Учора прайшла інаўгурацыя старшынства Вугоршчыны ў Эўрапейскім Зьвязе. Гэта значыць, што гэтая краіна будзе кіраваць працамі Эўрасупольнасьці бліжэйшыя паўгоду. У ліпені вугорцаў заменяць палякі. Будапэшт вызначыў галоўныя палітычныя прыярытэты ЭЗ на гэты час.
Учора ў сталіцы Вугоршчыны Будапэшце адбылося сумеснае паседжаньне вугорскага ўраду й Эўрапейскай камісіі. У рамках паседжаньня прайшла сустрэча старшыні Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу й вугорскага прэм’ер-міністра Віктара Орбана. Былі вызначаныя асноўныя прыярытэты працы ЭЗ на бліжэйшыя паўгоду. Гэта ўмацаваньне эўра, пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу й павелічэньне энэргетычнай бясьпекі эўрапейскіх краінаў. Пра гэта на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі заявілі кіраўнікі Эўракамісіі ды вугорскага ўраду. З Будапэшту перадае карэспандэнт Польскага радыё Анджэй Невядоўскі.
Анджэй Невядоўскі: На супольнай прэсавай канфээнцыі вугорскі прэм'ер сказаў, што галоўнай мэтай выгорскага старшынства стане ўмацаваньне эўра. Таксама вугорцы хочуць запусьціць мэханізмы крызыснага кіраваньня ў ЭЗ. Дзеля захаваньня канкурэнтаздольнасьці Эўропы трэба зрабіць больш элястычным рынак працы ды павялічыць эфэктыўнасьць прадпрыемстваў.
Для Будапэшту – гэта першае старшынства ў ЭЗ. Дадатковай цяжкасьцю зьяўлаецца тое, што вугорцы пераймаюць старшынства ад Бэльгіі. Бэльгійскае старшынства прадстаўляецца як прыклад найлепшага кіраваньня справамі ЭЗ за апошні час. Бэльгійцы вельмі добра зарэкамэндавалі сябе, нягледзячы на эканамічны ды палітычны крызыс, які ахапіў Эўропу.
Ужо на самым пачатку вугорцы сутыкнуліся зь нехаваным скептыцызмам і крытыкай з боку эўрапейскай прэсы, перад усім з-за напружанай унутранай сытуацыі ды жаданьня любым коштам рэалізаваць свае мэты. Гаворыць будапэшцкі карэспандэнт газэты „Rzeczpospolita” Войцех Лёрэнц.
Войцех Лёрэнц: Ужо на самым пачатку вугорцы сутыкнуліся з нэгатыўнымі ацэнкамі ў заходняй прэсе. У асноўным з-за закону аб сродках масавай інфармацыі, а таксама з-за непрадказальнасьці вугорскіх правых сіл Віктара Орбана, якія дамінуюць на палітычнай сцэне краіны. Суседнія дзяржавы баяцца вяртаньня да рэвізіянісцкай палітыкі з боку Будапэшту, які пасьля Першай сусьветнай вайны страціў дзьве траціны сваёй тэрыторыі й дзьве траціны насельніцтва. Гэта выклікае непакой у суседзяў.
Вугорскае старшынства выклікае непакой і ў Польшчы, якая ў ліпені бягучага году пераймае старшынства ў ЭЗ якраз ад вугорцаў. На думку экспэрта Фонду „Demos Europa” Адама Бальцэра, унутраныя вугорскія праблемы могуць прывесьці да агульнаэўрапейскай напружанасьці. Гэта можа нэгатыўна паўплываць на польскае старшынства.
Адам Бальцэр: Я найбольш баюся таго, што вугорцы перагрызуцца паміж сабой. Гэта значыць, што яны закапаюцца ў сваіх унутраных праблемах, што мы ўжо бачым пры нагодзе закона аб друку альбо эканамічнай палітыкі. Гэта можа выклікаць вострую рэакцыю з боку Эўразьвязу. Такім чынам краіна, якая павінна быць арбітрам ды арганізоўваць працу ўсяго ЭЗ, будзе ў конфлікце зь іншымі краінамі ЭЗ падчас свайго старшынства. Гэта можа моцна пагоршыць імідж рэгіёну ў ЭЗ, які ўжо сапсавалі чэхі, адстаўкай ўраду падчас свайго старшынства. Калі вугорцы пакінуць пасьля сябе ў спадчыну канфлікты зь іншымі эўрапейскімі краінамі, Польшча будзе вымушана заняцца прыбіраньнем пасьля іх.
Аднак польскі бок адным з прыярытэтаў свайго старшынства выбраў усходнюю палітыку. Адным з элемэнтаў гэтай палітыкі зьяўляюцца адносіны зь Беларусьсю. Стала вядома, што на днях прадстаўнікі ЭЗ прынялі рашэньне пра стварэньне чорнага сьпісу супрацоўнікаў беларускага рэжыму, адказных за рэпрэсіі супраць беларускага грамадзтва ды апазыцыі, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыу ЭЗ. Над гэтым сьпісам ужо пачалі працаваць эўрапейскія экспэрты. З Брусэлю перадае Бэата Пламэцка, карэспандэнтка Польскага радыё.
Бэата Пламэцка: Пасьля разгону дэманстрацыі ды арыштаў у Менску Польшча запрапанавала, каб Эўразьвяз аднавіў візавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў. Гэтую прапанову на днях падтрымалі швэды, немцы й галяндцы. Рашуча супраць санкцыяў выступілі італьянцы. Летува й Латвія выступілі з крытыкай эфэктыўнасьці санкцыяў, кажучы, што гэтае рашэньне ў будучыні падштурхне Беларусь у бок Масквы. Рашэньне наконт санкцыяў і чорнага сьпісу чыноўнікаў будзе прынята напрыканцы месяца на паседжаньні эўрапейскіх міністраў замежных справаў. ЭЗ увёў мараторый на санкцыі тры гады таму пасьля таго, як Лукашэнка выпусьціў з турмаў палітычных вязьняў. Эўропа паверыла ў тое, што Беларусь хоча збліжэньня з Захадам.
У бліжэйшы год Эўразьвяз будзе больш увагі надаваць пытаньню Беларусі. Гэта адбудзецца дзякуючы вугорскаму й польскаму старшынству ў Эўрасупольнасьці. Палітыкі гэтых краінаў заявілі, што пытаньне Ўсходняй палітыкі будзе адным з прыярытэтаў для іх.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч