Вельмі няшмат публікацыяў у эміграцыйнай прэсе прысьвячалася польска-беларускаму памежжу. Андрэй Багровіч у публікацыі пад назовам Жыхарства Беларускае ССР у сьвятле перапісу 1959 году, зьмешчанай на старонках часопіса „Запісы” (кн. 1, Мюнхэн 1962, с. 9-88), напісаў, што: „паза БССР і СССР, а ў межах сучаснае Польшчы, Беласток зь Беласточчынай і беларускае Падляшша. Тамака цяпер існуе больш ста пачатковых школаў беларускіх і зь беларускаю моваю, як прадметам, тры школы сярэднія, больш ста гурткоў беларускае культурна асьветнае арганізацыі й каля ста праваслаўных прыходаў” (тамсама).
Віктар Сянькевіч у сваю чаргу заняўся пытаньнем польскае нацыянальнае мяншыні ў Беларусі. У публікацыі Да пытаньня польскае мяншыні на Беларусі (у: „Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 76-84), спаслаўся на дасьледаваньні, праведзеныя ў Савецкім Саюзе. У гадох 1952-1953 Інстытут этнаграфіі АН СССР правёў антрапалягічныя дасьледаваньні ў Прыбалтыцы. Досьледы пачаліся ў вёсках беларуска-летувіскага памежжа. Вынікала зь іх, што насельніцтва валодае трыма мовамі: беларускай, расейскай і польскай. Бальшыня апытаных залічыла сябе да палякаў, хаця дома размаўляюць „папросту”, гэта значыць на беларускай гаворцы. Дасьледнікі прыйшлі да высновы, што падставай гэтага сталася атаясамліваньне нацыянальнасьці зь веравызнаньнем. Бальшыня насельніцтва абсьледаванай тэрыторыі – гэта каталікі (тамсама, с. 77, за: М. В. Витов, К. Ю. Марк, Н. Н. Чебоксаров, Этническая антропология Восточной Прибалтики. Труды Прибалтийксой Об’единеной комплекной экспедиции, кн. 2, Москва 1959, с. 10).
„Калі Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, рэлігія ў беларусаў адыйгрывала вызначальную этнадыфэрэнцыюючую ролю. А рэлігійнае самавызначэньне атаесамлівалася з этнічным: каталікі называлі сябе палякамі, праваслаўныя – беларусамі ці рускімі. Сьляды гэтага захаваліся й па сёньняшні дзень. [...] Паказальна, што толькі 16,7% палякоў назвалі роднай мовай польскую” (Тамсама, с. 78, за: Э. Р. Сабаленка, Сучасная этнічная сітуацыя ў Беларусі, у: Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук, № 3, Мінск 1976, с. 107).
На старонках беларускага эміграцыйнага друку вялікая ўвага ўдзялялася пытаньням беларуска-летувіскае мяжы.
У публікацыі Факты й праўда (у: ,,Запісы”, кн. 4, Мюнхэн 1966, с. 252-256) Андрэй Багровіч зьмясьціў крытычныя заўвагі пра кнігу Бронюса Квікліса Musu Lietuva (Нашая Летува, 752 с.), выдадзеную ў Бостане ў 1964 годзе, у якой аўтар „падае «гістарычныя, геаграфічныя, этнаграфічныя нарысы» важнейшых мясцовасьцяў тэрыторыі не міжваеннае Летувы, ані сяньняшняе Лятувіскае ССР, але Летувы ў куды шырэйшых, ім самым зарысаваных, межах” (А. Багровіч, Факты й праўда, у: ,,Запісы”, кн. 4, Мюнхэн 1966, с. 252).
Паводле Квікліса, мяжа будучае Летувы, адбудаваная ў этнаграфічных межах, магла б дасягнуць 105 тысяч квадратных кілямэтраў (міжваенная Летува мела прастору напалову меншую – 56 670 квадратных кілямэтраў). Ад беларускага боку – ва ўяўленьні Квікліса – мяжа павінна ісьці прыблізна праз Друю, Браслава, Постаўе, Маладэчна, Валожына, Мікалаеўшчыну, Індуру, Аўгустова. Далей аўтар зазначае, што да гэтай тэрыторыі не залічае ён цэлага шэрагу іншых летувіскіх земляў, да якіх Летува, маўляў, мае гістарычныя правы: абеларушчаныя Дзісенскі й Вялейскі паветы, ды землі Слонімшчыны й Наваградчыны (Тамсама, с. 253).
З кнігі Б. Квікліса вынікае, што да прасторы Летувы залічае ён беларускія землі паветаў: Віленскага, Троцкага, Вялейскага, Маладэчанскага, Ашмянскага, Валожынскага, Лідзкага, Шчучынскага, Горадзенскага, Браслаўскага й Сьвянцянскага. Квікліс зыходзіць з свайго погляду, што беларусы – каталікі гэта летувісы, якія толькі гавораць па-беларуску, бо абеларушчыліся.
Насельніцтва беларуска-летувіскага памежжа полілінгвальнае – заўважае Г. Грынавецкене, пішучы пра некаторыя зьявы кантактаваньня летувіскіх і славянскіх гаворак у паўдзённа-ўсходняй Летуве, але пра гэта слухайце праз тыдзень.
Ніна Баршчэўская