http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145520

Весткі культуры

15.12.2010

Паволі набліжаецца да канца сьвяткаваньне Году Шапэна ў розных эўрапейскіх краінах. Завяршальны канцэрт адбыўся ў Парыжы й гэтым разам творы польскага кампазытара былі выкананыя ў джазавай вэрсіі.

У францускай сталіцы, адказнай за арганізацыю мерапрыемстваў у Год Шапэна, была Польская бібліятэка. Яшчэ перад канцэртам дырэктар бібліятэкі ў Парыжы Данута Дзюбуа паінфармавала, што гэтай імпрэзай завяршаецца другі цыкл імпрэзаў, арганізаваных у рамках Году Шапэна.

Падчас канцэрту прагучала джазавая музыка ў выкананьні польскага гурта Анджэй Ягадзіньскі Трыо. Парыскія слухачы маглі пераканацца, як лёгка прэлюдыя можа гучаць на фартэпіяна, кантрабасе й ударных інструмэнтах. Польскія музыкі выканалі некалькі накцюрнаў, мазуркаў і чатыры часткі Санаты b-moll.

Пленэр „Збунтаваны горад. Шчэцінскі сьнежань 1970 - студзень 1971” падрыхтаваў Інстытут нацыянальнай памяці з нагоды гадавіны бунтаў працаўнікоў у Шчэціне.

Некалькі дзясяткаў здымкаў разьмешчаныя на двух бігбордах вышынёй 30 мэтраў. Каб паглядзець здымкі, трэба зайсьці паміж дзьве сьцяны, якія сымбалізуюць муры. Арганізатары спадзяюцца, што наведвальнікі выставы адчуюць сябе як удзельнікі дэманстрацыі, якія ідуць вуліцамі гораду.

На выставе паказаныя здымкі з дэманстрацыяў, сутычак зь міліцыяй, вуліцы Шчэціна, ахопленага страйкамі, спосабы затрыманьня ўдзельнікаў пратэстаў. Здымкі паходзяць як ад прыватных людзей, так і з архіваў Службы бясьпекі.

Адкрыцьцё выставы адбудзецца 17 сьнежня. У гэты дзень 1970 году пасьля абвяшчэньня чарговага павышэньня цэнаў на прадукты харчаваньня, у суднаверфі імя Адольфа Варскага пачаўся страйк. Рабочыя выйшлі на вуліцы гораду, а да іх далучыліся працаўнікі зь іншых фабрык і жыхары Шчэціна. У выніку сутычак загінула 16 чалавек, больш за 100 былі параненыя.

Фільм „Кароль гаворыць” пра брытанскага манарха Георга VІ атрымаў найбольш намінацый на кінапрэмію „Залаты глёбус”. Брытанскі фільм намінаваны ў сямі катэгорыях, у гэтым ліку на найлепшую драму.

„Залаты глёбус” за найлепшы фільм традыцыйна ўручаецца ў дзьвюх намінацыях – „найлепшая драма” й „найлепшая камэдыя ці мюзікал”. „Залаты глёбус” лічыцца другой па прэстыжнасьці пасьля Оскара кінапрэміяй.

На званьне найлепшай драмы таксама прэтэндуюць стужкі „Пачатак”, „Чорны лебедзь”, „Баец”, „Сацыяльная сетка”.

Фільмы „Аліса ў краіне цудаў”, „Бурлеск”, „РЭД”, „Дзеці ў парадку” ды „Турыст” намінаваныя ў катэгорыі „найлепшая камедыя ці мюзікал”.

У аўторак у менскім Палацы мастацтва адкрылася II Беларуская біенале жывапісу, графікі й скульптуры. У экспазыцыі больш за 200 працаў, створаных беларускімі майстрамі выяўленчага мастацтва розных пакаленьняў за апошнія два гады.

Творы для экспазыцыі адбіраліся аўтарытэтным прафэсійным аргкамітэтам з прадстаўнікоў усіх сэкцыяў, творчых аб'яднаньняў і абласных арганізацый Беларускага саюзу мастакоў.

Кожны ўдзельнік выставы мае магчымасьць патаемна пазначыць у бюлетэні трох найлепшых на яго думку аўтараў у трох намінацыях. Пасьля галасаваньня незалежныя прадстаўнікі рэвізійнай камісіі творчага саюза праз падлік набраных балаў вызначаць пераможцаў конкурсу. Арганізатары запрасілі ўсіх аўтараў выставы 22 сьнежня ў Палац мастацтва, каб пазначыць у бюлетэнях прозьвішчы трох найлепшых мастакоў біенале ў кожнай з трох намінацый.

Сёлетняя біенале працуе да 25 сьнежня.

Адзіная ў сьвеце фондавая біржа твораў мастацтва адчыняецца на гэтым тыдні ў Парыжы. Створаная па мадэлі традыцыйных фондавых біржаў, пляцоўка Art Exchange дазволіць калекцыянэрам набываць акцыі розных работ, якія захоўваюцца ў музэях сьвету. Кошт акцый карцін, скульптур і фотаздымкаў складзе ад € 10 да € 100. На дадзены момант галерэі й музэі, якія заключылі кантракт зь біржай, маюць калекцыі твораў мастацтва на 100 тыс. эўра.

Паводле ўмоваў пагадненьня, біржа павінна прадаць да 20% акцый твораў за пэрыяд ад трох да шасьці месяцаў. У выпадку, калі пляцоўка рэалізуе менш названага аб'ёму акцый, праца застаецца ў валоданьні музэя. Калі ж калекцыянэр выкупляе 80% долю, яму прапануецца завяршыць набыцьцё й «забраць экспанат дадому.» Кіраўніцтва гандлёвай пляцоўкі мае намер заключыць дамовы з музэямі ЗША, Вялікабрытаніі й Кітая.

У лютым у дыскарнях зьявіцца доўгачаны альбом швэдзкага гурту Roxette. Папярэдні альбом выйшаў 15 гадоў таму. У 80-90-х гадах гурт быў на вышыні музычнага небасхілу. Хто ня ведае іх песьняў "It must have been love", альбо "Listen to your heart"?

Пазьней іх кар’ера паступова згасала. У 2002 г. Пэр Гэсьле й Марые Фрыдрыксан прыпынілі сваю працу з-за хваробы вакалісткі. Але летась Roxette нечакана вярнуўся на сцэну. “Мы пачалі думаць пра будучыню, - кажа Пэр Гэсьле, - і разважалі пра запіс новай кружэлкі, якая б змагла ахапіць увесь сэнс Roxette і ў той жа час гучала сучасна”.

Польскія фанаты Roxette змогуць пачуць любімую музыку ў навагоднюю ноч на Пляцы Канстытуцыі ў Варшаве. Швэдзкія музыкі завітаюць на навагоднюю імпрэзу ў польскай сталіцы.