http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145098

Расея ўступае ў СГА. Што будзе з Мытным зьвязам?

08.12.2010

У сталіцы Бэльгіі завершыўся чарговы саміт ЭЗ-Расея. Дыпляматы з Брусэлю й Масквы дапрацавалі пагадненьне, якое дазваляе Расеі ў хуткім часе стаць сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Акрамя гэтага, прэзыдэнты Расеі ды Эўразьвязу абмеркавалі пытаньні абароны правоў чалавека, а таксама рашэньня “змарожаных” канфліктаў на постсавецкай прасторы.

Расея можа ўступіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю ўжо ў будучым годзе – пра гэта заявіў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Барозу. Уступаючы ў СГА, краіна абавязаная панізіць мытныя бар’еры для ўсіх сяброў арганізацыі да ўзроўню, які мае самы прывілеяваны гандлёвы партнэр. Шмат хто з эканамістаў кажа, што стварэньне Мытнага зьвязу Расеі, Беларусі й Казахстану супярэчыць ідэі ўступленьня Расеі ў СГА. Аднак Масква ад Мытнага зьвязу не адмовіцца, а наадварот – паспрабуе яго завершыць перад уступленьне у СГА, – кажа палітоляг Кірыл Коктыш.

К. Коктыш: Паводле статуту СГА, тыя гандлёвыя асацыяцыі, якія ўжо існуюць, зусім ня мусяць быць расфармаваныя, а наадварот – маюць пэўны прыярытэт. Таму Расеі, Казахстану й Беларусі варта зацьвердзіць усе дакумэнты перад уступленьнем у Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Усе гэтыя дакумэнты трапляюць пад артыкул аб рэгіянальным эканамічным супрацоўніцтве. Ніякай юрыдычнай праблемы тут няма.

Сапраўды, правілы СГА дазваляюць ствараць рэгіянальныя эканамічныя супольнасьці. На плянэце шмат гадоў дзейнічаюць Эўразьвяз, ASEAN, MERCOSUR ды іншыя эканамічныя аб’яднаньні, сябры якіх адначасова ўваходзяць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Так што Расея не адмовіцца ад стварэньня Мытнага зьвязу. Аднак яго правілы трэба будзе дастасоўваць да правілаў СГА, а гэта значна ўскладніць і так няпростыя стасункі паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Так лічыць эспэрт у галіне міжнародных адносінаў Сяргей Богдан.

С. Богдан: Уступленьне Расеі ў СГА створыць новыя рамкі для дамоўленасьцяў аб тарыфах, падатковых рэжымах і г.д. У гэтым выпадку ў кволых інтэграцыйных праектах Масвы зьявяцца новыя праблемы. Іх напэўна ўдасца вырашыць, бо пытаньне Мытнага зьвязу для Расеі – жыцьцёва важнае. Аднак мы напэўна пабачым эпоху турбуленцыі.

Уступленьне ў СГА не гарантуе, што Масква перастане весьці гандлёвыя войны са сваімі суседзямі. Экспэрт асьцерагаецца, што Расея будзе прытрымлівацца палітыкі двайных стандартаў. У стасунках з разьвітымі заходнімі краінамі яна будзе выконваць правілы СГА, а ў стасунках з краінамі бліжняга замежжа – не, - сьцьвярждае Сяргей Богдан.

С. Богдан: Пэўныя стандарты напэўна будуць перанятыя, але баюся, што ў Расеі будуць свае паняцьці для супрацоўніцтва з партнэрамі на Захадзе, і зусім іншыя стандарты для постсавеціх краінаў.

Падчас саміту Эўразьвяз-Расея прэзыдэнт Эўразьвязу агучыў праблемы абароны правоў чалавека ў Расеі, у прыватнасьці сытуацыю на Каўказе й напады на журналістаў у Маскве. Герман ван Рампэй заклікаў да хутчэйшага вырашэньня гэтак званых “замарожаных” канфліктаў – у Прыднястроўі, Нагорным Карабаху, Паўднёвай Асэтыі й Абхазіі. Ён заклікаў да павагі тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі й пашырэньня прысутнасьці назіральнікаў АБСЭ ў зоне канфлікту.

Нягледзячы на заклікі Эўразьвязу, хуткага рашэньня канфліктаў у Грузіі чакаць не належыць, – лічыць аналітык Раман Якаўлеўскі. Прыкладам таму зьяўляецца нядаўні скандал на саміце АБСЭ ў Астане.

Р. Якаўлеўскі: Зьяўленьне двух расейскіх пратэктаратаў у Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі якраз сьведчаць, што ніякага прагрэсу ў вырашэньні гэтага канфлікту няма. Мядзьведзеў нават быў вымушаны пакінуць саміт АБСЭ раней, бо не жадаў слухаць выступу Саакашвілі.

Нягледзячы на значныя супярэчнасьці ў гэтай галіне, прадстаўнікі аб’яднанай Эўропы былі вельмі задаволеныя вынікамі саміту Эўразьвяз-Расея. Германа ван Рампэя асабліва ўсьцешыў прагрэс у перамовах, што датычацца расейска-эўрапейскага партнэрства для мадэрнізацыі ды адмены візаў.

Аляксандар Папко