http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=144794

Рэлігійныя весткі

04.12.2010

Цягам 8 дзён, пачынаючы ад серады, габрэі ва ўсім сьвеце адзначаюць Хануку – габрэйскае сьвята сьвятла. Яно трывае восем дзён і зьяўляецца ўспамінам здарэньняў, зьвязаных з паўстаньнем Макавеяў і цуду, калі пасьля асьвячэньня ерусалімскай сьвятыні невялікая колькасьць рытуальнай алівы гарэла восем дзён. 

Катажына Мазурчак з Габрэйскай службы Польскага радыё для замежжа расказвае пра сэнс сьвята Ханукі й адкуль яно ўзялося.

К. Мазурчак: Гэтае сьвята не належыць да найважнейшых габрэйскіх сьвятаў, але зьяўляецца адным з найбольш радасных. Гэта ўспамін вызваленьня габрэйскімі паўстанцамі ерусалімскага храму ў ІІ стагодзьдзі да нашай эры. Гэты быў нацыяналістычны зрух супраць грэцкіх уплываў на габрэяў. Грэкі забралі ерусалімскую сьвятыню й забаранілі габрэям яе наведваць. Кароль Антыёхіі выступаў супраць манаістычнай рэлігіі, а габрэі ў сваю чаргу адмаўляліся шанаваць грэцкіх бажкоў. Можна сказаць, што гэта сьвята, якое абараняе манатэістычную рэлігію, веру ў адзінага Бога.

Хануку называюць сьвятам сьвятла, паколькі кожны дзень на васьміканечным падсьвечніку запальваецца па адной сьвечцы. У гэтыя дні прынята радавацца й дзяліцца зь іншымі добрым настроем.

Катажына Мазурчак тлумачыць, чаму сьвята працягваецца восем дзён.

К. Мазурчак: Восем дзён трывала ачышчэньне сьвятыні ад бажкоў і ахвяраваньняў. У ерусалімскай сьвятыні забівалі сьвіней і прыносілі іх у ахвяру. У габрэйскай традыцыі сьвіня зьяўляецца некашэрнай жывёлай. І ачышчэньне трывала восем дзён. Для гэтага ў храме павінны былі гарэць аліўныя лямпады. Гэтай алівы было вельмі мала, але здарыўся цуд і яе хапіла на ўсе восем дзён. Таму важна, каб у знак памяці пра аліву падчас Ханукі спажываць тлустыя рэчы. Эўрапейскія габрэі ядуць дранікі, а ўсходнія – усялякія ласункі.

У сучаснасьці сфармавалася традыцыя падчас Ханукі абдорваць дзяцей падарункамі. Таму Ханука – гэта радаснае сьвята, асабліва для наймалодшых.

5 сьнежня ў Каталіцкім касьцёле ў Польшчы адзначаецца X Дзень малітвы й матэрыяльнай дапамогі Касьцёлу на Ўсходзе. Гэта ініцыятыва Канфэрэнцыі біскупаў Польшчы, якія хочуць зьвярнуць увагу на праблемы Касьцёла ў краінах Усходняй Эўропы, Расеі й Цэнтральнай Азіі.

Сёлетнім лёзунгам Дня малітвы зьяўляецца тэма новага душпастырскага году: „У камуніі з Богам і людзьмі,” – кажа сакратар Эпіскапату Польшчы біскуп Станіслаў Будзік.

С. Будзік: Гэтая камунія атаясамлівецца нам з прыняцьцём камуніі падчас Імшы, але гаворка ідзе пра іншую камунію. Мы пішам гэтае слова з малой літары, бо на ўвазе маецца супольнасьць у духоўным сэнсе. Гэта не супольнасьць інтарэсаў, гэта супольнасьць, якая свае карані мае ў Богу. У гэтай камуніі трэба будаваць дом, у якім трэба несьці адказнасьць адзін за аднаго.

У гэты дзень каля храмаў зьбіраюцца ахвяраваньні. У мінулым годзе ўдалося сабраць больш за 2 мільёны злотых. Дзякуючы гэтаму былі рэалізаваныя 360 просьбаў, якія паступілі ў Эпіскапат Польшчы ад сьвятароў і манахаў, якія працуюць на Ўсходзе. Грошы былі патрэбныя як на пакупку літургічных прыналежнасьцяў, так і на рамонты касьцёлаў ці дабрачынную дапамогу для мясцовых вернікаў.

Як падкрэсьлівае старшыня групы дапамогі Касьцёлу на Ўсходзе біскуп Тадэвуш Пікусь, чалавек зьяўляецца духоўна-матэрыяльным стварэньнем, таму чакае і матэрыяльнай, і духоўнай падтрымкі.

Т. Пікусь: Ёсьць розныя патрэбы. Калі казаць пра малітву, то важна, каб нашыя думкі й малітвы былі накіраваныя да канкрэтных людзей, мясцовасьцяў, супольнасьцяў. Тады ўзьнікае духоўная супольнасьць, а гэтую камунію стварае Бог. Вельмі важным зьяўляецца духоўнае ўзмацненьне гэтых людзей.

У знак удзячнасьці за падтрымку касьцёлы ў Беларусі, Украіне й Расеі гэтую нядзелю прызначылі Днём малітвы і ўдзячнасьці за дапамогу.