http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145127

НАВУКА Й ТЭХНІКА

09.12.2010

Эўразьвяз занепакоены ростам колькасьці поўных людзей сярод эўрапейцаў

Больш, чым палова дарослых жыхароў Эўразьвязу змагаецца зь лішняй вагой альбо паўнатой.

Гэткія трывожныя дадзеныя ў супольным рапарце публікіюць Эўрапейская камісія й Арганізацыя па эканамічным супрацоўніцтве й разьвіцьці.

Ад пачатку 90-х гадоў у краінах эўрапейскай супольнасьці колькасьць асобаў з паўнатой павялічылася ўдвая. Найгорш выглядаюць у гэтым рэйтынгу брытанцы. Кожны чацьвёрты грамадзянін Вялікабрытаніі – тоўсты. Ня лепш сытуацыя выглядае ў Ірляндыі, на Мальце, у Ісляндыі ці Люксамбурзе.

Сярэдні працэнт тоўстых па Эўразьвязе сладае 15 на сто жыхароў. У Польшчы згаданы паказчык складае 12,5%.

Найбольш худыя жыхары Румыніі, Швайцарыі й Італіі. У гэткай сытуацыі, некалькі тыдняў таму ўрад Вялікабрытаніі пачаў гаварыць пра эпідэмію атлусьценьня.

„Трэба згадзіцца, што мы неадпаведным чынам ацанілі перасьцярогі Сусьветнай арганізацыі здароўя, паводле якой паўната - гэта найбольшая, неідэнтыфікаваная пагроза для здароўя людзей,” - заявіў урадавы экспэрт прафэсар Філіп Джэймс.

Лекараў непакоіць таксама няправільная вага сярод наймаладзейшых эўрапейцаў. Паводле згаданага рапарту, зьява лішняй вагі альбо атлусьценьня датычыць кожнага сёмага дзіцяці ў Эўразьвязе. Тэндэнцыя згаданых паказчыкаў растучая.

Невялікія дозы аспірыну ахоўваюць ад рака

Невялікія дозы аспірыну могуць прадухіліць сьмерць у выніку рака - лічаць навукоўцы.

Найноўшыя вынікі дасьледваньняў вядомага некалькі дзясяткаў гадоў леку публікуе прэстыжнае выданьне „Lancet”.

Дастаткова прымаць штодзённа 75 міліграмаў аспірыну - гэта менш, чым адна пятая стандартнай таблеткі – пераконвае аўтар дасьледваньняў прафэсар Пэтэр Ротуэль (Peter Rothwell) з Унівэрсытэту ў Оксфардзе. Паводле яго, у выпадку людзей, якія прымалі аспірын цягам 5-7 гадоў рызыка сьмерці ў выніку рака зьменшылася на адну чацьвёртую. Дасьледваньні былі праведзеныя сярод 25 тысячаў чалавек.

Аспірын найлепш задзейнічаў у выпадку рака страваводу – рызыка сьмяротнага зыходу зьменшылася на 60%. Задавальняючыя вынікі былі зафіксаваныя таксама ў выпадку рака лёгкіх і кішкаў.

Усё ж навукоўцы нагадаюць, што аспірын мае таксама адмоўнае ўзьдзеяньне – можа давесьці да крывацёку. Тым ня менш, яны перакананыя, што станоўчыя бакі тэрапіі больш карысныя, чым магчымыя страты. Таму аспірын можна пачаць прымаць ва ўзросьце 40-45 гадоў ды спажываць цягам 25 гадоў.

Аспірын - інакш ацэтылсаліцылавая кіслата - гэта абязбольваючы, супрацьінфэкцыйны, гарачкапаніжальны лек. У сувязі з пабочнымі эфэктамі трэба захаваць асаблівую асьцярожнасьць у выпадку цяжарных і дзяцей.

Кліматычны саміт у Канкуне працягваецца

Эколягі спадзяюцца, што будзе заключана міжнароднае паразуменьне па справе аховы клімату.

Кіматычны саміт, які працягваецца ў мэксыканскім горадзе Канкун, дае невялікі шанец на пералом у перамовах.

Праблема застаецца тая ж самая ад многіх гадоў. Багатыя краіны, асабліва чальцы Эўразьвязу, хочуць абмежаваць выкіды цяплічных газаў. Падрабязнасьці, датычныя іх скарачэньня павінны быць апісаны ў новым міжнародным трактаце. Менавіта пра гэта размаўляюць удзельнікі саміту ў Канкуне.

Праблема заключаецца у тым, што эканоміка караінаў, якія разьвіваюцца, у большасьці абапіраецца на вугаль, таму яны на скарачэньне выпуску вуглекіслага газу не згаджаюцца, паколькі ад гэтага залежыць вытворчасьць электраанэргіі, адпаведна, і эканамічны рост.

Калі Кітай і Індыя зьмягчылі сваю пазыцыю, перш за ўсё, па пытаньні жорсткага маніторынгу выкідаў газаў, то Японія, Расея й Канада адмаўляюцца ад увядзеньня новых абмежаваньняў, што дадаткова ўскладняе характар перамоваў.

Праўда, як пераконваюць аглядальнікі, сустрэча ў Канкуне праўдападобна не закончыцца заключэньнем новага міжнароднага дакумэнту, але, магчыма, паявяцца шанцы на паразуменьне прынамсі па некаторых пытаньнях.

Саміт закончыцца 10 сьнежня.

Балівія: сучасныя дамы Лa- Паc

У сталіцы Балівіі – Ла-Пас узьнікаюць новага роду дамы. Яны маюць незвычайны кшталт трох прамавугольных вежаў, спалучаных кароткімі мастамі, па якіх можна свабодна пераходзіць з адной часткі дому ў другую.

Гэткі кшталт будынку павінен апраўдацца ў горадзе, які змагаецца з пастаяннымі абваламі зямлі са схілаў даліны, у якой ён распаложаны.

Паводле ўступных ацэнкаў, амаль тры чацьвёртыя горада знаходзяцца пад пагрозай з боку абвалаў зямлі.

Новыя дамы могуць прыдасца таксама ў іншых краінах, якія змагаюцца з падобнай праблемай, у тым ліку ў суседняй Калюмбіі, дзе ў выніку абвалаў зямлі пасьля паводкі было зьнішчана больш за 10 тысячаў дамоў.


А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org