http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=145968

Антыядзерны рух супраць ядзернай энэргетыкі

24.12.2010

У экалягічнай рубрыцы завяршэньне гутаркі са старшынём польскай партыі Зялёныя 2004 Дарыюшам Швэдам, які ў нашым эфіры агучвае галоўныя аргумэнты Антыядзернага руху, да якога належыць яго партыя.

Нагадаем, што Антыядзерны рух - гэта грамадзкая плынь, якая выступае супраць выкарыстаньня атамнай энэргіі. Рух таксама імкнецца як да ядзернага раззбраеньня, так і да спыненьня вытворчасьці атамнай энэргіі ў мірных мэтах. Дзеячы Антыядзернага руху патрабуюць замяніць яе энэргаашчаднымі тэхналёгіямі й аднаўляльнымі крыніцамі энэргіі.

Адзін з аргумэнтаў Антыядзернага руху засяроджваецца на тым, што цяжка разьдзяліць цывільнае й мілітарнае выкарыстаньне атамнай энэргіі. Некаторыя краіны ставяцца да АЭС як да першага кроку на шляху да стварэньня ўласнага ядзернага арсэналу, пераконваюць Зялёныя.

Д. Швэд: Цягам дзесяцігодзьдзяў існаваньня ядзернай энэргетыкі, як сіямскія блізьняты, побач суіснуюць два спосабы выкарыстаньня гэтай энэргіі – цывільны й мілітарны. Гісторыя паказала, што ў прынцыпе разьдзяленьне гэтых двух спосабаў зьяўляецца немагчымым. Выпуск ядзернай зброі зьяўляецца фактам. Міжнароднае ядзернае агенцтва прызнае, што ў некаторых выпадках не спраўляецца з кантраляваньнем уцечкі ядзерных тэхналёгій у краіны зь нізкім узроўнем дэмакратыі, а часта ў краіны ўвогуле недэмакратычныя. Паўночная Карэя ці Іран – гэта толькі маленькая частка прыкладу краін, якія ў бліжэйшыя гады могуць мець ядзерную зброю.

Таксама дзеячы Антыядзернага руху зазначаюць, што атамныя электрастанцыі могуць быць мэтаю тэрарыстычных атакаў.

Дарыюш Швэд кажа, што гэта стварае вялікую пагрозу для эканамічнага й грамадзкая парадку ў глябальным вымярэньні. Лідар Зялёных 2004 нагадвае, што гонка ядзерных узбраеньняў каштавала сьвету трыльёны даляраў, якія былі страчаныя беззваротна.

Д. Швэд: Таму мы пераконваем, што і цывільная, і мілітарная ядзерныя тэхналёгіі не павінны выкарыстоўвацца. Выключэньнем зьяўляюцца тэхналёгіі, якія служаць выратаваньню чалавечага жыцьця. Аднак я нагадваю, што ў выпадку ядзернай энэргетыкі ёсьць танная й бясьпечная альтэрнатыва, таму мы не павінны разьвіваць гэтую энэргетыку.

У размовах на тэму ядзернай энэргетыкі не абыходзіцца без успаміну Чарнобыля. Асаблівым чынам гэты аргумэнт выкарыстоўваюць праціўнікі АЭС. Абаронцы ядзернай тэхналёгіі сьцьвярджаюць, што на Чарнобыльскай станцыі аварыя здарылася выключна па віне чалавека, які хацеў правесьці экспэрымэнт і не зважаў на ўсе папярэджаньні сыстэмы. Яны сьцьвярджаюць, што сучасныя АЭС вельмі бясьпечныя.

Д. Швэд: І так, і не. За некалькі апошніх гадоў усё ж былі большыя ці меншыя аварыі на Вугоршчыне, у Швэцыі, Нямеччыне, Францыі, то бок у краінах, дзе такая інфармацыя трапляе да грамадзтва. Але мы ня ведаем, як выглядае сытуацыя ў краінах, дзе такая інфармацыя не падаецца. Напрыклад, невядома, які ўзровень бясьпекі атамных станцыяў у Расеі. Беларусь надалей змагаецца з наступствамі аварыі ў Чарнобылі – грамадзкімі, эканамічнымі, прыроднымі. У сувязі з гэтым трэба браць пад увагу факт, што кожная тэхніка, кожная тэхналёгія не зьяўляецца бясьпечнай на 100%. Рызыка аварыі на АЭС заўсёды ёсьць, нават калі гэта станцыі новага пакаленьня. Нават у іх могуць здарыцца рознага тыпу аварыі. Важна, што такая рызыка зьвязаная са зьяўленьнем радыеактыўнага забруджаньня, а нават выбуху. І Чарнобыль паказаў, што гэтая рызыка вельмі каштоўная, каб даваць ёй падставы для існаваньня.

Аднак катастрофа ў Чарнобылі паказала яшчэ адну ня менш істотную справу. Краіне не абавязкова мець сваю АЭС, каб у выпадку сур’ёзнай аварыі на станцыі ў суседняй дзяржаве наступствы ахапілі бліжэйшых суседзяў.

Таму Зялёныя 2004 падкрэсьліваюць важнасьць міжнароднай супрацы партый Зялёных і грамадзкіх арганізацый, якія задзейнічаны ў Антыядзерны рух.

Д. Швэд: Тут ёсьць рацыя, радыеактыўныя забруджаньні ня ведаюць межаў. Таму трэба адмовіцца ад ядзернай энэргетыкі ня толькі ў краінах, якія гэтую энэргію выпускаюць, але і ў краінах, дзе гэтых станцый няма. Трэба ў цэлай Эўропе прыняць рашэньне, што прыярытэтам у разьвіцьці павінна быць „зялёная” энэргія. І ў некай ступені гэта адбываецца. Эўразьвяз прыняў кліматычна-энэргетычную стратэгію. У ёй гаворыцца пра павышэньне энэргетычнай эфэктыўнасьці, павелічэньне аднаўляльных крыніц энэргіі, а таксама пра абмежаваньне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру й барацьбу са зьменамі клімату. Эўразьвяз прыняў рашэньне, што будучыня Эўропы заснаваная не на ядзернай, а на „зялёнай” энэргетыцы.

Пры гэтым Дарыюш Швэд узгадвае ядзернае лёбі, якое мае ў сваім распараджэньні агромныя фінансавыя сродкі й будзе ўсімі спосабамі змагацца з такімі рашэньнямі. Гэта натуральны інтарэс ядзернага лёбі. Зялёныя 2004 пераконваюць, што інтарэс будучых пакаленьняў і навакольнага асяродзьдзя засноўваецца на тым, каб прыярытэтам для Эўропы стала „зялёная” энэргія.

Госьцем нашай перадачы зьяўляўся старшыня польскай партыі Зялёныя 2004. Дарыюш Швэд цягам трох перадач распавядаў пра аргумэнты Антыядзернага руху, да якога належыць яго партыя.

Нагадаю аргумэнты, пра якія гаворка ішла ў папярэдніх перадачах:

- высокая інвэстыцыйная рызыка й высокія кошты будовы АЭС
- уплыў АЭС на працаўладкаваньне й эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну
- праблема таксычных адкідаў
- разьвіцьцё ядзернай энэргетыкі прычыняецца да тармажэньня разьвіцьця аднаўляльных крыніц энэргіі
- залежнасьць краіны ад імпарту ўрану й замежных тэхналёгій
- нэгатыўны ўплыў на здароўе насельніцтва, якое жыве побач са станцыяй


Алена Пытэль