http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=146154

Запрашаем у Польшчу на традыцыйны старапольскі Шчодрык

24.12.2010

У глябальным сьвеце людзі ўсё часьцей забываюцца, альбо сьвядома адыходзяць ад традыцыйнага Каляднага сьвяткаваньня. Таму варта прыгадаць сабе ды іншым, як выглядае традыцыйная Вігілія, альбо Шчодрык, як сьвяткавалі яго продкі.

Традыцыйны Шчодрык пачынаўся, калі на небе паяўлялася першая зорка, якая сымбалізвала бэтлеемскую зорку, што вяла трох Каралёў на месца народзінаў Збаўцы. На пачатку сямейнікі прамаўляюць малітву за памерлых, у шматлікіх дамох чытаецца фрагмэнт Эвангельля пра народзіны Божага Дзіцяці. Згодна з народным павер'ем, за сьвяточны стол сядаюць душы памерлых.

Перад пачаткам сьвяточнай вячэры ўсе сабраўшыеся дзеляцца аплаткам, які азначае паяднаньне й прыгадвае аб неабходнасьці падзяліцца з бліжнім нават апошнім кавалкам хлеба.

Пасьля таго, як прагучаць сьвяточныя пажаданьні, усе сядаюць за накрыты белым абрусам стол. Пад абрусам, згодна з традыцыяй, павінна быць вігілійнае сена - сымбаль беднасьці, у якой нарадзіўся Хрыстос. За сталом заўсёды павінна быць адно свабоднае месца для вандроўцы. Гэтая традыцыя закаранілася ў Польшчы ў XІX стагодзьдзі, калі амаль у кожнай сям'і нехта быў у сібірскім выгнаньні.

Хаця рэлігія ня ставіць такіх патрабаваньняў, то ў Польшчы прынялося, што ў Шчодрык на сьвяточным стале няма мясных страваў. У залежнасьці ад рэгіёну, стравы розныя, але заўсёды кожная гаспадыня рыхтуе 12 страваў.

Вось што можна пабачыць і скаштаваць са сьвяточнага стала:

• Боршч з вушкамі (у некаторых рэгіёнах можа быць пададзены рыбны ці грыбны суп, альбо суп з сухафруктаў).

•  Рыба - валадарыць смажаны й заліўны карп. Падаецца сялёдка ў алеі, сьмятане ці салаты зь сялёдкай.

• Капуста з грыбамі
• Капуста з гарохам
• Пяльмені з капустай
• Пірагі з грыбамі

• Макелкі - макароны з макам, арэхамі й бакалеяй. У Сылезіі страва вядомая пад назвай макаўкі. Ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы вас пачастуюць куцьцёй - пшаніцай з макам, ізюмам і міндалём.

А што ж за сьвяточная вячэра без салодкага?

Тут на стале паяўляецца бісквітны рулет з макам - традыцыйны маковец, сырнік і пернік, кексы й арэхавыя пірагі.

Вігілія - гэта самы доўгачаканы й магічны вечар году, на які ў першую чаргу чакаюць дзеці, але дарослыя таксама. Некаторыя чакаюць на святочныя падарункі, а некаторыя проста хочуць прыгадаць сабе дзяцінства.

Кажуць, што час паміж 24 і 25 сьнежня будзе мець уплыў на ўвесь надыходзячы год. У гэты вечар людзі забываюць пра свае праблемы й выглядаюць шчасьлівымі. У гэты вечар жыцьцё падаецца прыгажэйшым.

КР