http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144591

Весткі культуры

01.12.2010

Гран-пры XXIII Міжнароднага фэстывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску ў памеры 3 тыс. даляраў заваявалі салісты Дзяржаўнага ансамбля песьні й танца з Кітаю. Імёны пераможцаў і ляўрэатаў міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі былі названы 28 лістапада на гала-канцэрце закрыцьця фэстывалю ў канцэртнай зале "Віцебск".

Першую прэмію ў намінацыі "Харэаграфічная мініяцюра" атрымаў беларускі калектыў – тэатар сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I зь Менска. Першай прэміяй у намінацыі "Аднаактовы балет" узнагароджана пастаноўка Circle Through калектыву з Эстоніі Külli Roosna Project.

У намінацыі "Харэаграфічная мініяцюра" журы вызначыла дзьве другія прэміі. Іх уладальнікамі сталі тэатар танца Karakuli зь Менска за пастаноўку "Узровень завершаны" й Jazz dance studio PAL зь Японіі за пастаноўку Shiri.

Кітайскія артысты ўжо няраз атрымлівалі ў Віцебску вышэйшую ўзнагароду й ляўрэацкія званьні. Так, у 2008 годзе харэографы Лі Чын і Шуай Сяадзюн тэатра оперы й балета горада Ханьчжоў атрымалі першую прэмію ў намінацыі "Харэаграфічная мініяцюра" за кампазыцыю "Засталіся жывымі", прысьвечаную землятрусу ў Кітаі. А ў 2006 годзе Гран-пры конкурсу заваявалі калегі цяперашняй пераможцы – харэографы Дзяржаўнага ансамбля песьні й танца Народна-вызваленчай арміі Кітая Сін На й Джан Чыян.

2 сьнежня ў Варшаве стартуе Фэстываль незалежнага мастацтва Re:wizje 2010. У рамках імпрэзы выступяць некалькі соцень артыстаў, адбудзецца некалькі дзясяткаў падзей у розных частках гораду.

Re:wizje – гэта найбуйнейшы ў Польшчы агляд самых цікавых арт-праектаў незалежнай культуры. Гэта і музыка, і тэатар, танец, фільм, візуальнае мастацтва.

У музычнай частцы праграмы выступяць Paris Tetris і Ścianka. Сваё майстэрства пакажуць таксама Мікалай Тшаска са сваім праектам "Inner Ear Of Culture Palace". Сярод тэатральных падзей варта зазначыць Teatr Kolegtyw "Ноч надыходзіць унутры" "Комплекс Партноя" падрыхтаваны таварыствам Teatr Konsekwentny.

У катэгорыі танец выступяць акторы Teatru Tańca Zawirowania, праект "Skin","Ja i ja" ў выкананьні хіп-хоп каманды "Unique”.

Летась на фэст прыйшлі каля 15 тыс. чалавек.

У Францыі знайшлі 271 невядомую карціну, як мяркуецца, аўтарства Пабла Пікаса. Гэтыя карціны доўгія гады захоўваліся ў сям'і пэнсіянера П'ера Ле Генэка, які працаваў ў мастака электрыкам на працягу трох гадоў. Ён сьцьвярджае, што атрымаў творы мастацтва ў дар ад самога мастака й яго жонкі.

Генэк зьвязаўся зь сям'ёй Пікаса, каб усталяваць сапраўднасьць работ. Але спадчыньнік мастака Клёд Пікаса сумняецца ў тым, што электрык сапраўды атрымаў усе гэтыя карціны ў падарунак, а не знайшоў іх у адной зь віл Пікаса. «Мой дзядуля ніколі не дарыў такой колькасьці сваіх работ аднаму чалавеку» - заявіў унук мастака Аліўе Пікаса.

Гомель можа стаць адной з двух культурных сталіц СНД у наступным годзе. З 2011 году плянуецца рэалізацыя міждзяржаўнай праграмы „Культурныя сталіцы Садружнасьці”. Адным з двух гарадоў, якія атрымаюць такі статус, стане менавіта Гомель. Другая культурная сталіца будзе прадстаўляць Расею, але пакуль невядома, які дакладна гэта будзе горад.

Пачаткова Міністэрства культуры Беларусі прапанавала Нясьвіж, але з увагі на лепшую інфраструктуру быў абраны Гомель.

У будучыні, калі кандыдатаў на статус культурнай сталіцы Садружнасьці будзе больш, плянуецца праводзіць нацыянальныя конкурсы, пераможцы якіх будуць удзельнічаць у міждзяржаўным спаборніцтве.

Плянуецца, што ў культурных сталіцах Садружнасьці цягам аднаго ці двух месяцаў у годзе, хутчэй за ўсё ў верасьні-кастрычніку, будзе праводзіцца шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў, на якія зьедуцца творчыя калектывы й людзі культуры з краін СНД.

паводле БелТА

Фільм „Катынь” закончыў паказ фільмаў Анджэя Вайды ў кінатэатры „Перамога” ў Менску. Беларуская публіка паглядзела восем вядомых стужак польскага рэжысэра. Перад кожным сэансам гледачы слухалі відэазварот рэжысэра, запісаны адмыслова для беларускіх гледачоў у Варшаве.

Акрамя „Катыня” былі паказаныя фільмы, якія паказваюць цэлы зрэз творчасьці рэжысэра. Гэта стужкі „Дантон”, „Пан Тадэвуш”, „Чалавек з мармуру” ды іншыя.

У наступным тыдні фільмы польскага рэжысэра змогуць паглядзець жыхары Гомеля. Арганізатарам зьяўляецца Польскі інстытут у Менску.

Канцэрт польскага піяніста Рафала Блехача, які ў аўторак вечарам выступіў у Бэрлінскай філярмоніі, афіцыйна завершыў Год Шапэна ў Нямеччыне. Музык, пераможца XV конкурса імя Фрыдэрыка Шапэна ў 2005 годзе, выканаў некалькі найбольш вядомых твораў Шапэна. Адным з гасьцей канцэрту быў былы прэзыдэнт Нямеччыны Хорст Кёлер.

З пачатку году ў Нямеччыне адбылося больш за 100 імпрэзаў, прысьвечаных творчасьці Фрыдэрыка Шапэна. Сьвяткаваньне Году Шапэна ўрачыста пачалося ў сакавіку бэрлінскім канцэртам польскіх піяністаў Адама Маковіча й Кшыштафа Тшаскоўскага.