http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=147777

Пласіда Дамінга адзначае 70 гадоў

21.01.2011

Пласіда Дамінга, сусьветнавядомы гішпанскі опэрны сьпевак, сёньня адзначае 70 гадоў.

Маючы надзвычай прыгожы тэмбр голасу й дасканалую вакальную тэхніку, артыст выступае на опэрных сцэнах цэлага сьвету. Ён выканаў больш за 130 роляў, правёў 3,5 тысячы выступаў, мае дзясяткі дыскаў і посьпехі ў музычных фільмах.

Пад канец 60-х гадоў Пласіда Дамінга паявіўся на эўрапейскіх сцэнах, потым дэбютаваў у нью-ёрскай Metropolitan Opera. У 1990 ён упершыню выступіў у Рыме на канцэрце трох тэнараў разам зь Лючана Павароцьці й Хасэ Карэрасам.

Вядомы гішпанскі тэнар некалькі разоў быў у Польшчы. Упершыню выступіў у 1992 годзе ў Забжы. У 2003 прыехаў на ўручэньне тытула доктара навук honoris causа Музычнай акадэміі ў Варшаве. Пласіда Дамінга казаў тады аб тым, якое вялікае значэньне для яго мае музыка.

П. Дамінга: Мае бацькі далі мне падвойнае жыцьцё: раз як чалавеку, але таксама далі мне музычнае жыцьцё. З самога дзяцінства, яшчэ ў калысцы, я слухаў музыку, і яна застаецца вельмі глыбока ў маім сэрцы. Я спадзяюся, што крышку гэтай музыкі змагу падарыць Польшчы.

Нарадзіўся Пласіда Дамінга 21 студзеня 1941 году ў Мадрыдзе. Тэнарскі дэбют ён меў у Мэксыцы, дзе навучаўся ў музычнай кансэрваторыі. Там Дамінга таксама атрымаў сваю першую перамогу ў музычнай кансэрваторыі. Сам сьпявак часта дырыжыруе аркестрам. Ён зьняўся ў фільмах „Травіята” Франка Дзэфірэлі й „Кармэн” Франка Россі. Тэнар атрымаў агромную колькасьць узнагародаў, між іншым, дзесяць разоў прэмію Грэмі.

ап