http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145254

Нобэлеўская прэмія міру: гісторыя й ляўрэаты

10.12.2010

У Осла ў залі сталічнай ратушы адбылася цырымонія ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру. Запрошаныя госьці, сярод іх кароль Нарвэгіі Харальд V і прадстаўнікі 45 краін сьвету, былі сьведкамі нетыповай цырымоніі. Пяты раз у 109-гадовай гісторыі прэміі крэсла ляўрэата было пустым. Сёлетні ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, кітайскі дысыдэнт, змагар за правы чалавека Лю Сяабо адбывае тэрмін 12 гадоў пазбаўленьня свабоды за „антыдзяржаўную дзейнасьць”.

Лю Сяабо зьяўляецца пятым нобэлеўскім ляўрэатам, які ня змог прыехаць на ўручэньне прэміі па палітычных матывах, як калісьці Андрэй Сахараў ці Лех Валэнса. Лідар тагачаснага прафсаюзнага незалежнага руху „Салідарнасьць”, узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй у 1983 годзе, ня мог прыстутнічаць на ўрачыстасьці, паколькі таксама знаходзіўся пад арыштам. Ад ягоная імя ўзнагароду атрымала жонка Данута.

Ужо ў незалежнай Польшчы Лех Валэнса распавядаў, як вялікае значэньне мела гэтая ўзнагарода ня толькі для яго, але й для ўсіх палякаў.

Лех Валэнса: Гэтая ўзнагарода мяне асабіста зрабіла бесьсьмяротным, а прафсаюзу дала новыя сілы, дазволіла нам ісьці далей і перамагаць. Бяз гэтай узнагароды я не ўяўляю сабе далейшых посьпехаў і перамогаў. Я такім чынам стаўлюся да гэтай узнагароды.

Леташняе рашэньне Нобэлеўскага камітэту крыху зьдзівіла міжнароднае грамадзтва, паколькі ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру стаў прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Пасьля аб’яўленьня прозьвішча ляўрэата Абама выступіў з заявай, зазначаючы, што прымае ўзнагароду як заклік усіх народаў адказваць на выклікі 21 стагодзьдзя.

Барак Абама: Трэба паставіць справу ясна: я не атрымліваю ўзнагароды за мае асабістыя дасягненьні. Хутчэй за ўсё гэта пацьвярджэньне факту, што ЗША дзейнічаюць ад імя ўсіх народаў.

Сярод ляўрэатак Нобэлеўскай прэміі міру ёсьць кенійская экалягічная актывістка Вангары Маатаі, якая ў 2003-2005 гадох займала пасаду міністра навакольнага асяродзьдзя Кеніі. Атрымліваючы ўзнагароду ў 2004 годзе прафэсар  Маатаі заклікала вялікія карпарацыі спрыніць зьнішчэньне натуральнага асяродзьдзя, зазначаючы пра неабходнасьць глябальнага падыходу да справы экалёгіі.

Вангары Маатаі: Сусьветныя ўстановы павінны разумець, што гарантыя эканамічнай справядлівасьці, роўнасьці й экалягічнай інтэгральнасьці - гэта дасягненьне, за якое варта заплаціць кожную цану.

Нобэлеўская прэмія міру прызнаецца ня толькі асобам, але й арганізацыям. Сярод ляўрэатаў узнагароды ёсьць „Лекары бязь межаў”, Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў ці Міжнародная кампанія на карысьць забароны супрацьпяхотных мінаў.

Пяць гадоў таму ўзнагароду атрымала Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі й ягоны старшыня Махамад Эль Барадэй. Ён зазначыў, што гэтая ўзнагарода дапаможа вырашаць такія пытаньні, як ядзерны крызыс у Іране ці Паўночнай Карэі.

Махамад Эль Барадэй: Факт існаваньня вялікай грамадзкай прадтрымкі нашай працы дапаможа нам вырашыць прынамсі частку складаных пытаньняў, якія стаяць сёньня перад намі, у прыватнасьці, пытаньне Ірану, Паўночнай Карэі ці ядзернага раззбраеньня.

Нобэлеўская прэмія міру, заснаваная Альфрэдам Нобэлем, уручаеца 10 сьнежня ў гадавіну сьмерці навукоўца.

Упершыню Нобэлеўская прэмія міру была ўручана ў 1901 годзе заснавальніку Чырвонага крыжа й Жэнэўскай канвэнцыі Жану Анры Дунану са Швайцарыі.

Узнагарода ўручаецца палітыкам, грамадзкім дзеячам і арганізацыям, якія дзейнічаюць на карысьць міру.

У адрозьненьне ад узнагародаў у іншых галінах, прэмію міру ўуручае ня швэдзкая, а нарвэская ўстанова - камітэт у складзе 5 чалавек, якіх вылучае нарвэскі парлямант.
Сярод ляўрэатаў Нобэлеўскай праміі міру ёсьць такія вядомыя й заслужаныя асобы, як Далай-Лама XIV, Маці Тэрэза з Калькуты, Джым Картэр, Нэльсан Мандэла ці Міхаіл Гарбачоў.


Падрыхтавала Караліна Русіновіч