http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144707

Прыйшла зіма…

02.12.2010

У календары пачатак сьнежня, а за вакном самы разгар зімы. Поўна снегу, паралізаваны дарожны рух. Прыйшла зіма, а яе не чакалі.

Зіма ўсё мацней паралізуе Эўропу, прычым ня толькі паўночную, але й цэнтральную.

Больш за 20 гадоў такой зімы не было ў Англіі. Надалей зачынены аэрапорт Gatwick, аднак апоўдні было вырашана адчыніць лётнішчы ў Эдынбургу й самым Лёндане. BBC паведамляе пра сотні кіроўцаў, а таксама пасажыраў цягнікоў, якія апошнюю ноч былі вымушаныя правесьці ў сваіх транспартных сродках па прычыне непраязных трасаў.

У Вялікабрытаніі з-за мяцеліцаў зачынена каля 4 тысяч школаў, у Шатляндыі – каля 1200, а гэта амаль палова адукацыйных установаў.

Многія рэйсы былі вымушаныя адмяніць аэрапорты ў Францыі. Праблемы маюць таксама асобы, якія выбраліся ў падарожжа чыгункай альбо аўтатранспартам. 12 французкіх рэгіёнаў забараніла кіроўцам фураў выезд у трасы.

Сапраўдны хаос па прычыне моцных ападкаў сьнегу назіраецца ў Нямеччыне. Лётнішчы ў Франкфурце-на-Майне й Мюнхэне ўжо трэці дзень запар спыняюць паветраны рух. Спынена таксама курсаваньне цягнікоў. Пасажыры, якія апынуліся на вакзале ў Мюнхэне, былі вымушаныя начаваць у падрыхтаваных чыгункай вагонах. Ня лепей выглядае сытуацыя на дарогах, дзе кіроўцы й пасажыры вымушаныя чакаць у даўжэзных заторах.

Кіроўца: Я ехаў зь Лейпцыга ў Дрэздэн 7 гадзінаў, з чаго 5 гадзінаў чакаў у корку. Гэта бязвыхадная сытуацыя. Дарожныя службы не пасьпяваюць прыбіраць сьнег.

Падобная сытуацыя назіраецца ў Бэльгіі, Швайцарыі, Чэхіі й Польшчы.

Аднак складаная сытуацыя на камунікацыйных шляхах - гэта ня самае страшнае. Найгоршае ў гэтай сытуцыі тое, што ў выніку атмасфэрных зьяваў гінуць людзі. Цягам двух апошніх дзён у Польшчы загінулі 25 асобаў. Некаторыя замерзьлі ў выніку перахаладжэньня арганізму, некаторыя загінулі ў выпадках, выкліканых пажарамі ці выбухамі газавага абсталяваньня, спрабуючы дадаткова абагрэць прамяшканьні.

На сёньняшні дзень Варшава зьяўляецца найбольш засьнежанай сталіцай у Эўропе, дзе выпала 33 сантымэтры ападкаў.

Сталічнаму бюджэту акцыя ачышчэньня гораду ўжо каштавала больш за 10 мільёнаў злотых (гэта прыкладна 2,5 мільёнаў эўра). Для прыкладу, мінулагодняя зіма польскай сталіцы каштавала больш за 60 мільёнаў злотых (15 мільёнаў эўра).

Мільённыя страты можа панесьці польская чыгунка, калі падлічыць, колькі яна заплоціць за гарбату й бутэрброды для пасажыраў, якія вымушаныя „зімаваць” у вагонах у лесе ці полі. Асобы, якія ня выехалі, стаяць у гіганцкіх чэргах, каб вярнуць білеты. А вось пасажыры, у якіх зьявіўся вымушны прыпынак недзе ў сугробе, ня могуць разьлічваць на вяртаньне грошай. У суме такім чынам у сьнезе можа быць „засыпана” больш за 200 тысяч злотых (прыкладна 50 тыс. эўра) толькі за білеты.

Калі на старым кантынэнце пануе гэтак званае атмасфэрнае пекла, то можна гаварыць і пра рай на зямлі ў даслоўным сэнсе гэтага слова. У Грэцыі, як ніколі дагэтуль, стаіць цудоўнае надвор'е, тэмпэратура паветра +20 градусаў паводле Цэльсія. А ў курортных мясцовасьцях турысты загараюць і купаюцца ў моры.

Анна Лёнгард з газэты "Атэньскі кур’ер" кажа, што нават для Грэцыі пачатак сьнежня надзвычай цёплы.

Анна Лёнгард: Навор’е значна цяплейшае, чым тыповая восеньская пагода. Звычайна гэтая пара году даволі мокрая, а на тэрмомэтрах усяго некалькі градусаў цяпла. І хаця апошнім часам Грэцыю закранаюць розныя нячаканасьці, то гледзячы ў вакно, усе цешацца, што апынуліся ў раі. Цёпла, сонечна, і мы таму шчасьлівыя.

Анна Лёнгард дадае, што жыхары Грэцыі з зацікаўленьнем назіраюць за сытуацыяй ў Цэнтральнай і Паўночнай Эўропе, паралізаванай сьнежнымі завеямі. Аднак паводле прагнозаў сыноптыкаў, бліжэйшымі днямі надвор’е ў Грэцыі таксама пагоршыцца.

А для жыхароў іншых краінаў, якія стаміліся ад сьнегу ды марозу, у сыноптыкаў добрыя навіны - цягам наступных дзён сьнегапад зьменшыцца.

Караліна Русіновіч