http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=146443

Тэрытарыяльны абсяг беларускай народнай мовы – 10

30.12.2010

 Насельніцтва беларуска-летувіскага памежжа полілінгвальнае. Пра некаторыя зьявы кантактаваньня летувіскіх і славянскіх гаворак у паўдзённа-ўсходняй Летуве пісала Алена Грынавецкене.

Прыкладам жыхары паўдзённа-заходніх ваколіцаў лятувіскае сталіцы (паўдзённа-ўсходняя частка Віленскага раёну, усходняя частка Троцкага, Эйшышскі раён) у васноўным гавораць пабеларуску (або, як яны самі выказваюцца, „папросту”) і папольску; ведаюць расейскую мову; зрэдку старыя, у веку ад 70 да 80 і больш гадоў, гавораць палятувіску; слаба гавораць таксама палятувіску дзеці школьнага веку. (...) На дасьледаванай тэрыторыі ў бальшыні выпадкаў у хатнім ужытку й таварысьцьве людзі гавораць пабеларуску („папросту”), асабліва сярэдняе пакаленьне й моладзь, хоць уважаюць сябе за палякоў” – павеламляў на старонках „Запісаў” у 1976 годзе Віктар Сянькевіч са спасылкай на публікцыю Алены Грынавецкене (Віктар Сянькевіч, Да пытаньня польскае мяншыні на Беларусі, у: „Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 79).

Шматлікія праблемы выкліканыя неразрозьніваньнем паняцьцяў ліцьвіны й летувісы – заўважыў на старонках „Бацькаўшчыны” Чулы Назіральнік.

Калі згадзіцца зь летувіскім прадстаўленьнем гісторыі, г. зн. з тым, што Вялікае Княства Літоўскае было гаспадарствам летувіскім, дык ня было-ж такога часу, каб да яго належалі беларускія землі толькі ў граніцах, з большага кажучы, ад Еўя да Маладэчна. Нат у найгоршую пару гістарычнай Літвы, у пару ўпадку гэтага гаспадарства, бо ў граніцах 1772 г., у склад ягоны ўходзілі ў поўных сваіх межах Віленшчына, Горадзеншчына й Меншчына (абедзьве з Палесьсем, ведама), Полаччына зь Віцебшчынай і Магілеўшчына. А ў пару нармальную для Вялікага Княства Літоўскага ў яго ўходзілі яшчэ Смаленшчына, Севершчына й некаторыя іншыя землі”. (Чулы Назіральнік, Пра летувіскія водгукі, у: „Бацькаўшчыны”, 23 лютага 1949, с. 2)

Над прычынай летувіскіх прэтэнзіяў на беларускія землі задумоўваўся Licwin-Hudas-Krews, які прыйшоў да высновы, што, як і ў іншых ліхіх выпадках, памог ім у гэтым „старшы брат” – маскаль.

Паняволіўшы Беларусь, маскалём вельмі нявыгадна было, каб беларусы зваліся ліцьвінамі, гэтым другім, пасьля крывічоў, сваім нацыянальным назовам, бо гэта значыла-б заўсёды прыпамінаць нашаму народу, што ягоныя продкі вялі блізу бязупынныя войны з Масквою. Дзеля таго маскалі накідаюць нашаму народу назоў «беларусы», а назоў «Літва», «ліцьвіны» тарнуюць да летувісаў; адначасна ў сваёй агітацыйна-палітычнай літаратуры пашыраюць пагляд, што Вялікае Княства Літоўскае было гаспадарствам летувіскім, чужым нашым прадзедам, што быццам былі адарваны ад Масквы. Па якімсь часе летувіскі адраджэнскі рух ухапіўся за гэтую канцэпцыю, а ўперад гэты рух зваўся «жамойцкім»”. (Licwin-Hudas-Krews, Мы і нашыя суседзі, у: „Бацькаўшчына”, № 50, с. 3)

Licwin-Hudas-Krews паклікаўся на працы ранейшых вучоных і прывёў выказваньне прафэсара Брукнэра, які, разглядаючы польскі пераклад беларускага рукапісу, зробленага ў Замосьці, у канцы зазначыў: „Кажу ўсё «літоўскі», але гэта знача «беларускі», бо у XVI ст. нікому пра Літву ў цяперашнім значэньні гэтага слова ані сьнілася”. Маскоўскі просты народ, гэтак жа як і ўкраінскі, беларусаў звычайна называлі ліцьвінамі. Характэрныя на гэта ёсьць прыклады ў слоўніку Даля: „Как не закайвайся літвін, а дзекнет. Только мёртвый літвін не дзекнет”.

Таксама й дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага была мова беларуская. Кодэкс правоў ВКЛ, Літоўскі Статут быў ня толькі беларускім па сваёй мове, але й па паходжаньні зьмешчаных у ім правоў, як, дапусьцім, звычаёвае права копных судоў. З правоў, пісаных яшчэ раней, увайшлі ў Статут некаторыя правы з канстытуцыяў асобных беларускіх земляў – Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, як, напрыклад, пункты пра асабістую незачэпнасьць. Раней папалі яны ў Прывілей Вялікага Князя Казімера 1457 году, а адтуль – у Статут Літоўскі.

У сувязі з панаваньнем у ВКЛ беларускай мовы назіраўся факт пашырэньня яе таксама на жамойцка-аўкштоцкую шляхту, якая собскую мову ўважала за простую, мужыцкую і, пішучы свае хронікі, карысталася беларускай мовай, уважаючы яе за мову вышэйшую, як гэта бывае ў нацыянальна асыміляваных людзей.

 Licwin-Hudas-Krews заўважыў, што нельга гаварыць аб праве летувісаў да Менску ці да Берасьця толькі таму, што яны называліся Менскам Літоўскім і Берасьцем Літоўскім. Прысутнасьць на тэрыторыі Беларусі назоваў балцкага паходжаньня таксама ня сьведчыць аб яе летувіскім характары, таму што гэтакія назовы нармальныя ў балцка-славянскага народу, якім зьяўляюцца беларусы. 

Ніна Баршчэўская