Прысуд па другой справе Хадаркоўскага амаль цалкам супадае з абвінавачаньнем, якое высунала пракуратура. Пра гэта паведаміў адвакат Хадаркоўскага. Экспэрты ацэньваюць гэты прысуд як помсту Пуціна, які рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў.
Упершыню Хадаркоўскага асудзілі ў 2003 годзе на 7 гадоў пазбаўленьня волі. Сёньня маскоўскі суд агучыў прысуд па другой справе Міхаіла Хадаркоўскага ды Платона Лебедзева, якіх абвінавацілі ў выкраданьні 218 мільёнаў тон нафты ў канцэрна „Юкос” ды адмываньні грошай. Суд прызнаў Хадаркоўскага й Лебедзева вінаватымі. Ім пагражае за гэта 14 гадоў зьняволеньня. З Масквы перадае Томаш Кулакоўскі, карэспандэнт Польскага радыё.
Томаш Кулакоўскі: Я ня змог увайсьці ў залю судовых паседжаньняў, туды пусьцілі толькі некалькіх расейскіх журналістаў. Але вельмі хутка судзьдзя Віктар Данілкін іх выдаліў. Перад будынкам суда сабраліся некалькі соцен чалавек, маскоўскі АМАП затрымаў 20 чалавек. Міліцыя хапала тых дэманстрантаў, якія трымалі антыпуцінскія лёзунгі: Расея бяз Пуціна. Людзі казалі, што гэта палітычная справа, помста Пуціна. Сапраўды, проблемы Хадаркоўскага пачаліся пасьля крытыкі тагачаснага прэзыдэнта Расеі Пуціна, якога ён абвінаваціў у спрыяньні карупцыі. У яго былі палітычныя амбіцыі, каб стаць прэзыдэнтам Расеі. На гэтую мэту ён прызначыў мільярд рублёў. Калі скончыўся ягоны першы тэрмін зьняволеньня, улады пачалі другі працэс супраць яго. У Маскве кажуць, што такім чынам Пуцін рыхтуецца да вяртаньня на прэзыдэнцкую пасаду ў 2012 годзе.
З асуджэньнем гэтага прысуду выступілі расейскія апазыцыйныя палітыкі. Так, былы расейскі віцэ-прэм’ер, лідар партіі Саюз правых сілаў Барыс Нямцоў мяркуе, што ў Расеі пануе дыктатура.
Барыс Нямцоў: Пуцін баіцца Хадаркоўскага й хоча, каб той увогуле ня выйшаў з турмы. Такая будучыня чакае Расею, гэта значыць, што ў нас няма прававой дзяржавы, толькі дыктатура. Такая вось праўда.
Абвінаваўчы прысуд Хадаркоўскаму й Лебедзеву – гэта вельмі дрэнная навіна для правоў чалавека й законнасьці ў Расеі. Такое меркаваньне выказаў нашай рэдакцыі Адам Боднар з Хэльсінскай фундацыі правоў чалавека.
Адам Боднар: Міхаіл Хадаркоўскі стаў сучасным палітычным вязьнем. Трэба нагадаць, што Хадаркоўскі ўжо быў раз асуджаны. Гэты другі працэс пачалі супраць яго пасьля таго, калі ягоны тэрмін зьняволеньня сканчаўся. Ён мог зьвярнуцца з просьбай аб датэрміновым вызваленьні. У гэты момант улады высунулі новае абвінавачаньне супраць яго.
На думку экспэрта Адама Эбэрхарда з варшаўскага Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў, вынесены ў Маскве прысуд мае палітычны характар ды азначае, што судовая сыстэма залежыць ад улады, якая ня можа сабе дазволіць іншы вынік.
Адам Эбэрхард: Калі б сёньня зь яго зьнялі абвінавачаньні, на цэлы сьвет ды ўнутры Расеі пайшла б інфармацыя, што Пуцін не зьяўляецца ўсемагутным. А гэта для яго ключавая справа, асабліва цяпер, напярэдадні выбарчай кампаніі. Вельмі верагодна, што Пуцін будзе ў ёй браць удзел. Ён узмацніў сваю пазыцыю ды гарантаваў сабе, што ягоны супернік застанецца за кратамі. Таму што прысутнасьць Пуціна на вяршыне расейскай улады зьвязана з барацьбой з Хадаркоўскім – дрэнным алігархам, які ня толькі не захацеў дзяліцца грашыма з палітычнай элітай, а меў уласныя палітычныя амбіцыі, падтрымліваў апазыцыйныя сілы ды марыў пра прэзыдэнцтва. Такога кшталту бізнэсмэнаў расейская палітычная эліта не прымае.
Якой будзе кара для Хадаркоўскага, невядома, бо адвакаты Міхаіла Хадаркоўскага й Лебедзева зьбіраюцца абскарджваць гэты прысуд.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч