты музэй быў створаны ў 1971 годзе. У тыя часы ўстанова займалася зборам прадметаў народнай культуры й фальклёру. Асобна музэй займаўся вывучэньнем і зборам серпцкай народнай скульптуры ды іканаграфіі.

У 1978 годзе музэю прызначылі 60 га зямлі пад стварэньне этнаграфічнага парку. У чэрвені 1985 году музэй адчыніў перад наведвальнікамі першую экспазыцыю пад адкрытым небам.

Сёньня на тэрыторыі музэя можна пазнаёміцца з прадметамі народнай культуры з рэгіёну паўночна-заходняга Мазоўша, так званага Старога Мазоўша.

Серпцкі музэй месьціцца на вельмі маляўнічых землях. Паўночная частка ляжыць у глыбокай лясной даліне, а паўднёвая частка – гэта раўніна, якая цягнецца па-над ракой Серпяніцай.

Парк і музэй вельмі разнастайныя. Сёньня ў парку больш за 80 будынкаў драўлянай архітэктуры з рэгіёну паўночна-заходняга Мазоўша. Акрамя таго, сярод гэтых будынкаў рэканструяваны цагляны фальварак, прысядзібныя будынкі, цагляны водны млын. У склад музэйнай экспазыцыі ўваходзяць 11 сялянскіх гаспадарак (жылыя дамы, сьвірны, хлявы). Ёсьць таксама карчма «Пагулянка», дзе можна купіць вельмі добры хлеб з салам, ёсьць ветраны млын ды капліца. Двары разнастайныя, і гэта прыклад народнай архітэктуры з другой паловы 19-га ды першай чвэрці 20-га стагодзьдзяў. Каля будынкаў зроблены грады, з кветкамі ды гароднінай, а таксама сады. Ніводзін двор не паўтараецца, усё ўладжана вельмі дбала пра дэталі, што ствараецца ўражаньне, што ў гэтых дамах надалей жывуць людзі, якія некуды выйшлі на хвілінку па гаспадарскіх справах.

Цікавы факт на завяршэньне: на тэрыторыі парку здымаўся шэраг мастацкіх ды дакумэнтальных фільмаў, сярод якіх вядомы фільм Ежы Гофмана з 1998 году „Агнём і мячом” паводле прозы Генрыка Сянкевіча. 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч