http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=147356

Шчырк: лыжы й сноўбард

14.01.2011

Сёньня, паважаныя радыёслухачы, у нашым радыёпадарожжы прапануем наведаць чарговы польскі зімовы курорт. Праўда, цяпер у Польшчы адліга ды амаль няма сьнегу, аднак сыноптыкі цягам бліжэйшых двух тыдняў абяцаюць вяртаньне зімы ды сьнегападаў. Такім чынам, умовы для горналыжнага спорту зноўку будуць адпаведныя. Гарадок Шчырк – бо пра яго сёньня пагаворым -  знаходзіцца на поўдні краіны, у гарах Бэскіды. Насельніцтва Шчырка складае ўсяго каля 6 тыс. чалавек. Зразумела, што ў зімовым сэзоне тут мноства турыстаў ды адпачываючых, колькасьць якіх у некалькі разоў перавышае лічбу жыхароў. У Шчырк прыязджаюць на лыжы, каб пакатацца з горных спускаў, але перш за ўсё горад вядомы як месца адпачынку снаўбардзістаў. Дарэчы, недалёка Шчырка разьмешчаныя іншыя горналыжныя цэнтры – Вісла й Жывец, вядомыя курорты ў гарах Бэскід Сілескі.     

Упершыню ў пісьмовых крыніцах горад узгадваецца ў 15-м стагодзьдзі. Пасьля падзелу Польшчы ў канцы 18-га стагодзьдзя Шчырк уваходзіў у склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Пасьля Першай сусьветнай вайны гарадок у складзе Польшчы, менавіта тады пачынае разьвівацца турызм. Першай начлежнай базай для турстаў былі аўстрыйскія казармы й лазарэты. У 20-я гады мінулага стагодзьдзя ў Шчырк прыязджалі фабрыканты з цэлай Польшчы, пачалі будавацца вілы, пансіянаты й турыстычныя цэнтры. Першы цэнтар быў пабудаваны ў 1927 годзе. Агулам да Другой сусьветнай вайны ў Шчырку паўстала больш за 10 пансіянатаў, пачалася мадэрнізацыя галоўнай дарогі, якая спалучае Шчырк з горадам Бельска-Бяла. Дарэчы, мадэрнізацыя праходзіла даволі павольна па прычыне складаных атмасфэрных умоваў у гарах і гарыстай мясцовасьці. У 1973 годзе Шчырк атрымаў гарадзкія правы.

У Шчырку створаны ўсе ўмовы для адпачынку турыстаў і для горналыжнага спорту. Тут многа лыжных трас, а таксама некалькі траплінаў, на якіх праходзяць міжнародныя спаборніцтвы ў скоках, працуюць пад’ёмнікі. Як узгадвалася, Шчырк лічыцца адной з польскіх сталіц сноўбарду. Гатэльная база таксама падрыхтаваная для прыняцьця турыстаў, у Шчырку многа пунктаў харчаваньня. Так што запрашаем у Шчырк, у сапраўдныя горы зь іх зімовым хараством! Перад выездам раім забраніраваць месца, бо сэзон у разгары, і турысты ды аматары зімовага спорту масава едуць у горы.

вс