„Europol” хоча змагацца з кібэрзлачыннасьцю ў Эўропе
Мільёны эўрапейскіх карыстальнікаў інтэрнэтам змогуць удзельнічаць у змаганьні з кібэрзлачыннасьцю. Зразумела, гэта пры ўмове, што стартуе праект, які падтрымлівае таксама Эўрапейскае бюро паліцыі (European Police Office) – эўрапейскае агенцтва паліцыі са штаб-кватэрай у Гаазе.
Кіраўнік офіса „Europol” Роб Уайнурайт (Rob Wainwright) прапануе заснаваць эўрапейскі цэнтар па барацьбе з арганізаванай кібэрзлачыннасьцю. Экспэрты цэнтру ня дзейнічалі б самі, але мелі б падтрымку карыстальнікаў інтэрнэту па ўсім сьвеце. Гаворка ідзе пра гэтак званы мэтад барацьбы „crowd-sourcing” – гэта значыць „калектыўная мудрасьць”.
Паводле офіса „Europol”, інтэрнэтная злачыннасьць становіцца ўсё больш небясьпечнай, закранаючы ня толькі праблемы кампутарных вірусаў, але таксама крадзеж дадзеных з банкаўскіх картак ці сакрэтнай інфармацыі.
Сучасныя кібэрзлачынцы маюць свой удзел таксама ў традыцыйнай злачыннасьці, як, напрыклад, гандаль наркотыкамі, людзьмі ці падатковыя махінацыі. Паводле агульных падлікаў, толькі ў мінулым годзе на тэрыторыі ўсяго Эўразьвязу злачынцы зарабілі каля 100 мільярдаў эўра.
Эўразьвязаўскі цэнтар па барацьбе з кібэрзлачыннасьцю павінен узьнікнуць цягам трох гадоў, зразумела, пры ўмове, што Эўрапейская камісія прызначыць на згаданую мэту адпаведныя сродкі.
Мапа руху вады ў акіянах
Эўрапейскія навукоўцы стварылі найбольш дэталёвую ў гісторыі мапу руху вады ў сусьветных акіянах. Усё гэта дзякуючы працы сучаснага кліматалягічнага й геафізычнага спадарожніка Goce (Gravity field and steady-state ocean circulation explorer).
Goce - выключны спадарожнік. Па-першае, ён рухаецца ніжэй, чым астатнія спадарожнікі, а значыць на вышыні 260 кілямэтраў. Па-другое, выглядае намнога больш эфэктыўна, чым нармальная гэткага роду касьмічная прылада. Па-трэцяе, ён аснаджаны надзвычай дакладнымі прыладамі, якія служаць вызначэньню сілы зямной гравітацыі.
„Гравітацыя на нашай плянэце мае пастаянны характар, але ёсьць невялікія розьніцы ў некаторых месцах. Goce ўмее іх адрозьніваць, што дае нам інфармацыю пра рух вады ў акіянах ды глыбокую структуру зямлі,” - гаворыць адзін з кіраўнікоў праекту доктар Роры Бінгхам.
На мапе добра відаць цёплыя крыніцы вады, якія пераадольваюць Атлянтычны акіян і абаграваюць Эўропу.
Паводле навукоўцаў, далейшыя дасьледаваньні, праведзеныя дзякуючы спадарожніку Goce, дапамогуць больш трапна прадугледжваць зьмены клімату.
Спадарожнік Goce павінен дзейнічаць цягам бліжэйшых двух гадоў.
Альтэрнатыўная мэдыцына небясьпечная для здароўя!?
Альтэрнатыўная мэдыцына можа быць небясьпечнай ды нават сьмяротна небясьпечнай для дзяцей.
Такім чынам пераконваюць навукоўцы з Аўстраліі, якія апублікавалі аналізы амаль 40 неардынарных выпадкаў тэрапіі, сярод якіх чатыры закончыліся сьмяротным зыходам. Прычым іх непасрэднай прычынай не былі альтэрнатыўныя лякарствы, але адсутнасьць выкарыстаньня мэтадаў лячэньня традыцыйнай мэдыцыны.
Паводле экспэртаў, натуральныя ці гомэапатычныя лекі часта проста не аказваюць ніякага ўзьдзеяньня на арганізм чалавека, і таму яны ня шкодзяць чалавеку.
Праблема ўзьнікае тады, калі пацыенты на адказ адмаўляюцца ад традыцыйнага лячэньня. Справа асабліва непакоіць у выпадку дзяцей, якія ня могуць прымаць нязалежных і самастойных рашэньняў адносна ўласнага здароўя.
Вынікі дасьледаваньняў апублікавала ангельскамоўнае мэдыцынскае выданьне Архівы дзіцячых хваробаў (Archives of Disease in Childhood).
На Мадагаскары знайшлі новага лямура
У лясах Мадагаскару знойдзены новы гатунак лямура. Гэта від малпы зь сям’і лямураў (Phaner furcife).
Новага лямура навукоўцы ўпершыню заўважылі на выспе ў 1995 годзе, аднак толькі сёлета каманда дасьледчыкаў BBC пацьвердзіла згаданае адкрыцьцё.
Чальцы групы пабачылі згаданага зьвяра на дрэве непадалёк свайго лягера. Навукоўцам удалося яго ўсыпіць і ўзяць пробу ДНК.
Адмыслоўцы хочуць назваць новы гатунак лямура Фанамбы - ад назвы арганізацыі, якая займаецца, між іншым, аховай лясоў Мадагаскару.
А.З.
Здымкі: wikipedia.pl