http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=147234

НАВУКА Й ТЭХНІКА

13.01.2011

Міжнародны год хіміі

2011 год абвешчаны Міжнародным годам хіміі – нагадваюць арганізатары ініцыятывы, у тым ліку экспэрты навуковага агенцтва UNESCO.

Тым часам выдаўцы прэстыжнага навуковага тыднёвіка „Nature” падкрэсьліваюць, што хімія не павінна зводзіцца выключна да тэорыі, але актыўна дапамагаць у рашэньні штодзённых праблемаў чалавека.

Дзеля гэтага, паводле адмыслоўцаў, неабходна аднак памяняць агульнае стаўленьне да згаданай навукі. Гаворка ідзе пра тое, каб дзякуючы хіміі людзі лепш спраўляліся з праблемамі, датычнымі сфэры харчаваньня, энэргіі ці доступу да чыстай вады.

Таму ў сваёй працы хімікі павінны кіравацца цікавасьцю, якая перш за ўсё павінна весьці да рашэньня практычных праблемаў.

Год хіміі будзе асаблівым чынам адзначацца таксама ў Польшчы, паколькі 2011 год быў абвешчаны годам Марыі Складоўскай-Кюры – адзінай жанчыны, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію ў дзьвюх галінах: фізыцы й хіміі.

Як зьменшыць кошты ачышчэньня Варшавы ад сьнегу?

Хаця прэзыдэнт гораду Варшава Ганна Гранкевіч-Вальц сур’ёзна задумоўвалася, ці замест хімічных сродкаў на вуліцах гораду не выкарыстоўваць жвіру, пакуль зьменаў у сыстэме ачышчэньня ня будзе.

Паводле гарадзкіх чыноўнікаў, аналізы й параўнаньне спосабаў, якімі палякі спраўляюцца зь зімою, з тым, як са згаданай праблемай спраўляюцца іншыя эўрапейскія краіны, даказваюць, што ў Польшчы выкарыстоўваньне жвіру не аплoчваецца. Таму й зьмены спосабу прыбіраньня гораду ад сьнегу ня будзе – тлумачыць Томаш Андрышчык.

Томаш Андрышчык: Польшча ў іншай сытуацыі, чым, напрыклад, скандынаўскія краіны, у якіх сьнег ляжыць пастаянна цягам некалькіх месяцаў угод. У Варшаве зіма то наступае, то адступае, то зноў наступае. Таму экспэрты выказваюць сур’ёзныя сумневы наконт выкарыстаньня жвіру. Згаданы мэтад апраўдваецца ў тых краінах, дзе сьнег ляжыць даўжэйшы час.

- пераконвае прэс-сакратар варшаўскай мэрыі, якая шукае спосабаў зьмяншэьня выдаткаў на штогадовую барацьбу зь зімою.

Кожны год улады польскай сталіцы прызначаюць на прыбіраньне гораду ад сьнегу каля 100 мільёнаў злотых (25 мільёнаў эўра). Сёлета на згаданую мэту яны выдаткавалі ўжо каля 20 мільёнаў злотых (5 мільёнаў эўра).  

Сэнсацыйная знаходка ў Ізраілі

У Ізраілі архэолягі знайшлі парэшткі, праўдападобна, найстарэйшага прадстаўніка гатунку homo sapiens.

Сэнсацыйная знаходка, якая налічвае, відаць, каля 400 тысячаў гадоў, можа суцэльна памяняць сучасны падыход да гісторыі эвалюцыі чалавека.

Архэолягі з Унівэрсытэту ў Тэль-Авіве дасьледавалі пячору Касэм (Qassem), якая была адкрытая 10 гадоў таму.

„Цягам апошніх некалькіх гадоў мы знайшлі фрагмэнт чэрапа, надта малы, каб што-колечы пра яго сказаць. Мы знайшлі таксама зубы,” – распавядаў кіраўнік групы навукоўцаў прафэсар Авіў Гофэр (Aviv Gopher). На яго думку, знаходкі нагадваюць зубы сучаснага чалавека. Апрача таго, былі знойдзеныя сьляды ўжываньня агню, вытворчасьці прыладаў з крэменю й сьляды паляваньняў.

Калі ўсё гэта фактычна адбывалася 400 тысячаў гадоў таму, дык гэта значыць, што чалавек узьнік зусім інакш і раней, чым да гэтай пары меркавалася.

Дагэтуль многія навукоўы лічылі, што гатунак homo sapiens нарадзіўся ў Афрыцы ды некалькі дзясяткаў тысячаў гадоў таму эміграваў праз Блізкі Ўсход у Эўропу й Азію.

Найноўшая знаходка ў Ізраілі ды падобныя знаходкі ў Кітаі ці Гішпаніі сьведчаць пра тое, што на самой справе магло быць зусім па-другому.

Чат з экспэртамі NASA

У апошні панядзелак прафэсійныя астраномы й аматары згаданай галіны, у тым ліку таксама з Польшчы ці Беларусі, маглі паставіць пытаньне экспэртам Амэрыканскага касьмічнага агенцтва.

Усё гэта ў рамках арганізаванай NASA дыскусіі на тэму экзаплянэтаў – плянэтаў пазасонечнай сыстэмы. Каб атрымаць адказ на пытаньне, дастаткова было ўвайсьці на сайт агенцтва а 21.30 паводле польскага часу. На пытаньні аматараў астраноміі адказвала доктар Наталі Батал (Natalie Batalha) – каардынатарка місіі Кэплер.

У рамках згаданага праекту адмысловы касьмічны тэлескоп шукае экзаплянэтаў. Місія будзе працягвацца яшчэ тры бліжэйшыя гады.

Чат зь інтэрнаўтамі супаў у часе з прэс-канфэрэнцыяй у Сіетле, падчас якой NASA паведаміла пра адкрыцьцё новай пазасонечнай зоркі. Гэткага роду зоркі асабліва цікавяць экспэртаў, паколькі некаторыя зь іх знаходзяцца ў гэтак званай экасфэры, а значыць у зоне, у якой можа ўзьнікнуць жыцьцё. Да гэтай пары навукоўцы адкрылі некалькі сотняў экзаплянэтаў. Тры першыя адкрыў 20 гадоў таму польскі астраном Аляксандар Вольшчан.

Падрыхтавала Анна Задрожна.

Здымкі: wikipedia.pl