http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=146356

Міжнародная супольнасьць заклікае Лукашэнку вызваліць затрыманых

28.12.2010

Міжнародная супольнасьць патрабуе ад беларускіх уладаў вызваліць палітыкаў ды актывістаў, затрыманых 19 сьнежня. Пра гэта казала нямецкая дэпутатка, што знаходзіцца ў Менску. У суседняй Летуве грамадзкасьць зьвярнулася з адкрытым лістом у падтрымку Аляксандра Фядуты ды ўсіх затрыманых.

Сёньня ў Менск з аднадзённым візытам прыехала дэпутатка нямецкага Бундэстагу Марылюізэ Бэк. Падчас сустрэчы з журналістамі яна сказала, што “Захад у шоку ад сытуацыі ў Беларусі”. Заходнія палітыкі ды экспэрты па-рознаму ацэньвалі працэс палітычнай лібэралізацыі ў Беларусі, але ніхто ня мог нават уявіць, што падзеі будуць разьвівацца так драматычна.

Заходнія палітыкі сапраўды апынуліся цяпер у цяжкай сытуацыі: такой хвалі рэпрэсіяў у Менску ніхто не чакаў. Эўропа не гатовая да гэтага – мяркуе палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Гэта было зусім нечакана. І стала вялікім расчараваньнем, што бачна па шматлікіх заявах Эўразьвязу й Злучаных Штатаў. Я не выключаю, што адновяцца санкцыі, бо дыялёг не прывёў да пазытыўных вынікаў. Але цалкам адносіны ня будуць спыненыя.

Разам з тым у Эўропе шырыцца грамадзкая падтрымка затрыманым беларусам. У панядзелак летувіскія інтэлектуалы напісалі адкрыты ліст да прэзыдэнта краіны з заклікам зрабіць усё магчымае, каб на свабоду выпусьцілі літаратуразнаўцу й журналіста Аляксандра Фядуту. Распавядае выкладчыца Віленскага ўнівэрсытэту Галіна Міхайлава.

Галіна Міхайлава: Я цалкам падтрымліваю гэты зварот, я была адной зь першых, хто яго падпісаў. Але ўзьняла летувіскую грамадзкасьць менавіта Рэгіна Чычынскайце, якая добра ведае Аляксандра Фядуту.

Ініцыятарам адкрытага ліста ў падтрымку Аляксандара Фядуты ды ўсіх затрыманых у Беларусі падчас падзеяў 19 сьняжня выступіла выкладчыца Віленскага ўнівэрсытэту Рэгіна Чычынскайце. Паводле ейных словаў, летувіская грамадзкасьць абураная тым, што адбываецца ў Беларусі.

Рэгіна Чычынскайце: Аляксандар Фядута - мой асабісты сябра, але ён вялікі сябра Летувы. Я вельмі рада, што гэтая ініцыятыва атрымала такую шырокую падтрымку. У нас у краіне грамадзкасьць вельмі спачувае ўсіх людзям, якія ні за што, за жаданьне казаць праўду, трапілі ў турму. Я ні ад кога ня чула, каб ён падтрымліваў крокі дыктатара Лукашэнкі.

Пад лістом у падтрымку Аляксандра Фядуты падпісаліся каля 40 вядомых летувіскіх інтэлектуалаў ды палітыкаў. Ініцыятыву падтрымала летувіская прэса й палітыкі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч