http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=1461

Цэнтар Супраць Выгнаньняў

15.07.2003
На пачатку трэцяга тысячагодзьдзя мала хто ў Эўропе жыве там, дзе жылі ягоныя продкі тысячагодзьдзе раней. Памяняліся межы краінаў ды месца пражываньня людзей. Таксама ў гісторыі Эўропы існуюць трагедыі перасяленьняў, этнічных чыстак і выгнаньняў. Шмат на гэтую тэму могуць сказаць жыхары Цэнтральнай Эўропы.

Другая Ўсьсьветная вайна павялічыла маштаб гэтай зьявы. Пераможцы вызначылі новыя межы пасьляваеннай Эўропы. Мільёны немцаў былі прымушаныя пакінуць узьбярэжжа Балтыйскага мора, рэгіён Судэтаў ці Сілезію. Гэта было справядлівае рашэньне - нямецкая нацыя адказала за злачынствы, зьдзейсьненыя ў дачыненьні да ўсяго сьвету. Тымчасам перасяленьні датычылі ня толькі немцаў. Саюзьнікі перасунулі межы Польшчы з усходу на захад. Усьлед за межамі пераехалі таксама людзі. Цягам паўстагодзьдзя яны пасьпелі ўжо асымілявацца на новых месцах, але ў памяці засталася крыўда, зьвязаная з выгнаньнем. Гэта асабліва балючы гістарычны факт для палякаў, чэхаў, вугорцаў і немцаў.

Ва ўсіх згаданых краінах дейнічаюць таварыствы, якія памятаюць пра пакінутыя айчыны. Гэта права кожнага чалавека, у якога быў адабраны краявід дзяцінства. Нармальна згаданыя арганізацыі невялікія. Тут выключэньнем зьяўляецца Нямеччына, дзе Зьвяз Выгнаньнікаў зьяўяецца магутнай сілаў, зьвязанай з правай палітычнай арыентацыяй. Статут згаданай арганізацыі прадугледжвае пабудову помніка-музэю ў памяць цярпеньня мільёнаў немцаў, але да гэтай пары згаданы праект не атрымаў падтрымкі нямецкага парлямэнту, які баяўся рэакцыі замежнай грамадзкай думкі. Год таму сытуацыя памянялася. Ня толькі правыя, але таксама левыя сілы Нямеччыны пачалі дыскутаваць пра будову Цэнтру Супаць Выгнаньняў. Правыя сілы хочуць рэалізаваць згаданы праект у Бэрліне. Хаця сацыялісты пакуль ня вызначылі пазыцыі па гэтай справе, але некаторыя палітыкі гэтай арыентацыі прапануюць шырэйшы, эўрапэйскі характар Цэнтру.

Менавіта ў гэтай справе выказаліся выдатныя інтэлектуалы з Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны й Нямеччыны. Яны перасьцерагаюць перад аднабаковым падыходам да прычынаў і гістарычнага аспэкту выгнаньняў. Нядаўна выдатныя польскія публіцысты: Адам Міхнік і Адам Кшэміньскі запрапанавалі, каб эўрапэйскі Цэнтар узьнік ва Ўроцлаве ды паказваў гісторыю выганьняў ад найдаўнейшых часоў па падзеі на Балканах. Паводле іх, толькі гэткі праект спрыяе аб’яднаньню Эўропы. У сваю чаргу ідэя Цэнтру, прадстаўленая Зьвязам Выгнаньнікаў, падзяляе ды ў большай ступені спасылаецца на мінулае, чым на будучыню.


Мацей Лэнтоўскі