http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145710

Запрашаем у Польшчу на „куліг”

17.12.2010

Зіма ў самым разгары, паўсюль поўна сьнегу, у Польшчы таксама, таму, шаноўныя слухачы, запрашаем вас на традыцыйны польскі куліг - гэта катаньне на санях. Але гэта не звычайнае катаньне, гэта цэлы абрад са сваімі адметнасьцямі й традыцыямі.

Па сёньняшні дзень слова „куліг” у замежных энцыкляпэдыях азначае  старапольскую, традыцыйную забаву шляхты ў ваколіцах Калядаў.

Першыя падобнага роду забавы паявіліся яшчэ за панаваньня дынастыі Пястаў. Аднак найбольш гучныя  забавы ладзіліся над Віслай за часоў караля Яна ІІІ Сабескага.

Удзел у кулігу быў прывілеем арыстактарыі. Коні са шляхэцкіх стайняў цягнулі ўпрыгожаныя сані. У санях сядзелі дамы ў атласных сукенках з рукамі, схаванымі ў пушыстыя мушкі. Побач музыкі гралі вясёлыя мэлёдыі. Здаралася, што падчас адной забавы цягнуўся ланцуг зь некалькіх дзясяткаў саней.
Куліг не заўсёды быў звычайнай забавай. Здаралася, што ў санях вырашаліся палітычныя пытаньні, сваталіся пары, а нават даходзіла да перамір’я паміж пасваранымі манархамі.

Паступова куліг станавіўся забавай ня толькі багатых  асобаў,  гэтую традыцыю пачалі пераймаць сяляне. У XІX стагодзьдзі ў гэтай зімовай імпрэзе прымала ўдзел нават па некалькі вёсак. Кулігі ладзіліся ад Калядаў аж па Вялікі пост. Сэзон на куліг заўсёды завяршаўся забавай з абжорствам і празьмерным спажываньнем алькаголю. Сёньня куліг выглядае крыху інакш.

У сучасным сьвеце куліг стаў дасканалай нагодай для бізнэсу. Як толькі паявіцца першы сьнег, у вёскі зь вялікіх гарадоў прыязджаюць цэлыя аўтобусы. Некалі куліг доўжыўся некалькі дзён, цяпер  жа гэта  аднадзённая імпрэза, якая заканчваецца забавай ля вогнішча.  Сама забава ня вельмі дарагая, за праезд і пачастунак  для адной асобы каштуе ў межах 20 злотых. А вось для ўладальнікаў стайняў гэта чыстая прыбыль: каней і так трэба ўтрымліваць цэлы год, дадаткова трэба купіць некалькі саней і набыць прадукты харчаваньня.

Аднак турыстычны рынак стараецца задаволіць нават самых патрабавальных кліентаў і ладзіць таксама ”кулігі з клясай”. Найбольш папулярныя адбываюцца ў Татрах, у прыгожай Хахалоўскай даліне, дзе імпрэзу ў сваім стылі ладзяць мясцовыя горцы.  Імпрэза адбываецца некалькі дзён і сама па сабе яна ня танная. Трэба зарэзэрваваць гатэль, з харчаваньнем і кулігам гэта выдатак каля некалькіх сотняў злотых. Але за такія ўражаньні можна заплаціць кожныя грошы, пры ўмове, што  яны  ёсьць. Непасрэдна за коньмі едуць вялікія сані, а за імі мноства маленькіх саней. Каб даць адпачыць каням, робяцца перапынкі, а на іх адбываюцца танцы, сьпевы  й пачастунак. Кожны куліг завяршаецца сапраўднай фальклёрнай рэгіянальнай забавай. Калі нехта замёрз - то напэўна разагрэецца.

KP