http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=146153

Беларуская народная батлейка

24.12.2010

Мінае сьнежань, прыйшлі Калядныя сьвяты, а ў людзкіх душах ужо пачынае панаваць калядны настрой. Найлепшы мэтад на захваньне сьвяточнага настрою як мага даўжэй – даволі просты: варта паглядзець калядную батлейку.

“Зноў спакой мяне пакіне,
Чуў я, што ў маёй краіне
Аб’явіўся новы цар –
Людзкіх сэрцаў валадар”.

Батлейка — гэта старажытны лялечны тэатар. Яго творчасць зьяўляецца адной зь цікавых старонак у гісторыі народнага тэатральнага мастацтва.

Слова “батлейка” прыжылося на Беларусі здарожаным паломнікам да сьвятога Бэтлеем. Менавіта з далёкай радзімы Езуса Хрыста заманулася беларусам мець пацешныя спэктаклі пра крыважэрнага цара Ірада ды яго паслухмянага жаўнера Ваяку, пра добрага Анёла ды падступнага Чорта, што намаўляе цара-шаленца на забойства Божага Сына.

 Ва Ўкраіне тэатар лялек меў назву Вяртэп; у Польшчы — Шопка. На Беларусі акрамя найбольш распаўсюджанай назвы — Батлейка, гэты тэатар яшчэ называлі Вяртэп, Віфляем, Жлоб ці Яселькі.

На Беларусі гэты тэатар узьнік у ХVІ стагодзьдзі. Першымі стваральнікамі батлейкі былі духоўныя асобы, якія тэатралізоўвалі рэлігійныя абрады. Прадстаўленьні літургічнай драмы, што праводзіла сярэднявечнае духавенства, не абыходзіліся без удзелу лялек.  Распавядае беларускі батлеяр Скіргайла Палянэцкі.

Скіргайла Палянэцкі: Батлейку прывезьлі да нас францішкане. Натуральна, што яны паказвалі сюжэт пра народзіны Езуса й пра злачыннага Ірада. Гэта адбывалася, як казаньне ў кантэксьце самога набажэнства. На жаль, у нас не было распаўсюду звычайнага тэатру з акторамі. Засталіся старыя рукапісы, дзе напісана, што нават шляхта хацела глядзець гэтыя нешляхетныя батлейныя паказы. А калі бачыла спэктаклі з удзелам актораў, рэагавала даволі неадэкватна.

У канцы XVІІ - пачатку XVІІІ стагодзьдзяў батлейка ад духоўных асобаў паступова перайшла да гарадзкіх рамесьнікаў, а пазьней — да сялян. Менавіта з гэтага часу зьмяніў напрамак і пашырыўся рэпэртуар батлейкі. Ён папоўніўся народна-камэдыйнымі, сьвецкімі па характару пастаноўкамі. Пачалася "залатая пара" народнай батлейкі. Біблейскія сюжэты, якія раней зьяўляліся асновай прадстаўленьняў, сталі саступаць месца інтэрмэдыям і народна-камэдыйным сатырычным сцэнкам. Камэдыйны рэпэртуар у значнай ступені садзейнічаў фарміраваньню самабытных рысаў тэатра. Таму невыпадкова батлейка — гэта адна з самых яркіх нацыянальных мастацкіх зьяваў у гісторыі беларускага народнага тэатра.

Скіргайла Палянэцкі: Батлейка стала вельмі распаўсюджанай і ў кожнай вёсцы быў батлеяр, які мог нават не працаваць, а цягам цэлага году толькі рыхтаваць лялькі й скрыню ўсёй сваёй сям’ёй. За Каляды ён зарабляў сабе грошы на цэлы год толькі з паказаў. А канкурэнцыя паміж батлеярамі была гэткая, што калі нехта зь іх заходзіў па-за межы  свайго засягу, то іншы батлеяр, спаткаўшы яго, мог пабіць. Былі зафіксаваныя такія гісторыі, што батлеяры, якія канкуравалі, біліся міжсобку.

У 20-я гады ХХ стагодзьдзя батлейка сышла ў часовы нябыт. Вярнуцца да жыцьця батлейка здолела толькі напрыканцы 80-х гадоў.  Аднак захавала свой характар.

Скіргайла Палянэцкі: У батлейцы заўсёды паказвалі нячысьцікаў. Напрыканцы спэктаклю сьмерць заўсёды сьцінала галаву Іраду, а д'яблы зь яго рагаталі й цягнулі да пекла. Калі немцы запрашалі маіх паплечнікаў да сябе, то прасілі не паказваць, як сьцінаюць галаву на масавых прадстаўленьнях з удзелам дзяцей. Батлейка ніколі не была спэктаклем для дзяцей. Канечне, дзеці глядзяць батлейку, хаця я не адаптую спэктакляў для іх. Яны вельмі цешацца са сцэнаў, калі бабця абараняецца ад жаўнера ці нячысьціка і ўрэшце перамагае яго - гэта я дадаў. У традыцыйнай батлейцы перамагае нячысьцік. З гэтых бойкаў дзеці цешацца найбольш. Такое ўражаньне, што для дзяцей самым цікавым месцам у батлейцы зьяўляюцца менавіта бойкі.

Батлейка й за тры стагодзьдзі не састарэла. Яе клясычныя сюжэты пра змаганьне дабра зь ліхам сёньня для беларусаў ізноў вельмі актуальныя.

Караліна Русіновіч
 
Крыніцы: arche.bymedia.net
                    nn. by