http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144377

Сэкс і надвор'е

28.11.2010

Беларускія навукоўцы даводзяць, што халодныя поры году – восень і зіма – дрэнна адбіваюцца на нашых арганізмах. Недахоп сонца, нізкія тэмпэратуры, дажджы – усе гэтыя фактары лічацца псыхастымулюючымі раздражняльнікамі, якія перш за ўсё дрэнна адбіваюцца на сэксуальнасьці мужчын.

Кандыдат біялягічных навук Ірына Барздакова тлумачыць, чаму ў панурае надвор’е моцны пол радзей і радзей задумваецца пра сваё інтымнае жыцьцё.   

Ірына Барздакова: Калі на мужчыну ўзьдзейнічаюць надзвычайныя псыхастымулюючыя раздражняльнікі, у яго дамінуюць зусім іншыя ўчасткі галаўнога мозгу. У першую чаргу трэба весьці актыўнае палавое жыцьцё. Гэта вельмі важны аспэкт, вельмі важны.

Урач-сэксоляг Алег Хімка папярэджвае, што ўстрыманьне ад інтыму ў такой сытуацыі можа абярнуцца сур’ёзнымі праблемамі. Для таго, каб палавая функцыя ў мужчын як мага даўжэй не парушалася, неабходна трымацца свайго ўмоўна-фізіялягічнага рытму.

Алег Хімка: Хацелася б пачаць з таго, што жыцьцё ёсьць рух. Усё павінна працаваць і функцыянаваць. І калі мы кажам, напрыклад, аб сэксуальных абстынэнцыях, калі працяглы час няма палавога жыцьця, гэта ў сваю чаргу прыводзіць да пэўных парушэньняў. Калі выпрацаваўся ўмоўна-фізіялягічны рытм, ён і павінен трымацца.  Мужчына павінен жыць паўнавартасным палавым жыцьцём. 

Прырода ўсё дакладна пралічыла. Калі ў панурае надвор’е вы не закідаеце сваю сэксуальнасць у шафу, гэта акупіцца. Аказваецца, рэгулярнае палавое жыцьцё як мужчын, так і жанчын можа замяніць прывіўку ад грыпу й іншых вірусных захворваньняў. Імунітэт, дзякуючы сэксу, працуе больш актыўна, аналізуе сэксоляг Алег Хімка. 

Алег Хімка: З агромістай доляй верагоднасьці гэта так. Сэкс зьяўляецца стымулятарам імуннай сыстэмы. Хутчэй за ўсё гіпотэза правільная. У тым пляне, што сапраўды сам палавы акт мабілізуе ўсе сыстэмы, прымушаючы імунітэт працаваць больш актыўна.

Але як выйсьці з сытуацыі, калі ў асеньнюю й зімовую поры сэксуальнасьць як той мядзьведзь хаваецца ў бярлог? Нават тут арганізму можна прад’явіць адэкватныя стымулы, якія абудзяць палавую прыцягальнасьць мужчын і жанчын. Самае важнае як мага больш рухацца, займацца актыўнай дзейнасьцю, рабіць фізкультурныя нагрузкі. Гэта ў сваю чаргу прыводзіць да лепшага функцыянаваньня ўсіх сыстэмаў арганізму. Кандыдат біялягічных навук Ірына Барздакова прыводзіць у прыклад дыхальную сыстэму.

Ірына Барздакова: Глыбіня дыханьня павялічваецца. Таму дыхальны аб’ём (гэта аб’ём паветра, які паступае ў нашы лёгкія падчас кожнага дыханьня) будзе вышэйшым. А гэта азначае, што за адзінку часу падчас адной дыхальнай экскурсіі магчыма забясьпечыць арганізм большай колькасьцю кіслароду й карысных рэчываў. Гэта ўжо добра. Значыцца органы будуць працаваць у больш эканомным рэжыме, зь меншымі энэргазатратамі.

Адпаведна фізычныя нагрузкі прастымулююць і вашу сэксуальнасьць. Таму халодныя поры – не такі ўжо безнадзейны час для інтымнага жыцьця.

Анатоль Іваноў, Менская вобласьць