http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=147703

Салідарныя зь Беларусьсю

20.01.2011

Учора ў розных эўрапейскіх гарадах прайшлі акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, з тымі, хто стаў ахвярамі брутальных рэпрэсіяў беларускіх уладаў. Мы паразмаўлялі з арганізатарамі такіх акцыяў у Варшаве ды Вільні.

Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю праходзяць з 19-га сьнежня, калі ў Беларусі скончылася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, а пачалася кампанія палітычных рэпрэсіяў. Ужо месяц людзі з розных краінаў пішуць лісты падтрымкі, заклікі, выходзяць на вуліцу альбо пікетуюць беларускія дзяржаўныя ўстановы. Учора сваю салідарнасьць ды падтрымку беларускім прыхільнікам дэмакратыі й палітзьняволеным дэманстравалі ў Гаазе, Бэрліне, Нью-Ёрку, Стакгольме, Брусэлі, Варшаве, Вільні ды іншых гарадах. Сёньня адбудзецца пікет салідарнасьці ў Страсбурзе, дзе эўрапейскі парлямэнт прымае рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі. Больш падрабязна распавядае Вольга Стужынская з Офісу дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі.

Вольга Стужынская: Некалькі дзён таму, калі праходзілі дэбаты па Беларусі, адбыўся пікет салідарнасьці перад Эўрапейскім парлямэнтам. Сёньня ў Страсбурзе павінен адбыцца пікет, калі прымаецца рэзалюцыя па Беларусі.

Мы зьвязаліся з арганізатарамі акцыяў салідарнасьці ў Варшаве й Вільні. Гэта беларусы, якія жывуць у гэтых гарадах, а таксама палякі ды летувісы. Пра варшаўскія акцыі распавядае Зьміцер Бародка з „Эўрапейскай Беларусі”.

Зьміцер Бародка: Была акцыя салідарнасьці каля амбасады - а 13-й гадзіне, а потым а 18-й гадзіне. Таксама з 16-й да 18-й ладзілася акцыя ў цэнтры горада. Гэта быў пікет з нацыянальнымі ды эўрапейскімі сьцягамі. Мы трымалі вялікі партрэт з выявай Даніка Саньнікава. Раздавалі мінакам улёткі з апісаньнем сытуацыі ў Беларусі, дзе дзясяткі й сотні беларускіх дзетак страцілі сваіх бацькоў, бо адныя сядзяць за кратамі, другія вымушыныя зьехаць, а трэція хаваюцца альбо знаходзяцца ў „падвешаным” стане.

Некалькі акцыяў салідарнасьці адбылося ў Вільні. Арганізатарамі выступіла літоўская моладзь ды „Belarus watch” – летувіская няўрадавая ініцыятыва. Распавядае старшыня гэтай установы Мар’яна Ільіна.

Мар’яна Ільіна: Учора мы бралі ўдзел у дзьвюх акцыях салідарнасьці. Першая адбылася а 12-й гадзіне, яе арганізавалі летувіскія моладзевыя арганізацыі, яна называлася „цуда для Беларусі”. У Вільні на Катэдральнай плошчы ёсьць цудадзейная плітка, на якую можна стаць і загадаць жаданьне. Людзі прыходзілі й загадвалі пажаданьні для беларусаў. Потым „Belarus watch” арганізавала яшчэ адно мерапрыемства. Гэта быў вечар, прысьвечаны асабістым гісторыям тых людзей, якія былі 19-га сьнежня на плошчы ў Менску.

Нягледзячы на свае ўласныя праблемы, палякі ды летувісы выказвалі зацікаўленасьць тым, што адбываецца ў Беларусі. Прыходзілі людзі, якія выказвалі намер дапамагчы, распавядае Зьміцер Бародка.

Зьміцер Бародка: Зацікаўленасьць была, падыходзілі людзі, выказвалі словы салідарнасьці. Некаторыя прыходзілі з прапановамі. Дарэчы, мы сустрэлі беларусаў палітычна незаангажаваных, якія падыходзілі й выказвалі спачуваньне ды намер далучыцца. Для нас гэта важна.

У Летуве таксама ёсьць інтарэс да беларускай тэмы, асабліва сярод моладзі, якая выступае за адмену візавых абмежаваньняў для Беларусі. Гаворыць Мар’яна Ільіна.

Мар’яна Ільіна: Большасьць людзей ня ведаюць дакладна, што адбываецца ў Беларусі - яны сканцэнтраваныя на тым, як жывецца ў Летуве. Тыя людзі, якія цікавяцца тым, што адбываецца ў суседа, выказваюць салідарнасьць. Ёсьць зацікаўленасьць у грамадзтве гэтай тэмай.

А акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю будуць надалей праходзіць у розных гарадах Эўропы й сьвету.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч