Прадстаўнікі Ватыкану й Рымскай дыяцэзіі абмеркавалі падрабязнасьці арганізацыі ўрачыстасьцяў з нагоды бэатыфікацыі Яна Паўла ІІ, якая адбудзецца ў нядзелю 1 траўня. Неўзабаве да падрыхтоўкі ўрачыстасьцяў далучацца прадстаўнікі ўладаў «Вечнага гораду».
Вядучую ролю ў арганізацыі й правядзеньні ўрачыстасьцяў будзе выконваць Ватыкан. Аднак прадстаўнікоў рымскай ратушы й рымскай дыяцэзіі таксама чакае шмат працы, паведаміў Польскаму радыё Джанлюка Скарніччы, прадстаўнік Рымскага магістрату, адказны за падрыхтоўку горада.
Джанлюка Скарнічы: У панядзелак адбылася сустрэча прадстаўнікоў Ватыкану з прадстаўнікамі Рымскай курыі, на якой былі прынятыя асноўныя рашэньні. Цяпер надышла пара абмеркаваць гэтыя пытаньні з уладамі Рыму.
Перад арганізатарамі бэатыфікацыйных урачыстасьцяў сапраўды шмат працы. Да падзеі засталося крыху больш за 3 месяцы, а яшчэ невядомая дакладная лічба паломнікаў, якія прыедуць у Рым. Яна вагаецца ад 1 да 3 мільёнаў асобаў. Паколькі Пляц сьвятога Пятра можа зьмясьціць крыху больш за 150 тысяч вернікаў, то неабходна знайсьці й падрыхтаваць месцы для іншых паломнікаў. Альтэрнатываю могуць быць гандлёвыя тэрыторыі на ўзьбярэжжы гораду, дзе можна таксама стварыць намётавае мястэчка для паломнікаў, якія могуць спаць у гэтак званых спартанскіх умовах.
У Рым на бэатыфікацыю свайго суайчыньніка зьбіраюцца нават 2 мільёны палякаў. І хаця на Пляц сьвятога Пятра ня змогуць патрапіць усе жадаючыя, то аптымізм нікога не пакідае.
Спадарыня: Мы будзем рабіць усё магчымае, каб патрапіць туды, бо для нас гэта вялікае сьвята.
Дарэчы, у Рыме ўжо няма свабодных месцаў у гатэлях сярэдняга клясу й Дамах паломнікаў. Дырэктар аднаго з такіх дамоў ксёндз Ян Глуўчык кажа, што ў іх свабодных месцаў ня стала цягам некалькіх гадзінаў пасьля абвяшчэньня даты бэатыфікацыі.
Кс. Ян Глуўчык: У нашым Доме паломніка ўжо няма месцаў, усе былі зарэзэрваваныя імгненна.
Амаль адразу пасьля абвяшчэньня даты бэатыфікацыі зацікаўленыя пачалі рэзэрваваць месцы. Рэзэрвавалі месцы нават звычайныя тур-апэратары, паколькі арганізацыя выездаў на бэатыфікацыю Яна Паўла ІІ можа быць „залатой жылай”. „Залаты інтарэс” пачулі ў паветры таксама ўладальнікі гатэляў у Рыме, паколькі цэны начлегаў вырасьлі нават у 4 разы, за адну ноч трэба заплаціць ад 80 да 100 эўра.
Урачыстая бэатыфікацыя пачнецца 1 траўня а 10-й гадзіне. Бэатыфікацыю Яна Паўла ІІ правядзе асабіста Бэнэдыкт XVI.
У Базыліцы сьвятога Пятра ўжо пачаліся працы па пераносцы цела Яна Паўла ІІ з Ватыканскіх падзямельляў у Капліцу сьвятога Сэбастыяна, якая знаходзіцца ў правай частцы базылікі паміж П’етай Мікеланджэла й капліцай Найсьвяцейшага таінства. Цела Яна Паўла ІІ будзе перанесена на новае месца адразу пасьля ўрачыстай бэатыфікацыі.
KP