http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=146971

Экалёгія: ці генэтычна мадыфікаваныя арганізмы шкодныя?

09.01.2011

Тэмаю экалягічнай рубрыкі будуць генэтычна мадыфікаваныя арганізмы. Наш госьць выступае супраць ГМА й тлумачыць, чаму такія арганізмы могуць быць небясьпечныя для чалавека.

ГМА – гэта арганізмы, гены якіх мэтанакіравана зьмененыя чалавекам. Зьмены маюць трайны характар: 1. мяняецца актыўнасьць натуральных генаў арганізма, 2. у арганізм уводзяцца дадатковыя копіі ўласных генаў, 3. уведзены ген паходзіць з цалкам іншага гатунку. І гэта апошняе выклікае найбольшыя сумневы й спрэчкі розных асяродзьдзяў.

Мадыфікацыя мае на мэце, між іншым, павелічэньне імунітэту арганізма на шкодныя арганізмы, інфэкцыі, бактэрыі, грыбкі; павелічэньне імунітэту на кліматычныя зьмены; зьмену канцэтрацыі ў арганізьме вуглевадародаў ці вітамін; большую трываласьць і сьвежасьць садавіны й агародніны.

У сьвеце найчасьцей мадыфікаванымі расьлінамі зьяўляюцца кукуруза, памідоры, соя, бульба, бавоўна, тытунь і дыні. У Эўропе найчасьцей мадыфікуюцца кукуруза, рапс, цукровыя буракі й бульба.

У сёньняшняй перадачы мы аддамо голас праціўнікам ГМА. Госьцем зьяўляецца Эдыта Ярашэўска, польскі фэрмэр, яна вядзе экалягічнае фэрмэрства ў Заходне-Паморскім ваяводзтве Польшчы. Чалец кампаніі „Польшча свабодная ад ГМА”.

Эдыта Ярашэўска пачынае ад эканамічнай прычыны. Фэрмэры называюць яе „патэнтам на жыцьцё”.

Э. Ярашэўска: Фэрмэры губляюць кантроль над пасеянымі культурамі. Згодна з законам, нельга паўторна сеяць ураджай, які фэрмэры атрымалі зь генэтычна мадыфікаванага насеньня. Кожны раз трэба купляць новае й плаціць за ліцэнзію біятэхналягічнаму канцэрну. І гэта эканамічная пагроза, якая робіць фэрмэра залежным ад суб’екта, які мае шмат грошай, ад фірмы, якая можа дыктаваць умовы.

Далей гаворыцца пра ўплыў ГМА на навакольнае асяродзьдзе й здароўе чалавека. Ёсьць ужо шмат дасьледаваньняў, якія даказваюць шкоднасьць генэтычна зьмененых арганізмаў, асабліва шкоднасьць спажыцьця ГМА. Такія дасьледаваньні, зразумела, праводзяцца на жывёле.

Э. Ярашэўска: У жывёлы, якую кормяць генэтычна мадыфікаванымі кармамі, выступаюць небясьпечныя пашкоджаньні ўнутраных органаў, у прыватнасьці, пячонкі, нырак. Нядаўна мы сустракаліся з расейскай спэцыялісткай Ірынай Ермаковай, якая агучыла вынікі сваіх экспэрымэнтаў. Аказалася, што патомства жывёлы, якую кармілі ГМА, у 60% памірала. Асобнікі, якія выжывалі, мелі значныя зьмены ва ўнутраных органах, а нават выглядалі інакш - былі меншыя й слабейшыя. Далей аказалася, што трэцяга пакаленьня гэтай жывёлы не было, бо другое пакаленьне было бясплодным. Ніхто такіх дасьледаваньняў над людзьмі не вядзе, але здаецца, што іх можна перанесьці на чалавека. Ніхто ня дасьць гарантыі, што ня будзе такіх жа эфэктаў.

Праўціўнікі ГМА мяркуюць, што тэхналёгіі па вырошчваньні генэтычна зьмененых арганізмаў у дадзены момант зьяўляюцца вельмі недакладнымі. Эдыта Ярашэўска кажа, што яны не выступаюць за поўнае спыненьне дасьледаваньняў над ГМА. Аднак праціўнікі такіх арганізмаў мяркуюць, што дасьледаваньні павінны праводзіцца ў зачыненых лябараторыях.

Э. Ярашэўска: Выпуск ГМА у сьвет, у постаці камэрцыйных прадуктаў, зьяўляецца вельмі рызыкоўным і небясьпечным. Невядома, як усё закончыцца. Кожны фэрмэр ведае, што расьліны крыжуюцца паміж сабой, асабліва з групы капусных і рапсавых. У выніку можа аказацца, што нават няхочучы празь некалькі сэзонаў некаторыя расьліны становяцца генэтычна зьмененымі. Ніхто таксама не дасьледуе, як арганізмы ў глебе рэагуюць на таксычныя субстанцыі з такіх расьлін.

У гэтым месцы Эдыта Ярашэўска нагадвае, што генэтычна зьмененыя арганізмы ў натуральных умовах ніколі б ня ўзьніклі. Гэта арганізмы, у якія ўводзяцца цалкам чужыя гены. Напрыклад, у арганізмы расьлін ўводзяцца гены бактэрый, у гены жывёлы чалавечыя клеткі, каб атрымаць акрэсьленыя рысы, якіх натуральным чынам атрымаць ніколі ня ўдасца.

Так узьнікаюць расьліны, якія не баяцца шкодных насякомых.

Э. Ярашэўска: Такая расьліна сапраўды не баіцца канкрэтнага насякомага, але адначасова дрэнна ўплывае на іншыя арганізмы, якія патрэбныя ў навакольным кругазвароце. Такім чынам значна пагаршаецца біяразнастайнасьць. Дакладных дасьледаваньняў ніхто не праводзіць. А экспэрымэнты, на падставе якіх ГМА дапушчаныя ў абарот, фінансуюцца фірмамі, якія найбольш зацікаўленыя ў продажы ГМА. У сваю чаргу незалежныя дасьледчыкі ня маюць сродкаў, каб дасьледаваць наступствы спажываньня ГМА.

Усе краіны Эўразьвязу, а таксама іншыя краіны, як Беларусь, увялі абавязак інфармаваньня спажыўцоў аб тым, што дадзены прадукт утрымлівае ГМА. Такая інфармацыя павінна быць зьмешчаная на этыкетках. Аднак у большасьці выпадкаў гэтае патрабаваньне не выконваецца, а грошай на праверку такіх прадуктаў не хапае.

Э. Ярашэўска: Колькасьць кантроляў цягам году настолькі малая, што яна ніякім чынам не адлюстроўвае сапраўднасьці сытуацыі. Агромная частка перапрацаваных прадуктаў утрымлівае сою альбо яе паходныя, хопіць паглядзець на этыкетку. Цяжка знайсьці які-колечы прадукт, які б ня ўтрымліваў соі. 99% соі на рынку зьяўляецца генэтычна зьмененай. І становіцца зразумелым, што прадукты ўтрымліваюць дабаўкі ГМА. Зразумела, няма гаворкі пра азнакаваньне такіх прадуктаў. Іншы прыклад - гэта жывёла, якую кормяць зьмененымі кармамі, а мы п’ем іх малако, ямо яйкі, мяса, якія не азнакаваныя.

Эдыта Ярашэўска адзначае, што ў Польшчы адзінай гарантыяй, што прадукт ня мае дабавак ГМА, зьяўляецца сэртыфікат Экалягічнага таварыства.

Алена Пытэль