http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145084

"Тыдзень польскага кіно" ў Гомелі

08.12.2010

З 6 па 11 сьнежня ў Гомелі адбываецца "Тыдзень польскага кіно", у рамках якога да ўвагі гледачоў будзе прапанаваны рэтраспэктыўны паказ фільмаў польскага рэжысэра Анджэя Вайды.

Фільмам цырымоніі адкрыцьця абрана карціна "Ўсё на продаж", удастоеная галоўнага прыза XX Міжнароднага кінафэстывалю ў Эдынбургу ў 1968 годзе. Гэта аповед пра нечакана памерлага чалавека. Яго сьмерць прымушае гледачоў задумацца, кім ён быў на самай справе, што пасьля сябе пакінуў, якім застанецца ў памяці тых, хто яго любіў ці ненавідзеў. На працягу тыдня ў відэазале кінатэатра ім. Калініна гледачы змогуць убачыць яшчэ пяць найлепшых фільмаў Анджэя Вайды: "Чалавек з мармуру", "Зямля запаветная", "Спадарыні зь Вілька", "Дантон" і "Корчак". Фільмы будуць дэманстравацца на мове арыгінала з субтытрамі.

Штодня паказ пачынаецца ў 18.00, уваход свабодны.

I Менскі міжнародны калядны опэрны форум адкрыўся ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры й балету. За шэсьць дзён, з 7 па 12 сьнежня, гледачы ўбачаць найбольш папулярныя опэрныя спэктаклі ў выкананьні вядомых беларускіх артыстаў і запрошаных зорак сусьветнага ўзроўню. Удзел у форуме возьмуць больш за 150 гасьцей з Расеі, Летувы, Латвіі, Азэрбайджана, Сэрбіі, Гішпаніі, Узбэкістана.

Старт музычнаму тыдню дасьць “Набука”, першая поўнамаштабная пастаноўка опэры італьянскага кампазытара Джузэпэ Вэрдзі. У гэты вечар на сцэну выйдуць майстар опэры Сэрбіі Браніслаў Яціч і знакаміты гішпанскі тэнар Хорхэ Пэрдыгон. За дырыжорскім пультам - ляўрэат міжнароднага конкурсу фонду Гербэрта фон Караяна Гінтарас Рынкявічус.
Завершыцца фэстываль 12 сьнежня гала-канцэртам зорак сусьветнай опэрнай сцэны пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Ўкраіны Віктара Пласкіна. У музычным вечары прымуць удзел Зураб Саткілава, народная артыстка Расеі Людміла Шамчук, Хорхэ Пэрдыгон, ляўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Сулімскі, народны артыст Узбэкістана Аваза Раджаба, народныя артысты Беларусі Сяргей Франкоўскі і Ўладзімір Пятроў ды ншыя.

17 сьнежня у Тэатры польскім у Варшаве адбудзецца незвычайны канцэрт пад назвай „Mojepolskieradio.pl”, які ладзіць Трэці канал дзяржаўнага Польскага радыё й Другі канал Польскай тэлевізіі. Канцэрт адбудзецца ў рамках сьвяткаваньня 85-годзьдзя Польскага радыё.

Падчас імпрэзы ў суправаджэньні сымфанічнага аркестра Польскага радыё засьпявае Сьцінг. Сусьветнавядомы артыст выканае некалькі найбольш вядомых гітоў. Падчас канцэрту выступяць таксама зоркі польскай сцэны: гурты Perfect, T.Love, Raz Dwa Trzy, Робэрт Гаўліньскі, Анна Марыя Ёпэк. Засьпявае таксама маладая галяндзкая вакалістка Каро Эмэральд.

На сцэне паявяцца журналісты радыйнай «Тройкі». У імправізаваную студыю на сцэне будуць запрошаныя самыя папулярныя галасы радыёстанцыі. Вядомыя журналісты падзеляцца анэкдотамі, зьвязанымі зь іх працаю ў радыё.

Плятформа „mojepolskieradio.pl” – гэта новая прапанова Польскага радыё, на якой сабраныя каля 85 радыёстанцыяў у інтэрнэце.

Журналісты з Кіева, Адэсы й Віньніцы атрымалі ўзнагароды Польскага інстытуту ва Ўкраіне за найлепшыя рэпартажы пра Фрыдэрыка Шапэна. Конкурс арганізаваны з нагоды 200-й гадавіны з дня нараджэньня кампазытара. Рэпартажы выбіралі чальцы польска-ўкраінскага клюбу журналістаў „Без засьцярогаў”. Яго кіраўнік Уладзімір Паўліў адзначыў, што выбар ня быў лёгкім, паколькі ўкраінскія СМІ дастаткова рэдка інфармавалі пра Год Шапэна, абмяжоўваючыся кароткімі інфармацыямі. А колькасьць не азначае якасьці.

Чальцам журы ўсё ж удалося знайсьці добрыя матэрыялы. У катэгорыі радыёперадачы ўзнагароду атрымалі два кіеўскія журналісты, якія падрыхтавалі цыкль „Шапэн у джазе” на прыватнай радыёстанцыі „Эра FM”.

Узнагароду таксама атрымалі журналісты адэскай газэты „Porto Franco”, якія пісалі пра культурны фэномэн Фрыдэрыка Шапэна, а таксама журналісты віньніцкай тэлевізіі, у праграме якой распавядалі пра жыцьцё Шапэна ды паказалі выступы вучняў школ, якія ігралі творы Шапэна.