http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145231

Ежы Бузэк напісаў ліст прэзыдэнту Кубы Раулю Кастра

10.12.2010

Старшыня Эўрапейскага парляманту Ежы Бузэк напісаў ліст прэзыдэнту Кубы Раулю Кастра. У ім ён просіць даць магчымасьць Гільерма Фарыньясу асабіста прыбыць на ўручэньне ўзнагароды імя Сахарава. Урачыстасьць уручэньня павінна адбыцца на будучым тыдні падчас паседжаньня Эўрапарляманту ў Страсбурзе.

Ежы Бузэк у лісьце прэзыдэнту Кубы падкрэсьліў, што хоча, як і ўсе эўрадэпутаты, каб сёлетні ляўрэат прысутнічаў на ўручэньні прэміі. Ён заклікаў Рауля Кастра й кубінскія ўлады „ў духу супрацы і ўзаемнай павагі” даць ляўрэату дазвол і патрэбныя дакумэнты на прыезд у Страсбург.

Старшыня Эўрапарляманту падкрэсьліў, што дазвол на падарожжа будзе пазытыўна ўспрыняты парлямантам, а таксама будзе мець станоўчы ўплыў на ўзаемныя стасункі паміж ЭЗ і Кубай. Ліст сымбалічна адпраўлены 10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.
Кубінец Гільерма Фарыньяс, журналіст і дысыдэнт, знаходзіцца ў вязьніцы за палітычныя перакананьні. Ён арганізаваў 23 страйкі супраць цэнзуры на Кубе. Таксама ён заснаваў уласнае незалежнае інфармацыйнае агенцтва.