http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144627

Сёньня - Сусьветны дзень барацьбы са СНІДам

01.12.2010

Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень барацьбы са СНІДам. Сёлета гэты дзень праходзіць пад дэвізам “Веды ратуюць жыцьцё”.

Сёньня СНІД – гэта бадай што найбольшая праблема ў галіне аховы здароўя ў сьвеце. Сындром набытага імунадэфіцыту выклікаецца спэцыфічным вірусам – вірусам імунадэфіцыта чалавека (ВІЧ). Гэты вірус трапляе ў кроў і псуе пэўны тып белых крывяных цельцаў (лімфацытаў), якія зьяўляюцца важным ланцугом абароннай (імуннай) сыстэмы арганізму. У выніку заражаны чалавек становіцца безабаронным перад мікробамі й пухлінамі. Хвароба разьвіваецца павольна, на працягу некалькіх гадоў адзінай яе адзнакай можа быць павелічэньне некаторых лімфатычных вузлоў. Потым пычынаюцца падвышэньне тэмпэратуры, разлады страўніка, патлівасьць ды пахудзеньне. Пазьней настаюць запаленьне лёгкіх, сэпсіс (заражэньне крыві), злаякасныя пухліны, пераважна на скуры. Усё гэта прыводзіць да сьмерці хворага.

Сусьветны дзень барацьбы са СНІДам упершыню быў аб’яўлены па ініцыятыве ААН 1-га сьнежня 1988 году. А першыя выпадкі хваробы былі адзначаны сярод маладых геяў у ЗША, Швэцыі й на Гаіці ў 1978 годзе. На пачатку 1980-х стала зразумела, што чалавецтва апынулася перад сур’ёзнай хваробай. Спачатку меркавалася, што СНІД датычыць толькі геяў, аднак цяпер большасьць заражаных – гэта гетэрасэксуальныя людзі, прычым ня толькі наркаманы, якія прымаюць наркотыкі ўнутрывенным шляхам. Заразіцца можа кожны, прычым выпадкова. Кожны чалавек, у якога было больш чым адзін сэксуальны партнёр, павінен зрабіць тэст на прысутнасьць ВІЧ у арганізьме – сказала Польскаму радыё Анна Мажэц-Багуслаўска з Агульнапольскага цэнтру па пытаньнях СНІДу.

А. Мажэц-Багуслаўска: ВІЧ-тэст павінны зрабіць усе, хто часта мяняе сэксуальнага партнёра альбо прынамсі раз памянялі, тым больш тады, калі гэта быў чалавек, якога яны слаба ведаюць. Тэст павінны зрабіць наркаманы, якія прымаюць наркотыкі ўнутрывенна, а таксама ўсе, хто пад уплывам сродкаў, якія зьмяняюць сведамасьць, займаўся сэксам.

Дарэчы, у Польшчы здаць кроў на аналіз можна ў 26 мэдычных пунктах, прычым бясплатна й ананімна. У Польшчы з моманту зьяўленьня хваробы выяўлена каля 13 тыс. носьбітаў ВІЧ, у мінулым годзе – каля 700 чалавек. Аднак каля 20 тыс. носьбітаў надалей ня ведаюць, што заражаны, бо не зрабілі тэстаў. Лекары папярэджваюць, што асноўныя шлях перадачы інфэкцыі – гэта палавы, таму неабходна зьвяртаць увагу на сэксуальнага партнёра і, зразумела, карыстацца прэзэрватывам, бо гэта пакуль што адзіны сродак прафіляктыкі хваробы. Канечне, заразіцца можна й іншым шляхам, напрыклад, у шпіталі, аднак гэта здараецца даволі рэдка.       

Калі казаць пра сусьветны маштаб, то на нашай плянэце пражываюць 33 млн. ВІЧ-носьбітаў. Кожныя 6 сэкунд у сьвеце нехта заражаецца вірусам, а кожныя 9 сэкунд ад СНІДу памірае чалавек. Дарэчы, больш за 50% заражаных – гэта жанчыны.

У некаторых афрыканскіх краінах ВІЧ і СНІД – гэта агромная праблема, бо заражана палова папуляцыі. Прычым у сувязі зь беднасьцю й адсталасьцю афрыканскага кантынэнту мэдычнай дапамогі тут амаль няма. Мала таго, амаль адсутнічае прафіляктыка хваробы, а гэта самае асноўнае ў выпадку СНІДу. 

Пакуль што чалавецтва не знайшло лекаў ад СНІДУ, хоць мэдыкі й навукоўцы пастаянна працуюць на вырашэньнем гэтай глябальнай праблемы. Ствараюцца таксама іншыя прафіляктычныя сродкі. Такім рэчывам зьяўляюцца мікрабіцыды, гаворыць Анна Мажэц-Багуслаўска з Агульнапольскага цэнтру па пытаньнях СНІДу.

А. Мажэц-Багуслаўска: Мікрабіцыды – гэта рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў мазі, гелю альбо крэме. Перад палавым актам трэба памазаць гэтым рэчывам палавыя ворганы, і рызыка заражэньня ВІЧ у такім выпадку зьніжаецца на 37%. Я думаю, што навукоўцы будуць ісьці ў гэтым напрамку, бо да прывіўкі хіба што яшчэ далёкая дарога.

Дарэчы, ВІЧ – гэта яшчэ не сьмяротны прысуд. І хоць на сёньняшні дзень няма леку, які б поўнасьцю вылячыў чалавека ад хваробы, то існуюць сучасныя прэпартаты, прымаючы якія можна доўга жыць. Галоўнае, калі зьявіліся нейкія падазрэньні, варта хутка здаць кроў на аналізы. Бо гэта адказнасьць ня толькі за сябе, але й за іншых людзей – чалавек, заражаны ВІЧ, можа заразіць наступных, і тады трагедыя перакідаецца на іншых.

В.С.