http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145867

Міжнародная супольнасьць пра выбары ў Беларусі

20.12.2010

Міжнародная супольнасьць пра выбары ў Беларусі

Міжнародная прэса піша пра выбары ў Беларусі, пра гвалтоўны разгон масавай дэманстрацыі ды пра папярэднія вынікі выбараў. Эўрапейскія палітыкі выступілі з асуджэньнем брутальных дзеяньняў міліцыі.

Адным зь першых палітыкаў, які выказаў сваё абурэньне ды асуджэньне дзеяньняў беларускіх уладаў, быў старшыня Эўрапейскага парляманту Южы Бузэк. У вострых словах ён асудзіў напад і зьбіцьцё кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, калі той ішоў са сваімі прыхільнікамі на Кастрычніцкую плошчу. З Брусэля перадае Бэата Пламэцка, карэаспандэнтка Польскага радыё.

Бэата Пламэцка: Палахлівы напад на безабароннага кандыдата ў прэзыдэнты – гэта скандал і ганьба, – напісаў у сваёй заяве старшыня Эўрапарляманту. Ежы Бузэк падкрэсьліў, што такія дзеяньні недапушчальныя, і запатрабаваў ад беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі неадкладна спыніць дзеяньні міліцыі ды пакараць вінаватых. Ён дадаў, што гэты інцыдэнт паказаў прэзыдэнцкія выбары ў найгоршым сьвятле. Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць жыць у дэмакратычнай краіне, – напісаў Ежы Бузэк.

Зьдзеўлены ды абураны падзеямі, якія ўчора адбыліся ў Менску пасьля сканчэньня галасаваньня, Яцэк Пратасевіч, эўрадэпутат ды старшыня дэлегацыі Эўрапарляманту па справах кантактаў зь Беларусьсю. Паводле ягоных словаў, дыялёг Эўропы зь Беларусьсю ня можа адбывацца на старых умовах.

Яцэк Пратасевіч: Нягледзячы на некаторую позу лібэралаў, беларускія ўлады далёкія ад дэмакратычных стандартаў. Выкарыстаньне сілы зьяўляецца часткай сыстэмы, якую пабудаваў у Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Такімі мэтадамі ня размаўляюць з апазыцыяй ды грамадзянскай супольнасьцю. У гэтых умовах дыялёг Беларусі ды Эўрапейскага Зьвязу ня можа працягвацца на ранейшых умовах, якія дзейнічалі яшчэ да ўчорашняга дня. Таму мы з калегамі з Эўрапейскай народнай партыі будзем імкнуцца, каб на бліжэйшай сэсіі ў студзені прыняць рашучую рэзалюцыю Эўрапарляманту ў гэтай справе.

Яцэк Пратасевіч хоча, каб у студзені Эўрапарлямант прыняў рэзалюцыю, асуджаючую беларускія ўлады. Гэта будзе рэакцыя на выкарыстаньне сілы супраць мірных дэманстрантаў. Гэтаксама прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў, што Эўразьвяз павінен пераасэнсаваць свае кантакты з рэжымам у Менску. Польскі лідар асудзіў рэакцыю ўладаў на учорашнія пратэсты.

Браніслаў Камароўскі: Нягледзячы на надзею ў сувязі з пазытыўнымі зьменамі, якія былі падчас выбараў, мы сутыкнуліся з горкім спэктаклем абвастрэньня ўнутранага канфлікту. Сам факт зьбіцьця лідара апазыцыі, галоўнага канкурэнта на выбарах, мяне вельмі непакоіць.

Нэгатыўную ацэнку ўчорашніх падзеяў у Менску выказалі іншыя краіны. Так, Амабсада Злучаных Штатаў Амэрыкі вытупіла з заявай, дзе ад імя ЗША асудзіла гвалт, які меў месца ў Беларусі ў дзень выбараў, празьмернае выкарыстаньне сілы з боку ўладаў, у тым ліку зьбіцьцё й затрыманьні кандыдатаў у прэзыдэнты, журналістаў, ды актывістаў грамадзянскай супольнасьці. Францускае міністэрства замежных справаў запатрабавала ад афіцыйнага Менску пашанаваньня эўрапейскіх стандартаў дэмакратыі. З Парыжа перадае карэспандэнт Польскага радыё Томаш Сяменьскі.

Томаш Сяменьскі: Бэрнар Валеро, прэсавы сакратар францускага МЗС адказаў на пытаньне ў справе сытуацыі ў Беларусі. Перад абвяшчэньнем справаздачы АБСЭ ён не хацеў камэнтаваць ходу выбараў. Абапіраючыся на афіцыйныя вынікі, ён працытаваў перамогу Лукашэнкі й асудзіў затрыманьні ў нядзелю кандыдатаў у прэзыдэнты, журналістаў і грамадзкіх актывістаў ды запатрабаваў ад Менска вызваліць усіх затрыманых і не выкарыстоўваць сілы. Беларусь не выконвае эўрапейскіх дэмакратычных стандартаў, пра што сьведчыць стаўленьне да апазыцы і ўчорашнія арышты.

Як стала вядома, прадстаўнікі АБСЭ назвалі беларускія выбары недэмакратычнымі й несвабоднымі. Пра гэта заявіў сёньня ў Менску кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ Тоні Лойд. Паводле ягоных словаў, арышты кандыдатаў у прэзыдэнты й грубы разгон дэманстрацыі моцна паўплываюць на ацэнку выбараў. У сваю чаргу, прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў назваў падзеі ў Менску унутранай справай Беларусі. Пры гэтым расейская прэса піша пра беларускія выбары, робячы націск на ўчорашнія масавыя пратэсты апазыцыі ў Менску. З Масквы перадае карэспадэнт Польскага радыё Томаш Кулакоўскі.

Томаш Кулакоўскі: Урадавая „Расейская газета” піша, што гэта былі „гучныя выбары” й падкрэсьлівае той факт, што беларуская міліцыя карысталася гукавымі гранатамі. Газэта піша пра зьбіцьцё да непрытомнасьці апазыцыйнага кандыдата Ўладзімера Някляева й апісвае тое, што здарылася з расейскімі журналістамі Першага каналу, якія з натоўпу перадавалі пра падзеі ў Менску. Апэратар і рэпарцёр былі схопленыя міліцыяй. Потым іх выпусьцілі. Газэта „Ведомости” зьвяртае ўвагу на тое, што пратэсты апазыцыі скіраваныя на зьмены ў сьвядомасьці людзей, і цытуе меркаваньне Лябедзькі, што маніфэстацыі ў Менску могуць паўплываць на прызнаньне выбараў Расеяй, Эўразьвязам і Злучанымі Штатамі. Такім чынам, міжнародныя партнэры могуць змусіць Лукашэнку пайсьці на саступкі апазыцыі.

Толькі што стала вядома, што Эўрапейская камісія асудзіла выкарыстаньне сілы беларускімі ўладамі супраць апазыцыі ў Беларусі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч