http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=148243

Шляхам гатычнай архітэктуры

28.01.2011

Шляхам гатычнай архітэктуры

Сёньня, шаноўныя слухачы, мы хацелі б вас пазнаёміць зь вельмі цікавым турыстычным маршрутам у Польшчы. Гэта маршрут называецца «Шляхам гатычнай архітэктуры». Гатычная архітэктура асацыюецца ў першую чаргу з Заходняй Эўропай. Аднак гатычную архітэктуру можна пабачыць і ў суседняй зь Беларусьсю Польшчы. Сёньня мы распавядзём вам пра тое, як гэта можна зрабіць.

Апошнім часам папулярным напрамкам паездак беларускіх турыстаў у Польшчу стала Закапанэ. Побыт у гэтым польскім курорце можна ўзбагаціць наведваньнем навакольных мясцовасьцяў, дзе знаходзіцца шмат цікавых помнікаў менавіта гатычнай архітэктуры. Гэта драўляныя касьцёлы горцаў з Падгаля, велічныя мураваныя замкі польскага Сьпішу ды магнацкія сядзібы. Каб наведаць усе навакольныя цікавыя месцы, вам спатрэбяцца два дні.

Наша экскурсія пачынаецца, як мы ўжо казалі, у Закапанэ. З гэтага горада трэба паехаць у Новы Тарг, дзе варта наведаць касьцёл сьвятой Катажыны, дзе знаходзіцца гатычны алтар з XIV стагодзьдзя. На гарадзкіх могілках знаходзіцца касьцёл Сьвятой Анны з XV стагодзьдзя .

Наступнае месца нашай экскурсіі: мястэчка Лапушна. Тут знаходзіцца касьцёл з 1500 году й цікавы Музэй шляхецкай культуры, у старадаўняй сядзібе.

З Лапушнай варта паехаць у Гарклова, тут знаходзіцца яшчэ адзін гістарычны касьцёл, пабудаваны напрыканцы XIV стагодзьдзя.

Наступны прыпынак: вёска Фрыдман. Тут месьціцца мураваны гатычны касьцёл і сапраўдны рыцарскі замак з XVI стагодзьдзя. З Фрудмана варта паехаць у Дэмбна падгалянскае, дзе знаходзіцца драўляны гатычны касьцёл сьвятога Міхала, зь першай паловы XIV стагодзьдзя. Гэты помнік унесены ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Пасьля Дэмбна варта завітаць у Клюшковец, дзе можна пазнаёміцца з больш сучаснай архітэктурай — гэта драўляныя нэагатычныя вілы з XIX стагодзьдзя. Побач з Клюшкоўцам знаходзіцца Чорштын, дзе можна акунуцца напоўніцу ў самае сапраўднае Сярэднявечча. Усё гэта дзякуючы маляўнічым руінам рыцарскага замку з XIV стагодзьдзя. Замак быў пабудаваны на высокім пагорку, адкуль адкрываецца цудоўная панарама ракі Дунаец і Чарштынскае возера.

Наступны пункт экскурсіі — гэта Грывальд, дзе месьціцца драўляны касьцёл з  XV стагодзьдзя. Пасьля Грывальда вас чакае Нядзіца, з дасканала захаваным сярэднявечным магнацкім замкам. У трох кілямэтрах ад горада, у невялічкай вёсачцы, знаходзіцца сапраўдная жамчужына архітэктуры —  мураваны гатычны касьцёл з 1320 году, з каштоўным унутраным аздабленьнем. Напрыклад, паліхромія з 1410 году.

Мы прапануем закончыць нашу экскурсію ў мястэчку Трыбша, дзе варта зазірнуць у мясцовы касьцёл, пабудаваны ў 1567 годзе, з прыгожай паліхроміяй з  XVII стагодзьдзя. Яшчэ адна цікавінка тутэйшага касьцёла — гэта найстарэйшая панарама гор Татры.

юл