http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144535

Палякі хочуць засяліць Белавескую пушчу эстонскімі рысямі

30.11.2010

Ужо неўзабаве ў мазурскія лясы могуць прыехаць першыя рысі з Эстоніі. Напрыклад, засяленьне імі Белавескай пушчы плянуе міжнародная экалягічнага арганізацыя WWF.

Як паясьняюць эколягі, дзякуючы гэткаму кроку, эстонскія рысі пазьбегнуць сьмерці ў месцы свайго цяперашняга пражываньня ды прычыняцца да адбудаваньня папуляцыі катоў, якая вымерла ў Польшчы амаль 20 гадоў таму. З гэтай мэтай WWF праводзіць грамадзкую кампанію пад лёзунгам: „Рысі могуць вярнуцца ў пушчу”.

Пра засяленьне польскіх лясоў рысямі з Эстоніі расказвае Павал Сьрэдзіньскі з „WWF Polska”.

Павал Сьрэдзіньскі: Трансьлякацыя катоў - гэта адзін са спосабаў рашэньня праблемаў, зь якімі змагаюцца рысі ў Польшчы. Гаворка ідзе пра тое, што ў паўночна-ўсходняй Польшчы й іншых месцах пражываньня зьвяроў, як напрыклад, Напіводзка-Рамуцкія лясы, ці Піская пушча, іхная папуляцыя вельмі невялікая – гэта каля 60-70 асобнікаў. Мы хочам вярнуць прысутнасьць рысяў на згаданай тэрыторыі шляхам іхнага перасяленьня з аднаго натуральнага асяродзьдзя ў другое. У Эстоніі на даволі невялікай тэрыторыі, якая складае прыкладна столькі, колькі Падляскае й частка Варміньска-Мазурскага ваяводзтваў, жыве ажно 900 катоў. Гэта даволі шмат і таму там іх ловяць. Замест забіваць эстонскія рысі, мы прапануем даставіць іх у Польшчу. Гэткі спосаб адбудовы папуляцыі бярэцца пад увагу ў праграме аховы рысяў, апрацаванай Міністэрствам аховы навакольнага асяродзьдзя з 2001 году.

Значыць Вы хочаце пры нагодзе вырашыць дзьве справы: выратаваць эстонскія рысі й адбудаваць польскую папуляцыю?

Павал Сьрэдзіньскі: Так, і дадаткова замацаваць яе: адбудаваць у Напіводзка-Рамуцкіх лясах, а ўзмацніць агулам у паўночна-ўсходняй частцы Польшчы.  Дарэчы, рысь, якая жыве ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы адрозьніваецца ад той, якая засяляе напрыклад, поўдзень Польшчы - Бяшчады. Там жывуць карпацкія рысі, якія шляхам горных масіваў могуць спалучацца са сваімі калегамі ў Славаччыне ці Румыніі.  У сваю чаргу паўночна-ўсходняя Польшча - гэта ізаляваны бастыён рысі. Тут згаданыя каты выступаюць у Белавескай, Кнышынскай і Аўгустоўскай пушчах. Гэта з пункту гледжаньня аховы рысяў вельмі добрае месца, калі гаворка ідзе пра харчовую базу й магчымасьць пазьбяганьня чалавека. Апрача таго, у Польшчы назіраюцца й іншыя станоўчыя ўмовы, як напрыклад, статус рысі, якaя ахоўваецца законам. Нагадаю, што яшчэ нядаўна на рысі ў Польшчы можна было паляваць. Толькі ў 1995 годзе была ўведзеная адпаведная забарона.

Ці акцыя засяленьня эстонскіх рысяў у Польшчы гэта складанае заданьне?

Павал Сьрэдзіньскі: Гэта напэўна заданьне, якое патрабуе падрабязнай падрыхтоўкі й дэталёвага правядзеньня. На падставе досьведу нашага супрацоўніцтва з эстонскім бокам, які станоўча ўспрыняў згаданую ідэю, як і з польскімі спэцыялістамі, мы ўпэўненыя, што акцыя будзе праведзеная з адпаведнай стараннасьцю. Таму цяпер у рамках нашай кампаніі мы заклікаем палякаў, каб яны падтрымалі згаданую ідэю. Кошт засяленьня аднаго ката (транспарт, арганізацыйныя справы, каранцін, прыстасаваньне) - гэта каля 10 тысячаў злотых. Мы спадзяемся, што шляхам грамадзкай кампаніі нам удасца засяліць прынамсі некалькі рысяў у год. Нагадаю, што каты могуць пераехаць толькі ў вызначаным пэрыядзе году. Заахвочваем усіх да падтрымкі акцыі. Больш інфармацыі на тэму праекта можна прачытаць на старонцы кампаніі www.rys.wwf.pl

Суразмоўцам Праграмы для замежжа грамадзкага Польскага радыё быў Павал Сьрэдзіньскі з „WWF Polska”.